Вы тут

Дайджэст навін з рэгіёнаў Беларусі


Разам лягчэй

Карэспандэнт газеты «Ляхавіцкі веснік» завітала ў аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў Ляхавіцкага ТЦСАН, дзе распытала наведвальнікаў пра іх радасці і праблемы.

Галоўны плюс гэтых устаноў у тым, што ты не застаешся са сваімі пакутамі сам-насам. Анастасіі Ракашэвіч
з Гаслаўшчыны 19 гадоў, днямі яна ўпершыню завітала ў аддзяленне. Спачатку не хацела, але сяброўка, якая займаецца ў такім жа цэнтры ў іншым горадзе, пераканала. У выніку засталася задаволеная: «Цягне паспрабаваць многае, мару навучыцца шыць лялькі ў стылі тыльда, асвоіць тэхніку дэкупаж. Уразіла камфортная абстаноўка, асаблівая ўтульнасць, адчуваеш сябе па-дамашняму. Тут знайшла тое і тых, чаго і каго мне вельмі не хапала апошнія два гады пасля вучобы ў Асіповіцкай школе-інтэрнаце, — аднадумцаў, якія разумеюць цябе без слоў», — гаворыць дзяўчына.

Не абышлося і без размовы пра надзённыя клопаты. Ала Шапель наведвае аддзяленне восем гадоў: «Дабірацца складана: спецыяльны транспарт не прадугледжаны, а на калясцы няма магчымасці. Дзе тратуары вузкія, дзе бардзюры высокія, на горку пад райбальніцу на інваліднай калясцы нялёгка падымацца. Сюды сябры падвозяць, старшыня раённай арганізацыі інвалідаў Людміла Гняцецкая часта дапамагае дабрацца да аддзялення». Цяжкасці сустракаюцца і ў іншых месцах. Анастасія дадае: «У Русінавічах на адным з паваротаў не прадугледжаны пешаходны пераход, і пакуль дойдзеш да бліжэйшай «зебры», трэба пераадолець высокі бардзюр. Зрабіць гэта з хадулямі для мяне складана: даводзіцца ісці па праезнай частцы. Небяспечна, ды і перашкаджаю транспарту».


Дзень з фельчарам

Часова змяніць рэдакцыю на медкабінет вырашыла карэспандэнт газеты «Хойніцкія навіны». Яна з васьмі гадзін раніцы працавала разам з фельчарам выязной брыгады аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі Хойніцкай ЦРБ Максімам Залужным.

За гэты, шчыра кажучы, няпросты дзень атрымалася адчуць розныя эмоцыі. Ужо праз дзесяць хвілін да фельчара звярнуўся жыхар вёскі Слабажанка са скаргай на галаўны боль. Максім зрабіў укол і даў таблетку. Пасля аказання дапамогі пачаў праверку медыцынскага абсталявання. Паглядзеў, ці зараджаныя кардыёграф і дэфібрылятар, ці дастаткова кіслароду ў балонах, ці хапае лекаў. Апоўдні паступіў выклік: у хаце стала дрэнна бабулі. Фельчар паспеў і аказаў усю неабходную дапамогу, пасля чаго жанчыну адвезлі ў бальніцу.

А потым яго чакаў выклік з прычыны смяротнага выпадку. Максім канстатаваў смерць мужчыны, пакуль на месца з'язджаліся міліцыя, следчы і судэксперт. За два гады на гэтай пасадзе фельчар абслужыў 2150 выклікаў, нават дапамог нарадзіцца двум дзеткам. Па-за працай Максім марыць дасканала авалодаць італьянскай мовай, а аднаўляе свой эмацыянальны стан, катаючыся на роліках.


Сям'я — пераможца

У Зельве жыве сям'я Вольгі і Андрэя Лянец. Яны разам з дзецьмі — Арцёмам і Ульянай — перамаглі ў абласным анлайн-фестывалі «Сям'я ў ХХІ стагоддзі», паведамляе раённая газета «Праца».

Упершыню будучыя муж і жонка ўбачылі адно аднаго ў летнім лагеры, але пазнаёміліся толькі праз некаторы час у сяброў. Праз год згулялі вяселле. Андрэй працуе ў праваахоўных органах, Вольга — метадыст цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Сын Арцём зараз вучыцца ў чацвёртым класе, іграе на баяне, разам з татам займаецца фізкультурай і глядзіць спартыўныя перадачы. Дачцэ Ульяне пяць гадоў, яна танцуе і малюе. Традыцыйнымі сталі ўжо сямейныя святы, калі ўсе разам гатуюць смачненькае, прыдумляюць конкурсы і сюрпрызы. У вольны час сям'я Лянец любіць вандраваць па Беларусі, ездзіць у велапаходы, на прыроду, наведвае новыя гарады.


Гандаль парушыў правілы

Спецыялісты Маладзечанскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі знайшлі ў гандлёвых аб'ектах парушэнні патрабаванняў санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства па рэалізацыі харчовай сыравіны і харчовых прадуктаў, паведамляе «Маладзечанская газета».

З пачатку гэтага года былі абследаваны 110 розных гандлёвых кропак, у тым ліку вядомых сеткавых крамаў. На 13 аб'ектах не выконваліся патрабаванні да маркіроўкі харчовай прадукцыі, на 11 рэалізоўвалася пратэрмінаваная, на чатырох не выконваўся тэмпературны рэжым захоўвання і рэалізацыі, на 78 выяўлены іншыя парушэнні. У выніку забаронена рэалізацыя 246 кілаграмаў недабраякасных харчовых прадуктаў. У адрас кіраўнікоў суб'ектаў гаспадарання накіраваны рэкамендацыі па ліквідацыі выяўленых парушэнняў.

Надзея АНІСОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.