Вы тут

Метафары для камунікавання Марты Шматавай


У творчым асяроддзі яе называюць святлом беларускага мастацтва. Марта Шматава з самага дзяцінства была побач з мастацтвам і ведае, як яно ўплывае на жыццё кожнага, хто хоць на хвіліну задумваецца над яго сэнсам. У маі ў жыцці аўтара адбылася доўгачаканая падзея: у галерэі «Мастацтва» адкрылася яе першая ў XXI стагоддзі персанальная выстаўка «Метамарфозы святла».


Марта Шматава не хавае, што яе мастацтва на дзевяноста пяць працэнтаў жаночае. Сапраўды, у творчасці аўтара складана знайсці твор, дзе б адсутнічаў вобраз жанчыны. У гэтыя выявы яна закладвае шмат сэнсаў: суадносіны з наваколлем, крытычнае стаўленне і лепшае разуменне самой сябе, філасофскае ўспрыманне жыцця. Яна не займаецца даследаваннем аб’ектыўнай рэальнасці. Аднак бывае, што звяртаецца і да сацыяльнай тэматыкі.

— Кожны мастак імкнецца рашыць тэму твора, прапусціўшы ўсе эмоцыі праз сябе, — расказвае Марта Шматава. — Сродкаў для гэтага безліч, пачынаючы ад таго, што найчасцей абіраеш блізкія тэмы, якія спецыяльна альбо спантанна ўтвараюць серыі. То-бок, творы пэўнага перыяду звязаныя тэматычна — і гэта ўжо адметнасць. Але і кірунак (а ў маім выпадку гэта фігуратыўнае мастацтва, сімвалізм з элементамі сюррэалізму) таксама аб’ядноўвае творы, якія нараджаюцца на тым ці іншым этапе. Я прытрымліваюся пункту гледжання, што асноўная тэма творчасці закладзена ў мастака ад прыроды і ён сам у ёй адлюстроўваецца. Мяне цікавіць чалавек, прычым (пераважна жанчына) і яго (яе) пошукі. Гэта не ёсць выключна асабістыя праекцыі і фантазіі: фокус у маіх работах ссунуты з «я» на «іншы», але, безумоўна, як асабiста я адчуваю і разумею законы, згодна з якімі выбудоўваюцца ўнутраныя разважанні, рэфлексіі, перажыванні.

У творах мастачкі светапогляд перадаецца фарбамі. За кошт колеру глядач разумее, як мастачка выбудавала кампазіцыю і які настрой задала твору. Аднак не ўсё так лёгка, бо падбор колераў Марты Шматавай асаблівы: у адным творы можна шукаць сонечныя адценні і не знаходзіць, а калі аддаляешся ад работы, усё ж можаш улавіць ледзь бачныя промні яркага святла. У адно імгненне работа становіцца іншай: зіхаціць дабрынёй, дае моцны энергетычны пасыл.

— Згодна з маімі перакананнямі, усе пытанні, якія чалавек задае сабе адносна сэнсу існавання, шляхоў самарэалізацыі, унутранай чысціні, адносін з момантам альбо вечнасцю, патрабуюць абстрагавання ад імклівасці часу, — падкрэслівае мастачка. — У карцінах, якія я паказваю на выстаўцы «Метафары святла», няма вонкавага руху. Фармальную структуру карціны ўтвараюць лакальныя каляровыя плямы. У пластычным увасабленні структура аднолькава напружаная па ўсёй паверхні палатна, а дамінанты выяўленыя за кошт найбольш яркіх колераў, светлавых або ценявых момантаў. Асаблівасць у тым, што колеравыя паверхні адначасова падпарадкоўваюцца і фармальна-абстрактнай арганізацыі палатна, і асэнсавана звязаныя з асноўнай ідэяй карціны.

Мастачку цікавіць не свет дзеянняў, а свет роздумаў і адчуванняў. Як сапраўдная жанчына, яна актыўна разважае над тым, як пачуцці могуць змяняць жыццё. І нібыта спыняе час. Ёй падабаецца не спяшацца, а ў цішыні прыслухоўвацца да сябе, аналізаваць.

Марта Шматава лічыць: мастак павінен быць свабодны, каб не трапляць у мітусню, і дазволіць сабе разняволіцца, зразумець, адчуць задуму, знайсці новыя сімвалы.

— Я не хачу адмаўляцца ад сюжэта, сыходзіць ад свету рэчаў у беспрадметнасць, містычныя практыкі, растварацца ў несвядомым, — тлумачыць аўтар. — Мова сімвалаў мне значна бліжэйшая і, на мой погляд, дазваляе захоўваць зразумелыя камунікатыўныя зносіны з гледачом, што вельмі важна. Бо без гледача і камунікацый мастацкі твор фактычна не існуе — можна смела пакідаць яго на ўзроўні думкі. Гэта складанае і аб’ёмнае пытанне, якое мае ў тым ліку і геаграфічны аспект. Але для сябе я яго вырашыла: не ствараю прастору на палатне цалкам па падабенстве з рэальнай, часта выкарыстоўваю метад калажа, спалучаючы розныя прасторы. Але мае творы нясуць паведамленні ў знакавай форме. Прыкладна як гэта і адбываецца ва ўяўленні, у думках, бо ўсе выявы ў нашай галаве — выяўленчыя метафары рэальнасці.

Творы Марты Шматавай — адлюстраванне філасофіі сучаснага свету, прадстаўленае праз прызму ідэалаў, заўважыў мастак Леанід Хобатаў. За гады прафесійнай дзейнасці аўтарскі почырк сфарміраваўся, і скапіраваць яго будзе складана.

— Тэма маёй творчасці — пераадоленне экзістэнцыяльных супярэчнасцяў. Я называю гэта пазітыўным экзістэнцыялізмам, — дзеліцца Марта Шматава. — Сёння патокі інфармацыі руйнуюць сферу прыватнага, індывідуальнага і асабістага. Чалавек занадта ўключаны ў глабальныя працэсы і губляецца ў іх. Часам сама роля чалавека зведзеная да функцыі. Я глыбока перакананая ў тым, што абвостранае адчуванне супярэчнасцяў свету не павінна адсунуць у бок імкненні да ідэалаў і пазітыўнага мыслення.

У мастачкі няма адназначнага творчага «рэцэпту» рэалізацыі мастацкай задумы. Твор можа ўзнікнуць перад вачыма абсалютна ясна і спела ў выніку азарэння. Але...

— Найчасцей ідэя да мяне прыходзіць раптоўна, а часам магу яе шукаць. Потым адначасна знаходжу фармальную структуру палатна і пластычныя вобразы галоўных персанажаў, — расказвае мастачка. — І ўсё ж найбольш задавальняльныя вынікі я атрымліваю, калі карціна добра прадумана. А потым, на этапе жывапісу, вельмі важна ўкласці ў яе пачуццё, энергію, жыць папераменна то карцінай, то ў карціне. Аднак апошнім часам больш увагі стала надаваць тэхнічным момантам жывапісу. Мне хочацца болей свабоды, аднак такой, якой кіраваць буду я, а не яна мной.

У Марты Шматавай няма дэвізу па жыцці, бо яно амаль кожны дзень змяняецца. Але ж ёй блізкая пазіцыя аўстрыйскага псіхолага Віктара Франкла, які лічыць, што духоўнасць, свабода і адказнасць — гэта тры асноўныя экзістэнцыялы існавання чалавека. Такім чынам, творчасць для аўтара і ёсць адначасова духоўнае, свабоднае і адказнае жыццё.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.