Вы тут

Беларуская каманда змагаецца за прызавое месца на юбілейным «Дакары»


У некаторых яшчэ толькі заканчваецца зімовая паслясвяточная хандра, але ёсць і тыя, хто ўжо аб'ездзіў практычна ўвесь Паўднёваамерыканскі кантынент па самых цяжкапраходных маршрутах трох краін. Каманда «МАЗ-СПОРТаўта» з 6 па 20 студзеня ўдзельнічае ў 40-м ралі-марафоне «Дакар-2018» у Перу, Балівіі і Аргенціне. Гонка набліжаецца да завяршэння і ўвесь гэты час здзіўляла гледачоў і ўдзельнікаў сваёй складанасцю і непрадказальнасцю. Пілоты беларускай каманды са сваімі экіпажамі вядуць жорсткае змаганне за трэцяе месца ў агульным заліку.


Натуральны адбор

У заліку грузавікоў адбываецца барацьба за выжыванне. У самым пачатку ў Ліме стартавалі 42 машыны, а ўжо на пятым спецучастку выйшлі толькі 20 аўтамабіляў. З-за розных перашкод больш за палову ўдзельнікаў сышло з дыстанцыі, многія з іх зарабілі штрафны час. «Прагназаваць тут нічога немагчыма», — пра гэта неаднаразова казаў пілот каманды «МАЗ-СПОРТаўта» экіпажа № 512 Сяргей Вязовіч. Самы складаны, на думку гоншчыкаў, пяты этап ралі-марафону «Дакар» у заліку грузавікоў завяршыўся перамогай Эдуарда Мікалаева з каманды «КАМАЗ-майстар». Другое месца заняў пілот каманды «МАЗ-СПОРТаўта» Сяргей Вязовіч, адстаўшы ад лідара дня ўсяго на шэсць хвілін. На пятым этапе гоншчыкам трэба было праехаць амаль 1000 км. Менавіта гэтая частка гонкі стала фатальнай для двух фаварытаў: Себасцьяна Лёба з каманды Реugеоt і леташняга пераможцы ў катэгорыі квадрацыклаў Сяргея Каракіна. І гэты ж этап ледзьве не змяніў расстаноўку сіл у катэгорыі грузавікоў.

Далей экіпаж беларускай каманды Сяргея Вязовіча змог захаваць трэцяе месца ў заліку грузавікоў пасля шостага этапу ралі. Кожны дзень арганізатары робяць сюрпрызы, і чарговы спецучастак не быў выключэннем. Грузавік Сяргея Вязовіча апошнія 20 кіламетраў аж да фінішу ішоў у поўнай цемры. Як вынік, фінішавалі пятыя. На сёмым этапе найлепшы беларускі экіпаж на сваім МАЗе фінішаваў шостым, а экіпаж Аляксандра Васілеўскага трапіў у прамоіны і выбіраўся з іх з дапамогай Сяргея Вішнеўскага. У выніковым заліку грузавік Вязовіча па-ранейшаму ўтрымліваў трэцяе месца. Але ўжо ў ходзе восьмага этапу ралі-рэйду яго адсунулі на чацвёртую пазіцыю ў агульным заліку. Два іншыя экіпажы «МАЗ-СПОРТаўта» — Аляксандра Васілеўскага і Сяргея Вішнеўскага — займаюць 15-ы і 17-ы радкі генеральнай класіфікацыі.

Страсці па Балівіі і прагнозы

Каманды ўспаміналі не самымі добрымі словамі надвор'е ў Балівіі — ліўневыя дажджы, размытыя дарогі, цяжкія пераправы цераз рэкі. У цэлым балівійскія этапы па рэльефе не ўяўляюць складанасцяў для іх фарсіравання, але з-за клімату тэхніка паводзіла сябе непрадказальна. У панядзелак каманды сэрвіснай падтрымкі працавалі без перадышкі, падрыхтоўваючы баявыя машыны да наступнага спецучастка. У мінулым — двухдзённы марафонскі этап, дзе экіпажы знаходзіліся без тэхнічнай падтрымкі. Для каманды «МАЗ-СПОРТаўта» марафонскі этап склаўся не самым лепшым чынам. Першы марафонскі дзень прайшоў нядрэнна — экіпаж Сяргея Вязовіча без праблем пераадолеў спецучастак, яму нават удалося павялічыць адрыў ад Дзмітрыя Сотнікава і Айрата Мардзеева. Таксама беларусы літаральна дзве хвіліны прайгралі «ЛіАЗу». Але другі марафонскі дзень усё змяніў: на старце спецучастка Вязовіч трохі памыляецца і трапляе ў саланчакі, адкуль самастойна выбрацца ўжо не можа. Дзякуючы дапамозе экіпажа «КАМАЗ-майстар» Антона Шыбалава беларусы працягнулі «Дакар».

«Калі б не ён, мы чакалі б нашых хлопцаў вельмі доўга, улічваючы іх месца ў стартавым лісце на дзень. Мы вядзём барацьбу з іншымі экіпажамі «КАМАЗ-майстар», але ўчынак экіпажа Шыбалава быў вельмі высакародны, ён нас не пакінуў у бядзе», — адзначыў Сяргей Вязовіч.

Другая частка заключнага спецучастка прайшла амаль гладка, але прыкладна за дзевяць кіламетраў да фінішу ў грузавіка № 512 выбухае левае пярэдняе кола. Але і гэта яшчэ не ўсё. Гоншчыкаў абвінавацілі ў пашкоджанні чужой машыны Tоуоtа і пакаралі на 20 хвілін, якія вельмі важныя ў барацьбе за трэцяе месца. Таксама ў выглядзе «бонусу» выпісалі 300 еўра штрафу.

«Вельмі крыўдна. Тыя, хто ўважліва сочыць за табліцай вынікаў, заўважылі штраф у 20 хвілін, які мы зараз спрабуем аспрэчыць. Гэта наступствы 9 студзеня, калі быў інцыдэнт у дзюнах. Прадастаўленае відэа ан-борд ёсць у арганізатараў, і работа па спрэчцы вядзецца», — расказаў Сяргей Вязовіч.

Наперадзе пяць этапаў, але сапраўдная барацьба, хутчэй за ўсё, разгорнецца на трох з іх. Складана прагназаваць ва ўмовах «Дакару», але спецучастак «Фіямбола» можа стаць сапраўды хвалюючым, бо там ўдзельнікаў зноў чакаюць пяскі! А спецучастак працягласцю 522 кіламетры адназначна ўнясе свае карэктывы.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

krуzhеvісh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Гарачая гонка

Выбар рэдакцыі

Культура

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Беларускаму складніку Тахелеса прысвечаны арт-фестываль «Міфалагема тысячагоддзя», што адкрыўся ў прасторы Ок16 15 жніўня.

У свеце

Як развіваецца глабальнае супрацьстаянне ЗША і Кітая?

Як развіваецца глабальнае супрацьстаянне ЗША і Кітая?

Супярэчнасці ў адносінах паміж Вашынгтонам і Пекінам абвастраюцца, і іх можна смела называць гандлёвай вайной.

Грамадства

Якім павінен быць вучэбны дапаможнік у ХХІ стагоддзі?

Якім павінен быць вучэбны дапаможнік у ХХІ стагоддзі?

З 50 выданняў, якія павінны з'явіцца на школьных партах да 1 верасня, 48 ужо надрукаваныя.

Здароўе

Якія аперацыі беларускія афтальмолагі робяць пры катаракце, глаўкоме і іншых хваробах вачэй

Якія аперацыі беларускія афтальмолагі робяць пры катаракце, глаўкоме і іншых хваробах вачэй

Экзапратэзаванне арбіты не робіцца больш ні ў адной з краін СНД.