Вы тут

Цікавы эксперымент праходзіць у беларускім войску


 

Капітальны рамонт — рэч няпростая, але вельмі карысная, паколькі ён скіраваны на тое, каб палепшыць побытавыя ўмовы. Якраз ён і праходзіць у часцях і злучэннях Узброеных Сіл Беларусі. Сярод іншага, ён істотна зменіць і 72-і Аб'яднаны вучэбны цэнтр падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў.


У ім дзве воінскія часці ўжо змянілі прапіску на новыя казармы. Яны абсталяваны душавымі кабінамі і пральнымі машынамі. Адчыніла свае дзверы і чацвёртая сталовая. Неўзабаве скончыцца рамонт двух клубаў. А ў верасні пачнуцца работы яшчэ ў адной сталовай і ў медыцынскай роце.

Акрамя таго, у навучальным цэнтры быў праведзены цікавы эксперымент. У чатырох воінскіх часцях быў крыху зменены распарадак дня. Пад'ём пачаў адбывацца не а 6-й раніцы, а на гадзіну пазней. І аказалася, што гэта станоўча паўплывала не толькі на якасць навучання, але і на маральна-псіхалагічны стан ваеннаслужачых. Менавіта таму вучэбныя вайсковыя часці і перайшлі на пад'ём а 7-й.

— Згодна з агульнавайсковымі статутамі сон ваеннаслужачага мусіць складаць 8 гадзін, — кажа начальнік 72-га гвардзейскага аб'яднанага вучэбнага цэнтра падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў гвардыі палкоўнік Уладзіслаў БУДЗІК. — Мы падалі прапановы крыху змяніць гэтае палажэнне, каб сон складаў не менш за 8 гадзін.

У месцах размяшчэння асабовага складу запрацавала новая сістэма відэаназірання. У адной казарме працуюць 64 камеры. 14 з іх размешчаны непасрэдна там, дзе салдаты жывуць, яшчэ па дзве — на лесвічных пралётах. Пад увагу аб'ектыва трапляе ўсё, што адбываецца ў будынках. Карцінка з яго выводзіцца на спецыялізаваны вялікі манітор і захоўваецца ў відэаархіве на працягу трох з паловай тыдняў. Якасць карцінкі дазваляе разгледзець усё да дробязей, паколькі сігнал перадаецца ў фармаце HD. Пішуць камеры і гук — адчувальныя мікрафоны ловяць нават ціхі шэпт. Акрамя таго, камеры на ўваходзе скануюць твар ваеннаслужачага і распазнаюць яго, што дазваляе адсочваць усе перамяшчэнні і дзеянні ў казарме. У тым ліку — і сачыць за месцамі захоўвання зброі.

— Такой сістэмай аснашчаны пяць вайсковых часцей, — сцвярджае Уладзіслаў Будзік. — Паступова яна будзе ўсталявана і ў іншых казармах. А таксама — у медроце і сталовай пасля завяршэння капітальнага рамонту будынкаў.

Тэатр, як вядома, пачынаецца з вешалкі, а побыт у казарме — з увахода. Пасля капітальнага рамонту на ўваходзе ў будынак, дзе жывуць салдаты 59-й школы па падрыхтоўцы спецыялістаў па эксплуатацыі аўтамабільнай тэхнікі і рамонтных падраздзяленняў, з'явілася велізарнае электроннае табло. Яно працуе ў рэжыме звычайнага гадзінніка-тэрмометра. Але праз некалькі секундаў карцінка змяняецца. Радавога Каляду з 3-й вучэбнай роты віншуюць з днём нараджэння.

Ужо чатыры гады, як казармы пераведзены на гарачае водазабеспячэнне. Двух'ярусныя ложкі адышлі ў мінулае. На тумбачках — рамкі з фотаздымкамі. Пакоі для ўмывання абсталяваны пральнымі машынамі і душавымі кабінамі.

Цікаўлюся: як часта могуць салдаты званіць дадому?

— Мы дазволілі такім чынам захоўваць фотаздымкі родных і блізкіх салдат, — кажа начальнік 59-й школы падрыхтоўкі спецыялістаў па эксплуатацыі аўтамабільнай тэхнікі і рамонтных падраздзяленняў падпалкоўнік Эдуард НІКУЛЬЧА. — Гэта добра паўплывала на мікраклімат. Мабільныя тэлефоны ў нас выдаюцца толькі ў вольны ад вучобы час.

Між тым у навучальных класах устаноўлены комплексныя трэнажоры. Курсанты асвойваюць тры спецыяльнасці — камандзіра танка Т-72Б, наводчыка-аператара і механіка-кіроўцы. Радавы Алег ЧАРКАС вядзе на экране манітора танк, нібыта ў камп'ютарнай гульні. Дэтальна прамалёўваюцца ўсе магчымыя няроўнасці. Але на гэтым падабенства і заканчваецца. Асобна на экран выведзена прыборная панэль — усе лямпы, рычагі, як і ў сапраўдным танку.

— Я рыхтуюся да сапраўднага кіравання. Споўнілася толькі тры месяцы, як служу. Але ўжо праехаў не адзін кіламетр у сапраўдным танку. Акліматызацыя праходзіць вельмі хутка, розніцы паміж віртуальным і рэальным кіраваннем вельмі мала.

Але, як кажуць, вайна вайной, а абед па раскладзе. У 72-м вучэбным цэнтры пасля рамонту адкрылася сталовая. Што ж у ёй новага?

— У нас харчуюцца больш за тысячу ваеннаслужачых, — кажа начальнік харчовай службы 72-га Аб'яднанага вучэбнага цэнтра капітан Аляксей ДЗЯЛЕНДЗІК. — Рацыён разнастайны. Штомесяц мы апытваем ваеннаслужачых і стараемся падстроіцца пад іх густы. Просяць бульбу фры, сушы. Але зразумела, што такую ежу мы ў салдацкі рацыён уключыць не можам. Большасць пісалі, што не хапае бульбянога пюрэ. Мы зрабілі так, каб 3-4 разы на тыдзень яго давалі. Сталі крыху часцей даваць і боршч па-хатняму. І мы імкнёмся максімальна зрабіць так, каб салдаты харчаваліся як дома.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.