Вы тут

Найлепшую маладую сям'ю года Узброеных Сіл выбралі ў Мінску


Заключны этап штогадовага конкурсу «Сям'я — крышталь грамадства» адбыўся ў Цэнтральным доме афіцэраў. Мэтай яго правядзення арганізатары называюць фарміраванне ў маладых ваеннаслужачых якасцяў, якія сёння неабходны для развіцця і ўмацавання сямейных адносін, грамадзянскай адказнасці, прапаганды здаровага ладу жыцця, а таксама разумення членамі сем'яў важнасці задач, якія выконваюць вайскоўцы.


Наймацнейшыя і самыя крэатыўныя

— Конкурс традыцыйна праводзіцца напярэдадні Дня сям'і, які прапагандуе такія непарушныя каштоўнасці ў нашым грамадстве, як любоў, павага, паразуменне, — заўважыў выконваючы абавязкі першага намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны Беларусі палкоўнік Фёдар ЯФІМЕНКА. — Сям'я — гэта аснова, падмурак грамадства, а таксама дужы тыл чалавека ў пагонах.

Фёдар Яфіменка звярнуў увагу, што для паспяховага пападання ў фінальную частку выпрабаванняў удзельнікі пераадолелі некалькі фаз. «Конкурс праводзіцца ў тры этапы. Першы адбыўся непасрэдна ў войсках, другі — у адпаведных камандаваннях», — адзначыў ён.

Дарэчы, у фінале ўдзельнікі павінны былі пераадолець тры выпрабаванні. Першае — візітная картка. У гэтым раўндзе вайскоўцам трэба было расказаць гісторыю сваёй сям'і. Другі этап атрымаў паэтычную назву «Мой родны кут, як ты мне мілы...», у ім удзельнікі закранулі тэму малой радзімы, расказалі пра свае родныя гарады, тым больш што ў гэтым годзе геаграфія конкурсу была вельмі шырокай. Выніковым змаганнем стаў творчы конкурс, ацаніць які, несумненна, было складаней за ўсё, бо кожная сям'я магла паказаць свае здольнасці ў вольнай форме.

Багатыя на таленты

Такім чынам, у гэтым годзе перад гледачамі і журы паўсталі шэсць сем'яў вайскоўцаў: старшага лейтэнанта Сяргея Цеплякова (49-я радыётэхнічная брыгада Ваенна-паветраных сіл і войскаў проціпаветранай абароны), старшага лейтэнанта Алега Лютарэвіча (72-гі гвардзейскі аб'яднаны вучэбны цэнтр падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў), капітана Уладзіміра Кавалевіча (231-я артылерыйская брыгада Паўночна-заходняга камандавання), старшага лейтэнанта Ігара Казекі (5-я асобная брыгада спецыяльнага прызначэння сіл спецыяльных аперацый), старшага сяржанта Яўгена Карэйвы (557-я інжынерная брыгада Заходняга аператыўнага камандавання) і капітана Максіма Сазанчука (56-ы асобны полк сувязі Ваенна-паветраных сіл і войскаў проціпаветранай абароны).

У кулуарах фінальнага выпрабавання старшы сяржант Яўген Карэйва расказаў, што на ўдзел у конкурсе яго падштурхнуў патрыятызм. «Акрамя таго, гэта цікава і для сям'і гэта навіна, — адзначыў ён. — Тым больш калі Узброеныя Сілы даюць такую магчымасць, то чаму б ёй не скарыстацца? Рыхтавацца да конкурсу было цяжка, але калі вельмі моцна чагосьці хацець, то гэтага можна дасягнуць. Дарэчы, з кожным этапам мы спрабавалі ўдасканальваць нашы выступленні. Мы (Яўген і яго жонка Іна. — Аўт.) — творчыя людзі, адвучыліся ў Гродзенскім дзяржаўным каледжы мастацтваў». Падрыхтоўка да фінальных выпрабаванняў заняла ў сям'і Карэйваў больш за месяц, практычна праз дзень маладыя людзі працавалі над сцэнарыямі нумароў — зыходзячы з гэтага, можна ўявіць, наколькі і яскравае выступленне яны прадэманстравалі ў Цэнтральным доме афіцэраў. Дарэчы, гэта датычыцца ўсіх фіналістаў — нумары былі вельмі прыгожыя, а ўдзельнікі не паказвалі нават намёку на хваляванне перад публікай (хоць яно дакладна прысутнічала).

У першым конкурсе кожная сям'я прадэманстравала невялікі фільм пра сябе, далучыўшы да яго цёплую гісторыю пра кожнага з членаў сям'і, а таксама найбольш важныя ўспаміны. Удзельнікі сапраўды творча падышлі да працэсу падрыхтоўкі — напрыклад, сям'я Ігара Казекі разыграла на сцэне тэатр ценяў, а старшы лейтэнант Лютарэвіч разам з жонкай напісаў сапраўдную п'есу.

У другім конкурсе кожная сям'я з вялікай любоўю і гонарам расказала аб родных мясцінах. І тут не абышлося без відэазамалёвак, на якіх гледачы і журы змаглі ўбачыць гарады ўдзельнікаў, таксама ў гэтым раўндзе фіналісты расказалі легенды, спявалі і танцавалі.

У трэцім конкурсе сем'і паказалі сябе па-свойму — Лютарэвічы ігралі на музычных інструментах, Кавалевічы прысвяцілі выступленне спорту, а Сазанчукі — танцу.

Адкуль пераможцы?

Журы ацэньвала не толькі форму і спосаб падачы інфармацыі, але і паўнату раскрыцця тэмы, творчыя здольнасці мужа і жонкі, уменне паднесці матэрыял. Акрамя таго, звярталі ўвагу і на ўдзел кожнага з сям'і пры падрыхтоўцы выступлення, а таксама на сацыяльную значнасць творчых нумароў.

Пераможцам конкурсу «Сям'я — крышталь грамадства» стала сям'я старшага лейтэнанта Цеплякова з Паставаў. Другое месца заняла пара Лютарэвічаў з Барысава, а трэцяе дасталася сям'і Сазанчукоў з Мінска. Усе фіналісты атрымалі ад арганізатараў, якімі выступілі Міністэрства абароны Беларусі і Цэнтральны камітэт грамадскага аб'яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», памятныя дыпломы, а пераможцы — каштоўныя падарункі.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: І падмурак, і дужы тыл

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Пазнаёміцца з навінкамі ад беларускіх дызайнераў можна было на тыдні моды, які праходзіў у Мінску з 7 да 11 лістапада.

Грамадства

Як сацыяльная рэклама змяняе стаўленне да бяздомных жывёл

Як сацыяльная рэклама змяняе стаўленне да бяздомных жывёл

«Не кідай мяне на лецішчы», «Я таксама хачу сустрэць Новы год дома» — такія кранальныя словы бачылі жыхары Масквы на білбордах з сацыяльнай рэкламай пра бяздомных жывёл.

Культура

«Свята каваля» прайшло пад Мінскам

«Свята каваля» прайшло пад Мінскам

Кожны ахвотны мог зрабіць што-небудзь з жалеза.

Спорт

Усё пра конны спорт: хараство і небяспека «жыцця» на канюшні

Усё пра конны спорт: хараство і небяспека «жыцця» на канюшні

Ганна Карасёва — самая тытулаваная айчынная спартсменка ў конным спорце, з Задыякам і Арлекінам яна выступае ў самай прыгожай, але адначасова складанай, дысцыпліне — выездцы.