Вы тут

Лётчык як шахматыст: падчас палёту пралічвае кожны крок


Сваё дзяцінства Аляксандр Зубараў правёў на аэрадроме — там, у Кобрыне, яго бацька служыў борттэхнікам. Беручы з сабой сына, той нават падумаць не мог, у што выльецца дзіцячае захапленне самалётамі. Сёння Аляксандр — лётчык першага класа, камандзір верталётнага атрада асобага прызначэння. Служыць ён на 50-й змешанай авіябазе, але работай называе выключна неба.


Любоў да авіяцыі — праз гены

Улюбёнымі ў авіяцыю ў той час былі ледзь не ўсе кобрынскія падлеткі. Тым больш што ў многіх з іх бацькі насілі пагоны. Таму не дзіва, што толькі з Сашавага класа на авіяцыйны факультэт Ваеннай акадэміі паступілі чацвёра. У тым ліку ён. Трое аднакласнікаў і дагэтуль разам: служаць тут, у Мачулішчах.

Дзядуля Аляксандра з авіяцыяй не быў звязаны, але аб вайсковай дынастыі гаварыць усё ж можна. Мікалай Зубараў — удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. У складзе сухапутных войскаў ваяваў на розных франтах. Пра канкрэтныя гераічныя справы ўнук франтавіка расказваць не бярэцца, але не кожны салдат быў уганараваны таго, каб прайсці па Краснай плошчы на Парадзе Перамогі ў чэрвені 1945-га...

— Вельмі радасна на душы, калі лячу над сваім родным Кобрынам, — прызнаецца лётчык. — Асаблівыя пачуцці перажываеш, калі бачыш хату, дзе нарадзіўся, вырас. Пачуўшы гул вінтакрылай машыны, мама часта выбягае на вуліцу, а потым увечары па тэлефоне пытае, я быў за штурвалам ці не.

Калі ў яго палёты, Аляксандр маме не паведамляе, — каб не хвалявалася. Але ад жонкі не схаваеш: графік мужа ўжо вывучыла. Адразу пасля прызямлення стараецца ёй патэлефанаваць. Дачка ж пакуль не разумее, што тата — лётчык, але любоў да авіяцыі маленькай Вераніцы, відаць, перадалася таксама па спадчыне: цацачныя самалёты, верталёты і іншая тэхніка ўжо даўно замянілі лялькі.

Адчуванне палёту

Падчас вучобы ў Ваеннай акадэміі курсанты жылі ад практыкі да практыкі. Яны добрасумленна засвойвалі лётную навуку ў тэорыі, але ўсе як адзін з нецярпеннем чакалі палётаў. Сваё першае знаёмства з небам Аляксандр памятае і сёння.

— Гэта было на планёры «Бланік» Л-13, і так атрымалася, што мой палёт з групы быў самы апошні, — успамінае падпалкоўнік авіяцыі. — Інструктар сказаў, што ў нас яшчэ шмат часу, таму можам палятаць крыху больш, чым астатнія. Мой першы палёт, які праходзіў над Бабруйскам, доўжыўся паўтары гадзіны. Я адразу адчуў неба. Планёр жа не мае рухавіка: каб трымацца на вышыні, ён, як птушка, шукае паветраныя плыні.

— Не страшна было? — цікаўлюся.

— Не. У многіх з нас ёсць цяга да тэхнікі, а тым больш калі гэта лятальны апарат. Глядзець з неба на зямлю надзвычай цікава. Адным людзям абыякава, хто там ляціць, таму нават галавы не падымаюць. Іншыя рукамі махаюць, усміхаюцца: разумеюць, што сёння мірнае неба, а ў ім — наша авіяцыя.

Аляксандр — верталётчык. Лятае не толькі падчас планавых палётаў і шматлікіх вучэнняў. Летась, напрыклад, яго экіпаж заняў другое месца ў конкурсе лётнага майстэрства «Авіядартс», які праходзіў у межах Міжнародных армейскіх гульняў. Але гэта той выпадак, калі серабро даражэйшае за золата, бо ў гэтым вайсковым конкурсе, як і ў гімнастыцы, абагнаць расіян наўрад ці ўяўляецца магчымым.

Паўзы недапушчальныя!

Адразу пасля вучобы малады лётчык трапіў у Пружаны — там яшчэ дзейнічала 181-я авіяцыйная база. Сюды, у Мачулішчы, пераехаў яшчэ да таго, як 50-я змешаная авіябаза стала эпіцэнтрам для ўсіх верталётчыкаў краіны.

— Я хацеў лятаць на Мі-8, бо гэты тып верталётаў у нашай краіне найбольш запатрабавальны, а мне, як і любому лётчыку, карціць лятаць, — прызнаецца падпалкоўнік авіяцыі. — Акрамя таго, Мі-8 — верталёт шматфункцыянальны, на ім можна выконваць самыя розныя задачы.

Лётчык 1-га класа засвоіў новенькія верталёты нават раней, чым яны прыбылі на базу (нагадаем, на ўзбраенне вайсковай часці вінтакрылыя машыны паступілі ў снежні). Большасць з іх Аляксандр Зубараў асабіста перагнаў з Казанскага верталётнага завода, пасля вучыў кіраваць новай мадыфікацыяй верталёта сваіх калег.

Увогуле, на яго думку, лётчык — гэта вечны студэнт, які пастаянна вучыцца. Спачатку ў вучылішчы або акадэміі, потым у вайсковай часці. Заступіўшы на службу, ён жа не адразу сядае за штурвал і ляціць. Перш у нюансах палёту трэба разабрацца ў тэорыі, а ўжо потым — у неба. А каб стаць камандзірам экіпажа, трэба навучыцца лятаць ва ўсіх умовах: і днём, і ноччу, у рознае надвор'е. Ніхто не адмяняў і дэсантаванне, і фігуры найвышэйшага пілатажу... Адным словам, вопыту авіятары набіраюцца толькі ў небе.

— Лётчык павінен лятаць, — перакананы Аляксандр Зубараў. — Гэта як аўтамабіліст. Калі ты даўно не сядзеў за рулём і праз некаторы час вырашыў кудысьці паехаць, адчуваеш сябе скавана, няўпэўнена. Так і лётчыку: каб быць у паветры спакойным, трэба пастаянна трэніравацца, знаходзіцца ў небе.

Экіпаж — з улікам тэмпераменту

Палёты ў вайсковай часці праходзяць не кожны дзень, але гэта не значыць, што можна не хадзіць на службу. Штораз экіпажы авіятараў заступаюць на баявое дзяжурства. Пры неабходнасці яны павінны вылецець за 50, 12 або 10 хвілін — у залежнасці ад ступені гатоўнасці. За сцяной — пошукава-выратавальнае дзяжурства. Запасны экіпаж, ратавальнікі і ўрачы ў любую хвіліну гатовы дапамагчы таварышам, якія пацярпелі бяду.

Цікава, што лётныя экіпажы фарміруюцца не толькі з улікам іх прафесійных здольнасцяў. У першую чаргу ўлічваюцца псіхалагічныя якасці чалавека.

— Халерыку з меланхолікам наўрад ці будзе камфортна лятаць, — лічыць Аляксандр. — Людзі павінны падыходзіць адно аднаму. У любой прафесіі так бывае, што паміж людзьмі можа быць узаемная непрыязнасць. Але недапушчальна, калі яна прысутнічае ў паветры. У адваротным выпадку гэта можа прывесці да пэўнай крытычнай сітуацыі. Зразумела, у небе можа здарыцца ўсё што хочаш, але годна выйсці з пазаштатнай сітуацыі прасцей з тым чалавекам, які цябе дапаўняе.

У здаровым целе — прафесіянал

Двойчы на год лётчыкі праходзяць медкамісію. Адзін раз іх чакае паглыблены медагляд, другі — амбулаторнае абследаванне. Дзеля гэтых мэт паветраныя асы кладуцца ў шпіталь. Калі пры паступленні ў акадэмію вызначалі іх прыгоднасць да навучання, то цяпер ацэньваюць, ці могуць яны працягваць выконваць свае службовыя функцыі.

Абавязковы візіт да ўрача ў лётчыкаў як перад кожным палётам, так і перад дзяжурствам. Нават калі чалавек прастуджаны, у неба яго ўжо не адправяць: са звычайным насмаркам у сувязі з перападамі ціску можна сябе адчуваць як пры высокай тэмпературы.

— Усе гэтыя медыцынскія працэдуры для нас, лётчыкаў, даволі хвалюючыя, — прызнаецца камандзір верталётнага атрада асобага прызначэння. — Гады ідуць, здароўе, зразумела, не паляпшаецца, а мы ўмеем толькі лятаць... Таму сачыць за сваім здароўем — наш святы абавязак.

Першы ці першакласны

— Сапраўдныя пілоты павінны ўмець лятаць нават на тым, што апрыёры лятаць не можа, — жартуе Аляксандр і адразу ж становіцца сур'ёзным. — Калі ты займаешся сваёй справай, душа радуецца. Але ўвесь час трэба думаць пра палёт і, як шахматысту, пралічваць свае крокі наперад.

Сёлета падпалкоўнік правёў амаль 150 гадзін у небе. Для абывацеля лічба невялікая. Але той, хто звязаны з авіяцыяй, ведае, што часам падрыхтоўка да палёту займае больш часу, чым сама сустрэча з небам. Як кажуць асы, там часу на вывучэнне няма: каб у паветры выконваць задачы на «здавальняюча», ты павінен падрыхтавацца на зямлі на «выдатна».

Аляксандр Зубараў перакананы: «Не самае галоўнае — выканаць пастаўленую задачу любой цаной. У нас не вайна. Важна, каб ніхто не пацярпеў, каб прынятае рашэнне было бяспечным для людзей».

Быць стрыманым на эмоцыі — гэта іх работа. Але часам расчуліць лётчыка можа, здавалася б, самае звычайнае пытанне: «Якую сваю ўзнагароду лічыце галоўнай?»

— Напэўна, па рангу гэта медаль «За бездакорную службу», але для мяне найлепшай узнагародай з'яўляецца знак класнай кваліфікацыі: я лётчык 1-га класа, — паказвае на вышытую на форме эмблему Аляксандр Зубараў. — Гэта знак лётнага майстэрства, таго, да чаго імкнецца кожны лётчык. Ведаеце, ёсць лётчыкі 1-га класа, а ёсць першакласныя лётчыкі. Дык вось, кожны з нас імкнецца стаць першакласным.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: На работу... у неба

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.