Вы тут

Страва для цела і душы: два ў адным


Напрыканцы лета аматары мастацтва даведаліся, што адна з самых папулярных выставачных пляцовак Мінска — «Дом карцін» — закрываецца. Затое літаральна праз месяц з’явілася інфармацыя, што ў сталіцы адкрываецца новая салон-галерэя, якая будзе дзейнічаць на базе рэстарана беларускай нацыянальнай кухні «Грай-кафэ». Кіраўнікі праекта — куратарская група «Мастацкі маёнтак», у якую ўваходзяць мастацтвазнаўцы Вольга Кліп і Дзмітрый Папоў, асобы, што раней кіравалі выставачнай дзейнасцю ў «Доме карцін». На пляцоўцы новага салона-галерэі ўжо дэманструецца першая выстаўка твораў, аўтарам якой стаў мастак Аляксей Хацкевіч. Вольга Кліп патлумачыла, чаму куратарская група «Мастацкі маёнтак» больш не працягвае працу ў «Доме карцін», і распавяла, у якім фармаце будзе ажыццяўляцца дзейнасць салона-галерэі.


Работа Аляксея Хацкевіча.

— Чаму пляцоўка, якая была доўгі час на слыху, закрылася?

— Цяпер я разумею, што «Дом карцін» не павінен быў з’явіцца ў Мінску, прынамсі, пакуль. Гэта быў стратны праект: утрымліваць пляцоўку ў тысячу квадратных метраў толькі за кошт гледачоў немагчыма. Колькасць наведнікаў галерэі не дазвалала яе акупляць.

Напрыканцы існавання «Дом карцін» актыўна працаваў як гандлёвая пляцоўка, якая прадавала жывапіс і скульптуру. Продаж быў практычна кожны дзень. Асабліва актыўна куплялі турысты, але гэта не дазваляла матэрыяльна выцягваць пляцоўку. А ўтрымліваць яе для таго, каб час ад часу ладзіць маштабныя праекты, досыць дорага. У краіне ёсць дзяржаўныя ўстановы, якія могуць сабе гэта дазволіць, але, як правіла, тыя пляцоўкі арыентуюцца ў большасці на знакамітыя імёны. Мы б хацелі больш такіх праектаў, як «Я Манэ, Я Шышкін, Я Малевіч», каб знаходзіць новых мастакоў.

— Як прыйшла ідэя салона-галерэі, дзе спалучаюцца абсалютна розныя віды адпачынку?

— Для Беларусі трансфармацыя звычайнай галерэйнай установы ў салон-галерэю, на мой погляд, — досыць новая і арыгінальная з’ява. У Мінску ёсць кафэ, дзе прадстаўлены работы розных мастакоў, але, як правіла, там яны не прадаюцца, а проста ўпрыгожваюць інтэр’ер.

«Грай-кафэ» — вялікая пляцоўка, якая не падзяляецца на асобныя часткі па спосабе прадастаўлення паслуг. Кафэ цяпер цалкам пазіцыянуе сябе ў якасці мастацкай прасторы, але раней гэта не было да канца прадумана. Уладальнікі рэстарана хацелі нешта змяніць у канцэпцыі, звязанай з выяўленчым мастацтвам, а мы тым часам шукалі пляцоўку менавіта ў цэнтры горада. Па досведзе работы ў «Доме карцін» мы зразумелі, што гэта важны складнік. «Грай-кафэ» знаходзіцца ў зручным месцы, дзе кожны дзень бывае вялікая колькасць людзей. Вядома, што ў такой галерэі нельга рэалізоўваць выставачныя праекты музейнага маштабу, таму мы і ахарактарызавалі гэтае месца як салон-галерэя, або салон прамога продажу мастацкіх твораў. Наш салон — пляцоўка дэмакратычная, якая прымае розных мастакоў з рознымі ідэямі. У нас ёсць магчымасць рабіць адметныя, канцэптуальныя выстаўкі на аўдыторыю рознага ўзросту.

Наведвальніку падабаецца спалучэнне вытанчанага інтэр’ера з магчымасцю не толькі паесці, але і нацешыцца духоўна. З нашага боку гэта сапраўды стратэгічны ход: мы імкнёмся, каб прыходзілі не толькі людзі, якія разбіраюцца і любяць мастацтва, але таксама працуем на перспектыву — жадаем заваяваць мэтавую аўдыторыю рэстарана. Гэта свайго роду абмен або нават узаемадапамога, а дакладней — сумяшчэнне прыемнага з карысным.

— Ці стане праца на аўдыторыю працай дзеля айчыннага мастацтва?

— Калі я прааналізавала сітуацыю з развіццём арт-пляцовак, якая складваецца ў Мінску ў апошнія гады, то зразумела, што барацьба за кожнага наведніка становіцца ўсё больш жорсткай. У «Доме карцін» сутыкнулася з тым, што людзі заходзілі ў галерэю часам проста выпадкова, убачыўшы цікавую назву будынка. Але ім было ўсё роўна, якая выстаўка цяпер экспануецца, якая накіраванасць у галерэі. Так, у нас ёсць агульнае кола людзей, якія цікавяцца мастацтвам, але яно чамусьці перастала пашырацца, а мне хочацца менавіта вялікай аўдыторыі — не толькі з мастакоў, выкладчыкаў або журналістаў, але і з людзей, якія раней з мастацтвам не сутыкаліся. Менавіта таму мы характарызуем сябе як галерэя даступнага мастацтва, гэта значыць, стараемся трымаць пэўны цэнавы ўзровень, які не выклікае жаху ў людзей. Пры тым, што мастацтва — прадмет раскошы, яно не можа каштаваць столькі ж, колькі каштуюць хлеб і малако. Я гэта разумею, але мы вырашылі паспрабаваць зрабіць раскошу больш даступнай. Зараз у краіне няшмат тых, хто можа сабе дазволіць купіць карціну за дзвесце у.а. Але стала больш тых, каго не палохае кошт у 500 у.а. І нават калі карціну не набывае асобны чалавек, то яе можа купіць пэўная карпарацыя ў якасці падарунка свайму кліенту або супрацоўніку. Сёння твор мастацтва выкарыстоўваецца ў нас больш як прадмет інтэр’ера, як падарунак ці нават сувенір. Зыходзячы з гэтых трох пунктаў, і будзе існаваць салон. Мы не пазіцыянуем яго як цалкам канцэптуальную прастору. Але пры гэтым жадаем рабіць філасофскія і асэнсаваныя праекты. Калі ў нас і з’явяцца пэўныя замежныя праекты, то яны павінны быць вельмі арыгінальнымі. Але галоўнае — мы не хочам адмаўляцца ад персанальных выставак беларускіх мастакоў.

 Мы не абмяжоўваем прафесійны ўзровень аўтараў. Гэта могуць быць абсалютна розныя мастакі, якіх з розных прычын не прымаюць у іншых салонахгалерэях, напрыклад, таму, што аўтары не з’яўляюцца сябрамі Беларускага саюза мастакоў. Няхай гэта будуць новыя імёны, але калі мастак робіць якасныя работы, чаму ён не павінен быць адзначаны? І наведнік можа шукаць твор, на які хоча глядзець, з якім хоча жыць.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.