Вы тут

Візуальная паэзія


Асаблівая з’ява ў мастацтве — творчасць, якая ствараецца рукамі жанчын. У іх асаблівае адчуванне жыцця: цёплае, добрае, пра што хочацца філасофстваваць і гаварыць у творах. Свой погляд на ўзаемадзеянне чалавека і прыроды дэманструюць маці і дачка Раіса і Таццяна Сіплевіч на сумеснай выстаўцы ў галерэі «Мастацтва».


Таццяна Сіплевіч «Ева», 2016 г.

Абедзве мастачкі з’яўляюцца графікамі, таму цікавіць сам факт, што яны на выстаўцы прадстаўляюць жывапіс. Таццяна наогул прэзентуе жывапіс упершыню. Выстаўка не мае пэўнай канцэпцыі. Але, на погляд гледача, сумесная экспазіцыя маці і дачкі — ужо канцэпцыя: адразу бачна, што пераймае малодшае пакаленне ў старэйшага і якое наватарства прыўносіць.

— Раіса і Таццяна Сіплевіч заўсёды разам, таму, нягледзячы на тое, што падыход і стыль у мастацтве ў іх розны, аўтары ў суладдзі, — падкрэсліў старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца. — Яны адзінае цэлае. Усё, што спараджаюць, утрымлівае прыгажосць і цеплыню. Ведаю, што пасля прагляду іх твораў абавязкова атрымаю вялікую порцыю пазітыву, адчую святло. У той час, калі ў творчасць прыходзіць шмат людзей, якія самі сябе называюць мастакамі, душа радуецца, што ёсць такія творцы, як Раіса і Таццяна, якім не трэба нічога даказваць: іх мастацтва гаворыць само за сябе. Абедзве жанчыны вельмі любяць жыццё і па-рознаму выказваюцца пра яго, спяваюць пра самае патаемнае. Раіса Сіплевіч, з аднаго боку, паказвае, што прырода і свет гатовыя да зменаў, што час мяняе асяроддзе. А з іншага боку, звяртаецца да традыцыйных сюжэтаў, дэманструе любоў да радзімы, да бацькоўскага дома. Мастачка не робіць прыярытэтным толькі адзін кірунак, яе творчасць шматгранная, адсюль разнастайнасць сюжэтаў, падтэкстаў, адценняў.

Творы Таццяны Сіплевіч на першы погляд падаюцца больш халоднымі. Але варта крыху прыгледзецца — і разумееш, што цеплыня схаваная ў сюжэце: песні, казкі, рамантычныя гісторыі, пачутыя ў дзяцінстве, знайшлі адлюстраванне ў творчых кампазіцыях.

— Калісьці Ганна Ахматава казала: калі хто-небудзь зможа апісаць стан чалавека, вызначаны словамі «адзенне з ветру і дажджу», то гэта будзе геніяльна, — адзначае мастак, загадчык кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Акадэміі мастацтваў Уладзімір Зінкевіч. — На жаль, ніхто не напісаў, але сярод гэтых твораў я адчуў, што Таццяна і Тамара намалявалі гэта пачуццё. Выстаўка выбудаваная на тонкіх эмоцыях і пачуццях і перарастае ў паэзію. Я ўбачыў некалькі работ, якія ўцягнулі мяне ў чараўніцтва. Мастацтва, якое падштурхоўвае да суперажывання, — адно з самых запатрабаваных і актуальных. Яно настолькі адцягвае ад звычайнага жыцця, атмасферы, стану, што пачынаеш у ім растварацца. Сёння, на жаль, усе захопленыя формай, эпатажам, і душа радуецца, калі сярод такіх крыклівых палотнаў з’яўляецца візуальная паэзія.

Самі мастачкі, задумаўшы ідэю праекта, хваляваліся, што іх палотны разам не прыжывуцца. Творцы выбудавалі цэлую сістэму, згодна з якой і фарміравалі размеркавалі карціны: па фармаце, каларыстыцы і жанрах.

Твор Раісы Сіплевіч.

— Каханне і прыгажосць — неад’емная частка любога мастацтва, асабліва жаночага. Жанчыны больш тонкія, лірычныя, больш адчуваюць хараство асяроддзя, краявідаў, — падкрэсліў мастак, сябар сям’і Сіплевіч Уладзімір Вішнеўскі. — Фарбы здаюцца яркімі, але яны вельмі тонкія. Тысячы, мільёны адценняў шэрага, серабрыстага, залацістага — усё тут. Гэта ідзе з глыбінь нашай гісторыі. Пульсацыя колераў — адлюстраванне настрою прыроды і душы. Мастачкі ў нечым падобныя, аднак і вельмі розныя. І гэта іх адметнасць: калі яны будуць паўтарацца, то каму будуць цікавыя? Таццяна больш скіравана на сімволіку, арнамент, Раіса звяртаецца да міфалогіі. Аднак каларыстыка іх збліжае. Сярод гэтых карцін проста прыемна знаходзіцца, побач з імі не ўзнікае дрэнных думак, таму што тут жыве радасць, мелодыка.

 Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.