Вы тут

Зараджаны на шчасце


Чалавек-эпоха альбо чалавек-легенда. Менавіта так называе сёння арт-грамадства народнага мастака Беларусі Леаніда Шчамялёва: яму споўнілася 95 гадоў. Па традыцыі дзень нараджэння Леанід Дзмітрыевіч правёў у музеі.


У Нацыянальны мастацкі музей Беларусі з’ехаліся прыхільнікі яго творчасці з усёй краіны. Добрая ўсмешка на твары майстра, тысячы віншавальных слоў і шэраг знакавых твораў, якія адгукаюцца ў сэрцы цёплым трапятаннем, дабрынёй. На адкрыцці выстаўкі маэстра падкрэсліў: «Я такі шчаслівы, што вы ўсе да мяне прыйшлі».

— Шчаслівая нацыя тая, якая мае такіх таленавітых герояў. У Беларусі ёсць такія брэнды, як Белавежская пушча, возера Нарач, а сярод асоб — Купала, Колас, Караткевіч, Барадулін… Ёсць яшчэ і Шчамялёў, — падкрэсліў старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца. — Нам пашанцавала, што ў нас ёсць такі мастак, які ведае колеры ўсёй краіны. Яго руку немагчыма не пазнаць: ён апявае ўсё, што бачыць вакол, апявае жыццё. А мы шчаслівыя яшчэ і таму, што сёння можам зірнуць на свет вачыма мастака — гонару нашай зямлі.

Любоў да мастацтва Леанід Шчамялёў нясе ўсё жыццё. Спасцігаць творчыя асновы пачаў яшчэ ў Віцебску, дзе было вельмі насычанае культурнае жыццё. Мастак паспеў пазнаёміцца з выкладчыкам Марка Шагала — Юдэлем Пэнам і нават паказаць яму свае творы. Аднак прафесійна ўзяў у рукі пэндзаль пасля вайны. За плячыма былі бітва на Курскай дузе і раненне. Пазней ён амаль не звяртаўся ў работах да батальных сюжэтаў, а раскрываў псіхалогію людзей, якія ведаюць, што такое жыць пад кулямі…

Мастацтвазнаўцы адзначаюць, што Шчамялёў — чараўнік колеру. Яго ізумрудныя адценні ўразілі не аднаго гледача. Гледзячы на яго работы, адзначаеш для сябе: «Вось яно якое, неба Шчамялёва». Ёсць адчуванне, што яго палотны дыхаюць прыродай.

За што цэняцца работы майстра, дык за тое, што ён заўсёды адлюстроўваў асабісты погляд на сітуацыю, не адыходзіў ад уласнага меркавання. Быў перыяд, калі творцу крытыкавалі за фармалізм. Але майстар упэўнены, што мастацкі твор павінен несці пазітыў і дабрыню. Калі глядач усё гэта адчуе, значыць, мэта дасягнута.

Леанід Шчамялёў «Зіма на Лагойшчыне. 1942 год», 2004 г.

Родныя Леаніда Дзмітрыевіча адзначаюць, што ён можа панастальгіраваць — успомніць мінулыя гады. Легендарнай была яго знакамітая майстэрня насупраць ГУМа: яе дзверы заўсёды былі адчынены, туды завітвалі людзі, якіх сёння называюць гісторыяй беларускай культуры.

— У нас заўсёды дома збіраліся цікавыя кампаніі. Памятаю, прыходзілі Аляксандр Кішчанка, Альгерд Малішэўскі, Юрый Марухін... Гаварылі пра мастацтва, — расказвае дачка творцы, мастачка, майстар гебелена Маргарыта Шчамялёва. — Гэта былі такія багатыя духоўна людзі. Яны маглі вырашаць праблемы, маглі проста філасофстваваць, маглі адкрываць новыя імёны. Памятаю, як мой у той час любімы апавядальнік Кішчанка расказваў пра Сяргея Параджанава, а потым я глыбока зацікавілася творчасцю рэжысёра. У таты былі розныя знаёмыя, вельмі яркія і цікавыя людзі, якія нават маўчаць маглі цікава.

Імпульс — данесці пазітыўнае, светлае, цёплае — гэта адгалоскі характару. Сябры адзначаюць, што Шчамялёў — чалавек добры, працягне руку кожнаму, хто апынуўся ў бядзе. Ён нястомны і заўсёды зараджаны бязмежнай энергіяй.

— Тата не дае нам магчымасці быць разняволенымі, сумнымі. Я неяк сказала яму: «Тата, я так стамілася». А ён мяне спытаў: «Чаго гэта ты стамілася? У цябе наперадзе ёсць цэлая ноч», — успамінае Маргарыта Шчамялёва. — Ён не разумее, як можна перастаць чымсьці гарэць. Пры ўсім гэтым тата бывае наіўны і ранімы. Ён умее суперажываць. Здавалася б, такі магутны чалавек, які ў жыцці бачыў шмат усяго... Ды ўсё роўна які-небудзь аповед пра чалавека можа яго моцна зачапіць. Мне так падабаецца, калі ён гаворыць пра людзей. Тата ніколі не скажа дрэннага, ён падкрэсліць, што гэты чалавек добры ці згадае цікавую гісторыю, звязаную з ім.

Да сённяшняга дня творца не перастае ствараць кампазіцыйныя сюжэты ў майстэрні. Днём папрацуе, а пасля абеду абдумвае, што напісаў. Стараецца выкарыстоўваць час максімальна і з карысцю. Гэтаму ж вучыць і іншых. Мастак кажа, што ў яго шчаслівае жыццё, у якім вельмі пашанцавала. І, нягледзячы на разнастайныя праблемы, крытыку, у яго атрымалася навучыцца радавацца кожнаму дню.

Жонка майстра Святлана Мікалаеўна заўсёды падтрымлівала майстра. У многіх інтэрв’ю Леанід Шчамялёў прызнаваўся, што, нягледзячы на яго складаны характар, яны ў сям’і ніколі сур’ёзна не сварыліся. Творца называе жонку сваёй галоўнай музай.

— Сям’я вельмі дарагая для чалавека. Увогуле, няважна, сантэхнік гэта ці мастак, калі ёсць тыл, значыць, усё будзе добра, — дзеліцца Маргарыта Шчамялёва. — А тата нас заўсёды так выхоўваў, каб мы любілі адзін аднаго. Нягледзячы ні на якія жыццёвыя перыпетыі, ён стварае ў доме цёплую атмасферу. Напіша новы твор, просіць: «Прыйдзі, паглядзі ў дванаццаць гадзін». Калі я, дапусцім, прыйшла не ў дванаццаць, а ў чатыры, ён абурыцца і спытае: «Чаго ты прыйшла? У чатыры гадзіны ўжо няма чаго глядзець». Я яму кажу: «Дык работа ж не змянілася». А ён адказвае: «Святло памянялася. Карціна ўжо іншая». Яго фарбы, сакавітая палітра, псіхафізіка колеру зараджаныя на шчасце. Калі піша зіму, яго каляровыя падыходы здзіўляюць. Я кожны раз думаю, як у яго гэта атрымліваецца. Заўсёды бачу яго з алоўкам: у любы час нешта замалёўвае, пазначае. Ён вельмі любіць кветкі, прыгожых жанчын, дзяцей. Любіць усё маладое, энергічнае. Прыйшла да яго аднойчы, а ён сябе дрэнна адчуваў. Прынесла яму кнігі, якія нядаўна з’явіліся ў крамах. А ён адказвае, што ўжо гэта чытаў. Мне часам нават сорамна, што я не ўсё бачыла і чытала, а тата ўсё паспявае.

Сваю сям’ю Леанід Шчамялёў лічыць апорай і тылам. Яго дзеці таксама сталі творчым працягам і дасягнулі поспехаў.

— Тата рознабаковы чалавек. У ім столькі мудрасці, цярпення, дабрыні, працавітасці. Калі ўва мне такія якасці праяўляюцца, я заўсёды кажу, што гэта ад таты, — расказвае Маргарыта Шчамялёва.

Ён спартыўны. Заўсёды любіў канькі і мяне вучыў катацца. Маё дзяцінства праходзіла на стадыёне «Дынама». Мы там жылі побач, бацька заўсёды браў мяне за руку, і мы ішлі катацца… Яго сакрэт даўгалецця, на мой погляд, заключаецца ў тым, што ў яго ёсць у жыцці сістэма. У адзін час садзіцца за стол, у адзін час глядзіць перадачы. Яму цікава ўсё. Яго працаздольнасць заўсёды захапляла. Аднойчы на яго дзень нараджэння мой сын сказаў: «Дзядуля, ты такую планку нам высокую паставіў. Як нам дацягнуцца да цябе?». Для нас тата — вялікае дрэва, пад якім мы ўсе хаваемся ў цяжкія дні і радуемся, калі ў сям’і адбываецца нешта добрае. Я да яго заўсёды магу прыйсці, і ён падставіць плячо. Тата навучыў нас сябраваць паміж сабой. Мы ўсё ўмеем дараваць, усё ўмеем маўчаць, калі трэба, мы ўмеем жыць сям’ёй, а не паасобку.

Разам з выстаўкай у Нацыянальным мастацкім музеі адкрыўся праект сям’і Шчамялёвых у Гарадской мастацкай галерэі імя Леаніда Шчамялёва.

Вікторыя АСКЕРА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Прэзідэнт

Чаму буксуе «аршанская мадэль»?

Чаму буксуе «аршанская мадэль»?

Вынікі рэзананснай камандзіроўкі Прэзідэнта ў Аршанскі раён падвялі на спецыяльнай нарадзе — не абышлося без адставак.

Грамадства

Якія патрабаванні прад'яўляюцца да новых падручнікаў?

Якія патрабаванні прад'яўляюцца да новых падручнікаў?

У наступным навучальным годзе ў беларускіх школах будуць выкарыстоўвацца 44 новыя вучэбныя дапаможнікі. 

Грамадства

Не багі гаршкі абпальваюць...

Не багі гаршкі абпальваюць...

...а ўдзельнікі шостага міжнароднага пленэру ганчароў, які нядаўна прайшоў у вёсцы Гарадная Столінскага раёна.