Вы тут

Аправа для святла прадстаўлена на III выстаўцы-біенале «Ліхтарт»


Камусьці камфортна ў пакоі, дзе святло яркае, а камусьці, наадварот, падабаецца бавіць час у мала асветленым памяшканні. Колькі ж сёння ў крамах прадаецца розных свяцільняў, але сярод усёй гэтай разнастайнасці не заўсёды знойдзецца тое, што будзе грэць душу. У снежні ў будынку Беларускага саюза дызайнераў адкрылася III выстаўка-біенале «Ліхтарт», прысвечаная святлу ва ўжытковым і філасофскім сэнсах, дзе айчынныя творцы пастараліся паказаць, якім разнастайным можа быць святло, калі здолець правільна падабраць да яго аправу.


Аляксандр Трусаў «Зорналёт», 2017 г

У першую чаргу на выстаўцы прадстаўлены разнастайныя аўтарскія свяцільні, аднак тут ёсць месца і жывапісу, і графіцы, і мастацкай фатаграфіі. Першая біенале «Ліхтарт» адбылася ў лютым-сакавіку 2014 года і ўжо тады сабрала больш за 60 удзельнікаў, сярод якіх такія вядомыя дызайнеры, як Марыя і Юрый Аляхно, Павел Вайніцкі, Вадзім Качан, Ігар Салаўёў, Уладзіслаў Стальмахаў, Максім Шняк... Другі «Ліхтарт» таксама быў вельмі насычаны, мастакі спрабавалі не паўтарацца, таму аб’екты ўражвалі нестандартнасцю і навізной.

— Несправядліва казаць, што трэці «Ліхтарт» чымсьці кардынальна адрозніваецца ад першых двух, — расказвае старшыня Беларускага саюза дызайнераў Дзмітрый Сурскі. — Хутчэй, выстаўка ў рэчышчы, якое мы заклалі яшчэ ў першым «Ліхтарце»: святло ва ўжытковым філасофскім сэнсе і выкарыстанні. Прадстаўлены сінтэтычны падыход: аб’яднаны розныя жанры і нават розныя віды мастацтва. Мастакі пераасэнсоўваюць і інтэрпрэтуюць важныя жыццёвыя сітуацыі праз святло. Мінулы раз цэнтральным экспанатам выстаўкі была вялікая ёлка, зробленая з водаправодных труб, — такім чынам мы асэнсавалі навагоднюю тэму. Сёлета шмат якія мастакі вярнуліся да той тэмы, і работы ў гэтай стылістыцы цяпер пераважаюць. Напэўна, гэта звязана з трэндам стымпанку. Ёсць работы, якія якасна зроблены з навуковага пункту гледжання.

Цікава прайсці па выстаўцы і ўбачыць, што творцы не карыстаюцца стэрэатыпнымі матэрыяламі, знаходзяць новыя падыходы. Люстры са шкляных бутэлек альбо свяцільня ў выглядзе самалёта... Ёсць адчуванне, што аўтары існуюць у асобным космасе і запрашаюць гледача на знаёмства з іншай рэальнасцю.

— Ёсць пэўныя аб’екты, якія, безумоўна, трымаюць экспазіцыю, — падкрэслівае Дзмітрый Сурскі. — Малады аўтар Аляксей Львоў прынёс некалькі вельмі арыгінальных таршэраў. Святлана Наздрын-Платніцкая перадала з Гомеля нефарматны вялікі твор, які ледзь упусцілі ў цягнік. Генадзь Катлінскі зрабіў пражэктар са старой ступы. Атрымаўся брутальны і ў той жа час прыгожы аб’ект. Я бачу, што выстаўка стымулюе дызайнераў да развіцця. Напрыклад, работа Ігара Салаўёва, якую ён паказваў на першым «Ліхтарце», з дапамогай вядомай арганізацыі «Каскад» была дапрацавана і ўжо пастаўлена на паток вытворчасці.

«Ліхтарт» у пэўным сэнсе — справаздача аўтараў, дэманстрацыя магчымасцяў. Да сённяшняга дня ў краіне няма сваіх вытворцаў свяцільняў, таму аб’екты, якія ствараюць айчынныя творцы для «Ліхтарту», — нагода задумацца, як ствараць сваё. Заўсёды ёсць варыянт звярнуцца да дызайнера асабіста, але гэта дорага. Не кожны можа сабе дазволіць. Таму было б выдатна, каб з’явілася вытворчасць.

Генадзь Катлінскі «Мульт Марго: год навукі», 2017 г.

Дарэчы, Беларускі саюз дызайнераў ініцыяваў стварэнне Музея крэсла ў Беларусі, але ёсць задумка і Музея святла.

— Заходзіш у любы салон свяцільняў і трапляеш у музей, таму што там прадстаўлены вядомыя брэндавыя аб’екты. Сёння нават кітайскія свяцільні зроблены вельмі арыгінальна і цікава, — адзначае Дзмітрый Сурскі. — Таму нам цяжка з пункту гледжання продажаў канкурыраваць на гэтым рынку. Але я думаю, што менавіта сінтэтычная падача, дзе прадстаўлены не толькі свяцільні ці ўтылітарныя рэчы, а яшчэ і інсталяцыі ды аб’екты, дазволіць быць не апошнімі. У нас сёння няма ні музея дызайну, ні музея тэхнікі. І гэта дрэнна. Улічваючы тэхналагічныя маштабы нашай краіны, мы маглі б стварыць унікальную выставачную прастору, пра якую загаварыў бы свет.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.