Вы тут

Розныя кампаненты


Мяккасць ліній і слоў Алены Зінскі

Неаднойчы ў нашым выданні абмяркоўвалася тэма развіцця і папулярызацыі маладога мастацтва ў краіне. Маладыя аўтары ў прамым сэнсе перасталі хавацца за спінамі старэйшага пакалення ды пачалі прапаноўваць і, што вельмі важна, рэалізоўваць арыгінальныя ідэі.


Мастачка Алена Зінскі

У Беларусі з’яўляюцца мастакі, якія без дапамогі нейкіх спецыяльных структур арганізоўваюць праекты і прасоўваюць сваю творчасць. Яркі прыклад такога падыходу — мастачка і паэтка Алена Зінскі. Яна аўтар паэтычнага зборніка «Запiскi ў шляху», суаўтар анталогіі «Калі ўяўляю Лондан...», аўтар знакамітага блога аб паэзіі і мастацтве «Пералётная птушка».

Сёлета Алена Зінскі прадставіла сваю першую выстаўку з філасофскай назвай «Часткі цэлага» (праект ладзіўся ў Мастацкай галерэі імя Міхаіла Савіцкага). Чапляла шчырасць: аўтар цалкам адкрыла душу для гледача, які хацеў зразумець, пра што яе творы. У прадмове да праекта было напісана, што экспазіцыя — гэта запрашэнне да знаёмства. Так і адбылося.

— Калі я толькі пачынала захапляцца жывапісам, мне хацелася розных гісторый, — расказвае Алена Зінскі. — Таму мае работы ніколі не былі безэмацыйнымі альбо імгненнымі — у іх адлюстравана жыццё, як яго адчула я сама. У маіх творах можна сустрэць людзей, розных істот, якія складаюць наш свет, робяць яго светлым і добрым. Я вельмі люблю якасную паперу. Мне здаецца, што менавіта яна надае карціне вытанчанасць, гармонію. Я натхняюся колерам. Некаторыя мае карціны напісаны на індыйскай паперы. Яна адрозніваецца тэкстурай, з ёй няпроста працаваць, але вынік таго варты: спалучэнне фарбаў на ёй — таксама мастацтва. Нават свайго роду даследаванне: адзін колер можа прыгожа дапаўняць іншы альбо, наадварот, наогул сапсаваць эфект папярэдняга.

«Terra» (алейная пастэль), 2017 г.

Алена захапляецца не толькі мастацтвам, але і паэзіяй і пастаянна ў пошуках ідэй. Калі пачытаць яе вершы, адчуваеш, што некаторыя сцэны сюжэтаў ты ўжо бачыў на яе мастацкіх творах. Жывапіс мастачкі абстрактны, але ты ўсё роўна адчуваеш мяккасць слоў і мастацкіх ліній.

— Я вельмі люблю абстрактнае мастацтва, таму што яно падобна да паэзіі, — адзначае Алена. — Калі гаворым пра мастацтва, то разумеем, што ў ім павінна быць захаваная гісторыя; калі разважаем пра паэзію, разумеем, што аўтару важна захаваць эмоцыю. Таксама і абстрактны жывапіс фарміруе эмоцыю, адлюстроўвае, што ўнутры. Аднак я адчуваю абсалютна розныя эмоцыі, калі працую са словам і з фарбамі. Калі я пішу вершы, то вельмі напружваюся, засяроджваюся на дэталях, а калі малюю — цалкам расслабляюся, сыходжу ў творчасць і абстрагуюся ад асяроддзя. Гэта па-свойму рэфлексія, я паглыбляюся ў той свет, застаюся сам-насам з думкамі і творчасцю. Атрымліваецца, што ў працэсе творчасці, як літаратурнай, так і мастацкай, удзельнічаюць абсалютна розныя кампаненты маёй істоты.

Цікава назіраць і за тым, як Алена свае творы афармляе. Вы не ўбачыце карцін у простых, звычайных рамах. У мастачкі ёсць твор пад назвай «Aqua», невялікі па памеры, але ж аздоблены маштабнай адмысловай рамай: мастачка лічыць, што вада і рыбы — гэта часткі вялікага свету, сапраўды бязмежнае царства, пра што павінна сведчыць годная аправа.

Тое ж і з назвамі твораў: калі Алена шукае назву для карціны, то быццам прыдумляе загадку, якую глядач, калі ў яго будзе жаданне, зможа разгадаць. Аўтар не любіць выпадковасцяў, усе назвы яе работ былі дакладна прадуманымі. А вось пра гледача падчас працы Алена не думае. Таксама ніколі не просіць гледачоў адгадваць сваю ідэю: і ў літаратурнай творчасці, і ў мастацтве яна любіць сам працэс. Для яе самая істотная гармонія — паміж сабой і тым, што яна робіць. Алена ўпэўнена, што, калі ўкладаеш у твор душу, ён будзе ацэнены.

«Часткі цэлага» (калаж с элементамі алейнай пастэлі), 2017 г

Асноўную частку твораў Алены Зінскі складаюць калажы і партрэты. Партрэты прыцягваюць, нібы ў іх схаваны важны сакрэт, які можаш разгадаць менавіта ты.

— У мяне ёсць аўтапартрэт, які я напісала шмат гадоў таму. І дзіўна: тады я не была падобная да сябе. А цяпер, калі прайшоў час, я копія таго, што можна ўбачыць на партрэце, — кажа мастачка. — Ведаеце, гэта нейкае прадчуванне, разуменне таго, якім ты хочаш бачыць сябе ў будучыні. Я заўважаю, як мастацтва, якое сталее, становіцца актуальным, цікавым і жывым. Яно абрастае рознымі гісторыямі, якія здараюцца як з самой карцінай, так і з яе аўтарам, у ім з’яўляецца шмат новых сэнсаў. Калісьці даўно я намалявала цяжарную дзяўчыну. Гэта была мая студэнтка. Калі я пісала карціну, у нас зайшла гаворка пра тое, што падчас цяжарнасці ў жанчыне жыве два сэрцы, і гэта было дзіўна для мяне. Праз шмат гадоў, калі сама зацяжарыла, адчула ўсю энергію гэтай карціны, быццам сама стала яе часткай.

Мастачка працягвае развіваць сваю паэтычную і мастацкую творчасць, жадае паўдзельнічаць у рэспубліканскіх праектах і паспрабаваць свае сілы на вялікай выставачнай пляцоўцы.

Вікторыя АСКЕРА

Фота Вікторыя Аскера

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.