Вы тут

Не баяцца ваўкоў


Вядомая прыказка папярэджвае: бярэшся за справу — ведай пра рызыку.

Што да пісьменнікаў, многія застаюцца глухімі да народнай мудрасці. Пішуць, выдаюць, пасля здзіўляюцца, калі чуюць водгукі, не самыя для іх прыемныя. Абураюцца. «Я ж пісаў!» — крычыць маленькае эга і тупае ножкамі.


Але пачуць меркаванне пра сваю работу — яшчэ не самае страшнае. Страшна — рашыцца на гранічную шчырасць. Адмовіцца ад надуманых жарсцяў на карысць сапраўдных, плоцевых страхаў. Пры гэтым не пакідаць чытача ў тумане здагадак, але выдаць сваю гісторыю.

Назваўшы дэбютную кнігу паэзіі «Страхам вышыні», Ганна Комар пацэліла ў яблычка (надкусанае Евай). Каб зразумець, наколькі гэтая назва выпакутаваная, жывая, пазбаўленая літаратуршчыны, трэба прайсці ўвесь шлях разам з аўтаркай. Трэба навучыцца чуць, бо без паглыблення ў свет паэта вы не зможаце зразумець, колькі моцы ўкладзена ў тонкія, як дзявочыя запясці, радкі. Гэта крохкасць, якая самою сваёй слабасцю выяўляе вялікую сілу, мужнасць. Сапраўды, калі б не «Страх вышыні», дэбют гэты можна было б назваць «Кнігай мужнасці».

Абіраючы аб’ектам паэтычнага доследу ўласныя страхі, памылкі, комплексы, заўжды рызыкуеш апынуцца па іншы бок драмы — там, дзе шчырасць робіцца таннай драматызацыяй. Ганна Комар утрымалася ад гэтага. Нават больш: па яе нязменна спакойнай інтанацыі відаць, што такой барацьбы — між сапраўдным і літаратуршчынай — увогуле не было. Мера ўнутранае свабоды парадаксальным чынам адлюстроўваецца ў колькасці выкрытых страхаў. Выкрытых самім сабою і для сябе, зразумела. Ганна Комар не страшыцца раскрываць іх і для іншых. Зрэшты, тут няма вялікай рызыкі: няўважлівы пройдзе міма, а той, хто ўсё ж зразумее, безумоўна, акажацца чалавекам чуйным і разумным.

Вершы «Страху вышыні» — як магічныя малюнкі, з дапамогай якіх дзіця пазбаўляецца спуду. Калі напужаны дзікім сабакам дзіцёнак заходзіцца ў плачы, маці кажа: намалюй яго, свой страх. І ты старанна адлюстроўваеш монстра, і малюнак спальваецца. Такі творчы рытуал ачышчэння.

Для Ганны гэтыя малюнкі — вербальныя.

Зразумела, аднае смеласці ды шчырасці замала для таго, каб дэбютная кніга сталася заўважнай, сталася мастацкай з’явай. Тут не абысціся без літаратурнага таленту. З вызначэннямі гэтага абстрактнага панятку могуць быць складанасці, але адно неаспрэчна: ён спалучае пачуццё меры, банальную пісьменнасць, стылістычную ахайнасць, арыгінальную думку (г. зн. не эпігонства). Арыгінальнасць цягне за сабой яркі вобраз, мастацкае адкрыццё, якое не толькі здзівіць, але й дае эстэтычнае задавальненне. Як вы маглі зразумець, усё гэта ў «Страху вышыні» ёсць.

Вецер вяртае нам позіркі,

што мы кідаем у бок акіяну…

Даволі часта Ганна Комар выкарыстоўвае вобраз лялькі — часам мілай, часам кранальнай, часам — жудаснай праз тое, што робяць з ёю. Залежны стан жанчыны, утылітарнае да яе стаўленне ў патрыярхальным грамадстве — тэма, якая ў паэзіі спадарыні Ганны гучыць, і гучыць моцна. Найперш таму, што раскрываецца праз асабістую гісторыю. Бездапаможна выглядаюць радкі, што крычаць пра агульную, абстрактную несправядлівасць, а ў Ганны Комар такіх акурат няма. Добры густ выдае ў аўтарцы зацятага чытача.

Тэматычна паэзія Ганны Комар блізкая «Цырку» Юлі Цімафеевай. Але самою прыродай сваёй, бязлітаснай шчырасцю яна, безумоўна, нагадвае паэзію Вікі Трэнас. Пры ўсім тым застаючыся самою сабой, застаючыся паэзіяй Ганны Комар.

Наста ГРЫШЧУК

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.