Вы тут

Дайджэст навін з рэгіёнаў Беларусі


Плюс 100!

У Талачыне сёлета прайшла сотая рэгістрацыя нованароджанага.

Аддзел ЗАГС павіншаваў маладых бацькоў з райцэнтра Дзмітрыя і Кацярыну Пазняковых, чыя дачка Мілана стала сотым зарэгістраваным малым у 2018 годзе, паведамляе «Наша Талачыншчына».

Падчас урачыстай рэгістрацыі нованароджанай прысутнічалі бацькі, бабулі малой, мясцовы актыў.

— Паважаныя бацькі, няхай нараджэнне дзіцяці яшчэ больш аб'яднае вашу сям'ю. Матулі прынясе шчасце і ўсведамленне вялікай моцы жанчыны, а бацьку — вялікі гонар за тое, што гэты маленькі чалавек носіць яго прозвішча, з'яўляецца яго працягам. Не забывайцеся, што сапраўднае шчасце сям'і, калі ў хаце гучаць дзіцячыя галасы. І па традыцыі аддзел ЗАГС з вамі не развітваецца, а кажа вам: «Да новых сустрэч». Чакаем вас праз некаторы час з яшчэ адным сынам або дачушкай, — пажадала бацькам загадчыца загса Ірына Парэпка.

Дарэчы, для Дзмітрыя і Кацярыны нованароджаная стала другім дзіцём у сям'і, пара ўжо выхоўвае пяцігадовага Данііла.


Выхаванне ў найлепшых традыцыях

Юныя браслаўчане вывучаюць з маленства беларускую мову і народныя традыцыі.

Такім яскравым і ў той жа час надзвычай цёплым і пяшчотным атрымалася чарговае свята ў першым гарадскім дзіцячым садку. А прысвячалася яно Году малой радзімы і роднай беларускай мове, паведамляе «Браслаўская звязда».

Дарэчы, выхавальнікі гэтай дзіцячай установы пра важнасць ведання мовы не забываюць: вывучаюць з малымі беларускія вершы і песні, праводзяць заняткі па-беларуску. Ды і прылашчыць ці пажурыць на роднай мове атрымліваецца так натуральна! Вось і на свяце дзеці з задавальненнем расказвалі вершыкі, спявалі, гулялі ў народныя гульні. Акрамя таго, даведаліся ад выхавальнікаў цікавыя факты пра сваю малую радзіму.


Строй народны — заўсёды модны

Арт-праект «Творчасць. Пазнанне. Уменне» прайшоў у аграгарадку Валаўск Ельскага раёна, піша «Народны голас».

Дзень адкрытых дзвярэй у Валаўскім цэнтры народных традыцый ператварыўся ў сапраўдную сельскую вечарыну.

У той дзень у вясковы клуб завіталі выхаванцы мясцовай сярэдняй школы. Работнікі цэнтра прэзентавалі відэапраект аб роднай старонцы, які быў прысвечаны Году малой радзімы. А надалей школьнікаў чакала сапраўдная сельская вечарына. Паколькі мерапрыемства праходзіла сярод розных старадаўніх рэчаў, то дзеці з цікавасцю даведаліся, як гэтымі прыладамі працы карысталіся нашы продкі, якое адзенне насілі ў святы і паўсядзённа. Пад апладысменты гледачоў прайшло дэфіле народнага адзення «Строй народны — заўсёды модны».

А потым пачалося самае сапраўднае вясковае свята. Народны жаночы ансамбль «Валошкі» спяваў прыгожыя песні разам са школьнікамі. Дзеці адгадвалі загадкі, спявалі знаёмыя ўсім народныя песні, гулялі ў гульні, а потым яшчэ і танцавалі. Раўнадушных на свяце не было.

Падрыхтавала Вольга АНУФРЫЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.