Вы тут

Гісторыя як цуд у ілюстрацыях Паўла Татарнікава


Беларускі мастак-ілюстратар Павел Татарнікаў зноў здзіўляе аматараў якаснага малюнка і кнігі серыяй цікавых ілюстрацый «Маляўнічая гісторыя Радзімы» да беларускіх народных казак у апрацоўцы Уладзіміра Ягоўдзіка «Залатая шарсцінка, срэбная павуцінка» і да серыі кніг Анатоля Бутэвіча «Сем цудаў Беларусі». Ілюстрацыі экспануюцца ў Прэзідэнцкай бібліятэцы.


У гэты праект мастак уклаў вялікую частку душы. На творчай сустрэчы Павел Татарнікаў падкрэсліў, што праз свае ілюстрацыі запрашае і чытачоў кніг, і гледачоў выстаўкі зразумець, якім велізарным багаццем валодае Беларусь і як неабходна яго захоўваць у розных формах: мастацкіх, музычных, духоўных...

— Мы павінны думаць пра тое, што будуць ведаць наступныя пакаленні пра наша жыццё, культуру і традыцыі. Калі пра гэта не паклапаціцца сёння, заўтра ўсё можа знікнуць, — упэўнены Павел Татарнікаў. — Калі малюю, заўсёды думаю, пра што мне было б цікава даведацца, калі быў падлеткам. Сюжэт будую так, каб асноўная тэма была зразумелая не толькі, напрыклад, даросламу чалавеку, але і 14-гадоваму юнаку. Мне здаецца, вельмі важна не навязваць нацыянальную ідэю, а зацікавіць ёю.

У стылістыцы і вобразнасці твораў Паўла Татарнікава спалучаецца гістарычная дакладнасць і казачны рамантызм. Што б ні ілюстраваў мастак: беларускія казкі, гістарычныя апавяданні ці легенды — усім кнігам спадарожнічае поспех і цікавасць чытачоў, як дзяцей, так і дарослых.

 Татарнікаў часта стварае вобразы, арыентуючыся на пэўныя рысы сваіх блізкіх і знаёмых. Аўтар падкрэслівае, што задача мастака-ілюстратара — стварыць вобраз. Не апісаць, не паўтарыць тэкст малюнкам, а дадаць рэальнасці. Тады і кніга атрымаецца як суцэльны твор, а ілюстрацыя ў ёй будзе ўспрымацца як мастацтва.

Цяпер творца працуе над некалькімі праектамі. Але прызнаецца, што серыя «Маляўнічая гісторыя Радзімы» — быццам доўгачаканае дзіця, бо ідэі выспявалі гадамі. Серыя стала своеасаблівым падарункам Анатолю Бутэвічу да 70-годдзя. Выстаўка будзе працаваць амаль да канца лета, наведаць яе можна, прад’явіўшы чытацкі білет альбо пашпарт.

Вікторыя АСКЕРА 

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.