Вы тут

Павел Сапоцька: Усё, што адбываецца ў музеі, мусіць адпавядаць статусу


На выставачных пляцоўках Нацыянальнага гістарычнага музея адкрываюцца новыя праекты, установа ўдзельнічае ў розных адукацыйных праграмах, актыўна працуе з замежжам. Новы кіраўнік Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь Павел Сапоцька добра знаёмы аматарам мастацтва сваёй дзейнасцю ў Мастацкай галерэі «Універсітэт культуры». Чым жыве музей сёння, якой канцэпцыі прытрымліваецца калектыў адной з вядучых культурных устаноў краіны? На гэтыя і іншыя пытанні Павел Сапоцька адказаў карэспандэнту «ЛіМа».


— Упэўнена, Павел Міхайлавіч, што на новую пасаду вы прыйшлі з новай канцэпцыяй. У чым яна заключаецца? І на што сёння робіцца акцэнт у дзейнасці музея?

— Трэба пачаць з таго, што гэтыя чатыры месяцы былі для мяне абсалютна новымі з пункту гледжання прафесіяналізму. У любым выпадку жыццё, кар’еру заўсёды падзяляеш на этапы. Таму гэты кароткі перыяд стаў часам адкрыццяў, паглыблення ў пытанні галіны, бо Нацыянальны гістарычны музей знаходзіцца на скрыжаванні культуры, ідэалогіі, навукі. Трэба вучыцца дасканала сумяшчаць усе гэтыя аспекты. Думаю, што сёння магу казаць аб прагрэсе дзейнасці музея ў цэлым.

Цяпер мы прыкладаем намаганні для рэалізацый самай галоўнай задачы — будаўніцтва новага памяшкання музея. Трэба разумець, што гэта адзін з найвядомейшых музеяў краіны, дзе павінна быць багатая нацыянальная экспазіцыя, у якой мы хочам паказваць нашы ўнікальныя калекцыі і тым самым прадстаўляць грамадству гісторыю і культуру, дасягненні краіны. Што датычыцца канцэпцыі, то ўпэўнены: усё, што адбываецца ў сценах нашай установы, павінна адпавядаць статусу Нацыянальнага гістарычнага музея. Гэта значыць, мы мусім не забываць нашу гісторыю праз прызму беларускай культуры, традыцый і каштоўнасцяў.

Сёння гістарычны музей працуе ў самых розных напрамках. Першы — навуковы. Мы з’яўляемся асветніцкай установай, але ў той жа час праводзім вялікую навуковую працу. Гэта датычыцца рэстаўрацыйнай дзейнасці, фондавай работы, выдавецкіх і экспазіцыйных праектаў, многія з якіх грунтуюцца на маштабнай навуковай глебе.

Другі напрамак — міжнародныя культурныя сувязі. Штотыдзень сустракаем дэлегацыі з замежных краін, спрабуем удзельнічаць у шматлікіх праектах, днях культуры, прымаем у сябе міжнародныя выставачныя праекты, удзельнічаем у конкурсах, канферэнцыях. Нашы супрацоўнікі рэгулярна праходзяць стажыроўкі за мяжой. Мы, без перабольшання, знаходзімся ў эпіцэнтры многіх знакавых культурных падзей свету. У Беларусі мы паказваем праекты, якія звязаны з гісторыяй іншых краін, а за мяжой папулярызуем культуру свайго народа. Формы розныя. Калі ў Амане мы паказалі выстаўку рарытэтаў гістарычнага музея, якая дэманструе Беларусь і мусульманскі свет у адным інтэграваным міжкультурным комплексе сувязяў, то ў межах дзён культуры, якія не так даўно праходзілі ў Таджыкістане, Малдове, Кітаі, Расіі, мы прадставілі сябе як дзяржаву і нацыю праз прызму гістарычных асоб і знакавых падзей, якімі ганарымся.

Самы галоўны прынцып для развіцця канцэпцыі — праца з наведвальнікамі. Лічу, у музеі павінны быць арганізаваны мерапрыемствы і для дзяцей, і для дарослых, для людзей сталага ўзросту, прафесійнай аўдыторыі і нават тых асоб, хто ўвогуле не мае дачынення да культуры. Гэта павінны быць падзеі розных скіраванасцяў. Мы працуем над арганізацыяй лекторыяў, кінапаказаў, гульняў, квэстаў, сустрэч, выставак і гэтак далей. На жаль, ёсць стэрэатып, што музей — толькі звычайныя гістарычныя выстаўкі. Настойліва працую над тым, каб пераканаць грамадства, што гэта не так. Маяркую, уся гісторыя, культура, навука і ідэалогія могуць адлюстроўвацца ў тых праектах, якія праходзяць у сценах Нацыянальнага гістарычнага музея і яго філіялаў.

— Вы закранулі тэму фарміравання нацыянальнай калекцыі. Што з’яўляецца асновай гэтай калекцыі і якім чынам яна будзе папаўняцца?

— Нацыянальная экспазіцыя ў комплексе паказвае перыяд фарміравання беларускай дзяржаўнасці, нацыі ў адзінай сістэме. Напрыклад, для новага будынка музея мы распрацавалі тэматыка-экспазіцыйны план, у якім знайшлі адлюстраванне ўсе вехі гісторыі. Мы адштурхоўваемся ад жыцця першабытнага чалавека, прымітыўных формаў развіцця культуры да нашых унікальных знакавых дасягненняў сучаснасці не толькі ў культуры, але і ў навуцы, спорце, ахове здароўя, адукацыі, прамысловасці. Задача музея — паказаць увесь гэты комплекс праз музейныя прадметы. У нас вялікія фонды. Гэта 460 тысяч адзінак захоўвання! У музеі знаходзіцца больш як 50 калекцый. Нумізматыка, сфрагістыка, старадрукаваныя кнігі, дакументы, зброя. Калекцыі будуць дапамагаць нам у дэманстрацыі вялікай нацыянальнай калекцыі Беларусі.

У гістарычным музеі сёння ёсць нацыянальная экспазіцыя, але, як мне здаецца, яна састарэла. Гэта не той фармат, які мы хочам паказваць нашай публіцы. Шмат надзей ускладаем на новы будынак музея. Менавіта там мы зможам паказаць і расказаць больш шырока пра вядомыя беларускія дынастыі, прадставіць іх генеалагічнае дрэва, прадэманстраваць рэдкія кнігі, асобную выстаўку нумізматыкі. У мяне баліць душа за тое, што мы не можам паказаць усе тыя багацці, якімі валодаем. Адзначу, што ў нашай калекцыі яшчэ ёсць унікальныя творы графікі, жывапісу, іканапісу, фотадакументы! Гэта я яшчэ не кажу пра прыватнае калекцыянаванне, бо вельмі шмат цікавых экспанатаў знаходзіцца ў руках калекцыянераў. І музей павінен працаваць з імі на дагаворнай аснове, каб найцікавейшыя прадметы таксама дэманстраваліся публіцы. Абмяжоўвацца толькі музейнымі экспанатамі, на мой погляд, — глупства. Мы павінны дапамагчы беларусам ганарыцца сваёй гісторыяй і культурай. І ў нас для гэтага ёсць усе інструменты.

— Некаторы час таму ў Нацыянальным гістарычным музеі праводзіліся камерцыйныя мерапрыемствы, якія, можна сказаць, сапсавалі рэпутацыю ўстановы. Якое ваша бачанне праблемы?

— Вельмі актуальнае пытанне. Напэўна, такія праекты сапраўды псуюць рэпутацыю, але зачыніцца ад іх складана па адной простай прычыне: прыбытак! Прывесці прыклад нескладана: у выхадныя бацькі, вядома, аддадуць перавагу прадстаўленню бонсцікаў, чым выстаўцы зброі. І гэта нашы рэаліі. Асабіста я — за баланс. Баланс унікальных асветніцкіх праектаў і забаўляльнага сегмента. Але хачу адзначыць, што гэты сегмент у любым выпадку павінен адпавядаць музею. Мы над гэтым працуем.

У нас ёсць добры ўнутраны дворык, дзе ладзім розныя мерапрыемствы. Апошнім часам гэта праграмы высокай якасці. Напрыклад, нядаўна правялі свята музыкі: прыехалі артысты з Францыі, выступалі беларускія артысты і ансамблі. Публіка ацаніла, былі водгукі. Для нас гэта цікава: з аднаго боку, ажывілі пляцоўку, з другога — падарылі людзям свята і самі папрактыкаваліся ў такой форме мерапрыемстваў. Пэўным брэндам стаў фестываль «Усё сваё». Яго можна назваць святам ежы, але гэта свята, якое мае ў сваёй аснове нацыянальнае значэнне. Музычныя матывы, дэфіле ў нацыянальных касцюмах... Такім чынам мы даказваем зацікаўленасць музея ў разнастайнасці праектаў. А калі ўзгадаць такія камерцыйныя праекты, як выстаўка работ Сальвадора Далі... Гэта ў цэлым вельмі добры аспект для прасоўвання музея. Хоць мы і не паказваем нацыянальную культуру, але знаёмім гледача з сусветным мастацтвам!

Калі ж гаворка, напрыклад, пра выстаўку парфумы ў Нацыянальным гістарычным музеі, то я стаўлюся да такога негатыўна. Забаўляльны кампанент трэба інтэграваць у рамкі сацыяльна-культурных праектаў. Форма падачы павінна быць адпаведная. На мой погляд, гэта цалкам рэальна і не пашкодзіць рэпутацыі музея.

Уздымаць імідж можна і дзякуючы працы са сродкамі масавай інфармацыі, якія дапамогаюць даведвацца пра нас людзям. Па папярэднім месцы працы зразумеў, што СМІ — галоўная сіла, якая дапамагае канцэнтраваць увагу вакол установы.

— У любой краіне свету гістарычны музей заўсёды з’яўляецца вядучым. Аднак у Беларусі ўзровень мастацкага музея характарызуюць больш высокім, чым узровень гістарычнага. Ці ёсць сёння паміж двума музеямі канкурэнцыя? Калі так, то ці збіраецеся вы адваёўваць статус вядучага музея?

— З упэўненасцю магу сказаць, што мы будзем змагацца за гэты статус і ўжо змагаемся.

Сёння мы саступаем мастацкаму музею па будынку. Там цудоўная вялікая пляцоўка, якая на дадзены момант аб’ектыўна мацнейшая, але паколькі мы самі рыхтуемся ў 2020 годзе пераехаць, то, думаю, сітуацыя можа змяніцца.

Мастацкі музей абмежаваны сваім жа профілем. Менавіта таму мы прапанавалі калегам супрацоўнічаць і развіваць сумесныя праекты. Асабіста мне імпануе, што мастацкі музей — моцны і годны канкурэнт для нас. Гэта ўплывае на арганізацыю якасных мерапрыемстваў на нашых пляцоўках. Напрыклад, калі мастацкі праводзіў выстаўку, прысвечаную Язэпу Драздовічу, мы з задавальненнем далі экспанаты, якія захоўваюцца ў нас. Таксама сумесна рыхтуем вялікі праект па спадчыне Напалеона Орды, які будзе прадстаўлены ў Кітаі. Мне здаецца, ва ўмовах нашай дзяржавы супрацоўніцтва непазбежна, але і факт канкурэнцыі я не адмаўляю.

 — Гістарычны музей, як вы адзначылі, сёння шмат працуе над папулярызацыяй айчыннай культуры на міжнародным узроўні. Але ў грамадстве існуе стэрэатып, што наша культура не так і шырока прадстаўлена ў свеце...

— Калі шчыра, то стэрэатып з мінулага. За апошнія гадоў дзесяць наша краіна зрабіла столькі крокаў наперад, каб пра нас ведалі, што недаацэньваць гэтага проста нельга. Са свайго боку як кіраўнік музея я магу адказаць, што культура дэманструецца не толькі для таго, каб перадаць асаблівасць краіны, але і каб аб’ядноўваць культуры, дзе часам шмат агульнага. На канкрэтных прыкладах можна паказаць: з іншымі краінамі нам ёсць пра што развіваць дыялог. Напрыклад, цяпер мы працуем над рэалізацыяй выстаўкі да 80-годдзя Ігара Лучанка, якая пройдзе ў Дзелавым культурным комплексе Пасольства Беларусі ў Расіі. Там пакажам і выстаўку наіўнага мастацтва беларускіх мастакоў з фондаў нашага музея. У Калінінградзе плануем прадставіць выстаўку, прысвечаную Напалеону Орду, а з Калінінграда ў Мінск прывезці ваенныя замалёўкі мастакоў Беларусі. Прадставім выстаўку праваслаўных і каталіцкіх ікон у Сербіі. Рыхтуем дні культуры ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах і яшчэ вельмі шмат праектаў у многіх краінах.

Ведаю, што свет цікавіцца культурай нашай краіны, і разумею, колькі мы яшчэ можам зрабіць.

Гутарыла Вікторыя АСКЕРА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Школа заўтрашняга дня. У трэндзе — медыянавыкі, гейміфікацыя і сторытэлінг

Школа заўтрашняга дня. У трэндзе — медыянавыкі, гейміфікацыя і сторытэлінг

У мінулыя выхадныя сталічны бізнес-клуб «Імагуру» ўжо другі раз прымаў на сваіх плошчах педагагічную неканферэнцыю. 

Культура

Гісторыкі спадзяюцца знайсці дакладную дату заснавання Мірскага замка

Гісторыкі спадзяюцца знайсці дакладную дату заснавання Мірскага замка

Вызначыць дакладны час з'яўлення на Беларусі вядомага абарончага збудавання дагэтуль немагчыма, хоць розных гіпотэз існуе шмат.

Спорт

Уладзімір Шантаровіч: Кажуць, я — геній, і мне гэта вельмі не падабаецца

Уладзімір Шантаровіч: Кажуць, я — геній, і мне гэта вельмі не падабаецца

Як трэнер пабудаваў сістэму, якая выхоўвае алімпійскіх чэмпіёнаў.

Грамадства

Як дзяўчаты з асаблівасцямі развіцця ўпершыню ствараюць модную калекцыю

Як дзяўчаты з асаблівасцямі развіцця ўпершыню ствараюць модную калекцыю

У лістападзе ў Мінску пройдзе Беларускі тыдзень моды.