«У нас прыдумана так многа слоў, каб абазначыць людзей з інваліднасцю. Але перш за ўсё кожны з іх — чалавек. Дайце яму магчымасці, адкрыйце шлях да рэалізацыі — гэта і будзе шчасцем».
Так лічыць Аляксандра ЧЫЧЫКАВА, фіналістка міжнароднага конкурсу Mіss Wheelchaіr World 2017, першая беларуска, якая стала Міс свету на інваліднай калясцы. Па словах дзяўчыны, мерапрыемства ў Варшаве адрознівалася ад звычайных конкурсаў прыгажосці, а яго мэты былі больш сацыяльныя. Вярнуўшыся на радзіму, Аляксандра мяркуе правесці нешта падобнае для беларускіх дзяўчат, тым больш што такія конкурсы ўжо існуюць у Польшчы, Украіне, Расіі.
— Я хачу захаваць ідэю Mіss Wheelchaіr. Мая мэта — разбурыць унутраныя бар'еры, якія часам узводзяць для сябе людзі з фізічнымі асаблівасцямі. Будзе цудоўна, калі гэта дапаможа ім зразумець, што абмежаванняў насамрэч няма і ніхто не забараняе ім быць шчаслівымі, актыўнымі. Цяпер я атрымліваю адукацыю па спецыяльнасці псіхалогія ў БДПУ імя М. Танка. Спадзяюся, што прафесійныя веды дапамогуць у стасунках, бо пасля выпуску я хачу дапамагаць людзям з інваліднасцю, прапаноўваць ім шырэй паглядзець на магчымасці. Хацелася б працаваць пры карэкцыйным цэнтры ці грамадскай арганізацыі.
Сярод заданняў конкурсу Міс свету журы ў тым ліку прапаноўвала назваць тры праблемы на радзіме ўдзельніц, вельмі важныя для дзяўчат на калясках. На думку Аляксандры, у Беларусі гэта пытанне медыцынскага абслугоўвання, а таксама праблема займець дзіця і захаваць яго. Справа ў тым, што некаторым дзяўчатам з фізічнымі асаблівасцямі складана зацяжарыць, а пасля нараджэння немаўляці сям'ю могуць пазбавіць бацькоўскіх правоў на аснове медыцынскага заключэння. Цяжкасці ўзнікаюць і тады, калі такая пара хоча ўзяць дзіця з прытулку.
— Я імкнуся да станоўчых змен. Нельга паказаць на чыйсьці твар і сказаць, што гэта эталон. У прыгажосці мноства адценняў і вобразаў. Хочацца адшукаць іх у чалавеку і дапамагчы расквітнець.
Акрамя сустрэчы з Аляксандрай Чычыкавай на прэс-канферэнцыі адбыўся паказ адзення, пашытага па спецыяльных мерках для людзей з фізічнымі асаблівасцямі. Ідэя прыйшла дызайнеру Кацярыне Цікоце на пачатку гэтага года. На працягу некалькіх месяцаў адбывалася падрыхтоўка, і вось першая фокус-група з пяці мужчын і пяці дзяўчат на калясках прымерыла штаны адмысловага, зручнага пакрою. Удзельнікі перш за ўсё адзначылі завышаную талію, пахвалілі даўжыню калашын і ўважлівасць дызайнера да фізічных параметраў. У той жа час былі выказаны пажаданні, напрыклад па размяшчэнні кішэняў.
Пакуль што такое адзенне існуе ў дзесяці экземплярах, але распрацоўка ідзе далей. У будучыні плануюцца новыя мадэлі, пры пашыве якіх будуць улічвацца некалькі дзясяткаў асаблівых параметраў.
Рагнеда ЮРГЕЛЬ
Фота Анастасіі Грук
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?