Вы тут

Па іншы бок жыцця


Творы мастакоў з асаблівасцямі развіцця як глеба для даследавання на выстаўцы «Аўтсайдар-арт»

На жаль, грамадства не заўсёды разумее, што людзі з асаблівасцямі псіхічнага развіцця таксама могуць быць пазітыўнымі, аптымістычнымі, творчымі... Галоўнае, каб быў шанс рэалізоўвацца і каб побач была моцная рука, якая падтрымае. Зразумець гэта дапаможа выстаўка «Аўтсайдар-арт», што размясцілася ў выставачнай прасторы «Грай-кафэ». На ёй прадстаўлены творы ўдзельнікаў студыі выяўленчага мастацтва «Надзея», якая дзейнічае ў псіханеўралагічным доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў No 2 Мінска.


Павел Буткоўскі «Букет».

Напрамак аўтсайдар-арт (альбо як яго яшчэ называюць арт-брут) стаў актуальным у нашай краіне з 2009 года дзякуючы кіраўніку студыі выяўленчага мастацтва «Надзея» Таццяне Бірулі і вядомаму мастаку і галерысту Фёдару Ястрабу. Яны ў тандэме зладзілі шмат выставак твораў людзей з асаблівасцямі развіцця. Такім чынам арганізатары маюць на мэце паказаць: якім бы хворым ні быў чалавек, ён усё роўна можа быць таленавітым, годным не толькі спагады, але і павагі. Для творцаў выстаўка дае магчымасць самарэалізацыі, а гледачу дапамагае спасцігнуць свет іншага чалавека.

— У кожнага аўтара прадстаўленых карцін свая трагедыя. Многія былі пакінуты ў дзіцячым доме вельмі маленькімі, не скончылі нават дапаможную школу, не ўмеюць чытаць і пісаць, — расказала куратар выстаўкі Таццяна Біруля. — Людзей, якія жывуць у доме-інтэрнаце, нельга назваць прафесійнымі мастакамі, але творцамі ад душы, безумоўна, можна. Іх творы здаюцца наіўнымі, часам даволі дзіўнымі і ў той жа час цікавымі. Праз іх можна ўбачыць тонкія нюансы, якія так ці інакш кранаюць мастака. Гэта не проста творчасць для прагляду, гэта даследчы матэрыял. Па маленькіх работах можна вывучаць чалавека. У людзей з асаблівасцямі развіцця праз творчасць раскрываюцца пэўныя тайны. І нам, людзям, якія знаходзяцца побач, магчыма, не трэба іх разгадваць, а трэба зрабіць гэтую тайну патрэбнай.

Экспазіцыя не проста цікавая, яна цёплая і моцная энергетычна. Галоўнае адрозненне творцаў-аўтсайдараў ад астатніх мастакоў — гэта ўмовы, у якіх яны працуюць. Хваробы, адзінота, цяжкае жыццё — усе гэта дапамагае зразумець вялікую каштоўнасць дабрыні, любові, узаемаразумення.

— Я не бачу на карцінах ні дэпрэсіўнасці, ні агрэсіі. І калі не ведаць, што аўтары маюць асаблівасці псіхічнага развіцця, то пра гэта наогул не падумаеш, — адзначае мастацтвазнаўца Ларыса Фінкельштэйн. — Тое, што робіць Таццяна Біруля ў сваёй студыі выяўленчага мастацтва «Надзея», — вельмі цяжкая і неверагодна высакародная праца. На такіх падзвіжніках і трымаецца свет. Хочацца пажадаць, каб мы ўсе станавіліся больш цёплымі і пяшчотнымі ў адносінах да людзей, якія побач з намі і не такія як мы. Мне ўвогуле цікава назіраць, як кожны з аўтараў удала выбірае колер, вызначаецца з кампазіцыяй. У гэтых мастакоў ёсць чаму павучыцца нават прафесіяналам.

Усе мы жывём у рытмах свайго ўласнага клопату, забываючы часам проста азірнуцца вакол і заўважыць людзей, якія знаходзяцца па іншы бок жыцця па розных прычынах. Такія выстаўкі дапамагаюць задумацца пра важнае і, магчыма, пераасэнсаваць сваё жыццё і дапамагчы незвычайнаму чалавеку зразумець, што ён тут патрэбны.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.