Вы тут

Беларускі побыт у творах Уладзіміра Хадаровіча


Чараўніцтва прыроды і беларускі нацюрморт. Мастак Уладзімір Хадаровіч усё жыццё прысвяціў менавіта гэтым жанрам мастацтва. Змог паўнавартасна раскрыцца і дасягнуць поспеху.


Адбіткі яго пэндзляў па-асабліваму гучаць на кожным палатне. У сакавіку творца прэзентаваў персанальную выстаўку жывапісу ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.

«Адкрыць выстаўку ў Мастацкім музеі — мая мара», — прызнаўся мастак. Без перабольшання, яго жыццё і ёсць мастацтва, дзе няма месца чужому і незразумеламу, а ёсць толькі свая, такая родная — зямля, культура, нацыя.

Ён умее правакаваць на дыялог і робіць вобразы зразумелымі і да болю знаёмымі. Ён не капіруе жыццё беларусаў і беларускі побыт, а падкрэслівае асаблівасці, унікальнасць краіны, паказвае гісторыю не з пункту гледжання падзей, а дэманструе яе ў рэчах, якія, магчыма, даўно забытыя сучасным пакаленнем.

— Мне вельмі шчасціць, што часта адкрываю мастацкія імпрэзы маіх калег. Але сёння мне асабліва прыемна: Уладзімір Хадаровіч — чалавек надзвычайнай сумленнасці і найвышэйшай культуры, — падкрэслівае старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца. — У яго ёсць непаўторная нацыянальная танальнасць і каларыстыка, якую не зблытаеш ні з якой іншай. Асабліва неверагодных вышыняў ён дасягнуў у нацюрморце. Хоць у прынцыпе ў айчынным мастацтве нацюрморт адзначаны выбітнымі мастакамі (такімі як Валяр’яна Жоўтак, Віталь Цвірка), Уладзімір Хадаровіч, безумоўна, можа лічыцца адным з класікаў нацюрморта. Я памятаю, як у дзевяностыя гады ўбачыў жывапіс творцы, і ўсё ўнутры затрапятала ад таго, наколькі гэта тонка, высакародна, класічна і назаўсёды сучасна. Памыляецца той, хто не верыць, што традыцыя не можа быць сучаснай. Уладзімір Хадаровіч даказаў, што можа, увасобіўшы ў творах і нацыянальную каларыстыку, і нацыянальную танальнасць. Рэчы, якімі карысталіся нашы бацькі, прадзеды, набылі ў яго творах высокую ступень мастацкага факта: рэч перастае быць проста побытавай і становіцца мастацкім аб’ектам.

Жывапіс Уладзіміра Паўлавіча сумяшчае тонкія нюансы: пяшчотны серабрысты каларыт, строгую ўстойлівую кампазіцыю, рытм і плаўнасць форм.

Творцу цікава быць самім сабой, да гэтага ж ён заклікае сваіх гледачоў. У мастацкім асяроддзі кажуць, што аўтар строгі, але ў той жа час добры і спагадлівы. Да любой справы ставіцца адказна і з інтарэсам.

— Уладзімір Хадаровіч — гэта той чалавек, які працягнуў і развіў школу айчыннага нацюрморта, — кажа мастак Уладзімір Тоўсцік. — Мастацтва — дастаткова цікавы працэс: хтосьці шукае новыя формы, а нехта быццам бы і простымі справамі займаецца — малюе пейзаж або нацюрморт, і гэта становіцца мастацтвам. Ён давёў жанр нацюрморта да вяршыні мастацтва. Ён адкрыў ментальнасць прадметаў беларускага побыту, яе шматвяковую каштоўнасць. Багацце матэрыяльнай культуры ў яго руках набывае вечнасць. Каштоўнасць гэтай выстаўкі ў вялічэзнай энергіі, якую мастак укладвае ў творчасць, у прадметнасці старой іконы, слуцкага пояса... Ён даходзіць да вяршыні эмацыянальнага пачуцця, малюючы простыя рэчы з натуры. Гэта і нядзіўна: адзін можа лётаць у космас, а другі бачыць цуд пад нагамі.

Старадрукі, кераміка, абразы, даматканыя ручнікі — культурны пласт, які мастак адлюстроўвае для адраджэння нацыянальнай самасвядомасці праз любоў да радзімы і мастацтва. Выстаўка Уладзіміра Хадаровіча атрымалася вельмі цёплай і шчырай. На многіх палотнах можна пазнаць радзіму мастака — Случчыну.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.