Вы тут

Сцяпан Некрашэвіч. Руплівец мовы


Ён арганізаваў у Адэсе трыццаць беларускіх школ, стаў аўтарам першага "Буквара" Савецкай Беларусі, ініцыятарам стварэння і першым кіраўніком Інбелкульта

Настаўнік, салдат на перадавой Першай сусветнай, апантаны нацыянальнай ідэяй эсэр — ідэйны праціўнік бальшавікоў, супрацоўнік Наркамата асветы Савецкай Беларусі, ініцыятар і першы кіраўнік Інстытута беларускай культуры, віцэ-прэзідэнт Нацыянальнай акадэміі навук, дырэктар Інстытута мовазнаўства, ссыльны, пазбаўлены ўсіх званняў і рэгалій, асуджаны і расстраляны "вораг народа", рэабілітаваны і адноўлены на пасадзе акадэміка... Яго біяграфія так падобная на біяграфіі іншых герояў нашай рубрыкі. А вось гэта — менавіта пра яго, Сцяпана Некрашэвіча: апантаны філолаг, у многім дзякуючы якому беларуская мова з вуснай "мужыцкай" ператварылася ў мову народа асобнай рэспублікі — з правіламі, слоўнікамі, тэрміналогіяй...


Настаўнік ідзе на вайну

Сцяпан Міхайлавіч Некрашэвіч нарадзіўся ў красавіку 1883 года ў вёсцы Данілаўка тагачаснага Бабруйскага павета (цяпер Светлагорскі раён Гомельскай вобласці). У сваёй аўтабіяграфіі ён пісаў, што паходзіць з сялян, але сучасныя навукоўцы "раскапалі" яго шляхецкія карані. Доктар гістарычных навук Эмануіл Іофе ў сваім артыкуле "Першы старшыня Інбелкульту" прыводзіць нават дакументы, якія сведчаць аб прыналежнасці да дваранства роднага дзядзькі Некрашэвіча Рыгора Фёдаравіча. Адпаведна, бацька нашага героя, Міхал Фёдаравіч, наўрад ці мог пісацца селянінам. Зрэшты, розніцы ў тым вялікай няма: шалёныя падзеі першых дзесяцігоддзяў ХХ стагоддзя перамяшалі і перамясілі лёсы сотняў тысяч людзей незалежна ад іх сацыяльнай прыналежнасці.

Так было і з Некрашэвічам. Атрымаў трывалую настаўніцкую адукацыю — спачатку навучаўся дома ў "дарэктара", пасля ў настаўніцкай семінарыі ў Панявежысе, у Віленскім настаўніцкім інстытуце. Працаваў па спецыяльнасці — вучыў дзяцей. Так было б, пэўна, і надалей, але вайна, якая пачалася, унесла свае карэктывы: вясковага настаўніка мабілізавалі і накіравалі служыць на Румынскі фронт.

Рэвалюцыя — спачатку Лютаўская, заспела яго там, у акопах. Салдаты абралі адукаванага саслужыўца ў армейскі камітэт 6-й арміі. А з верасня 1917 года Некрашэвіч, як сам адзначаў у аўтабіяграфіі, быў "чыноўнікам вайсковага часу", але, дадзім, — з нацыянальным ухілам: ужо тады арганізаваў беларускую вайсковую канферэнцыю ў Адэсе.

Пасля кастрычніка 1917 года пад кіраўніцтвам Некрашэвіча (які на той час быў членам Беларускай Сацыялістычнай Грамады) утварыўся і дзейнічаў "Беларускі нацыянальны камісарыят у Адэсе". Логіка была зразумелая: у паўднёвым горадзе знаходзілася шмат беларускіх бежанцаў і салдат... У кастрычніку 1918 года "Дзянніца" паведамляла, што дзякуючы намаганням Некрашэвіча ў Адэсе на пачатку навучальнага года адкрыта "30 пачатковых беларускіх школ і беларуская змешаная гімназія ў складзе першых чатырох класаў".

У Адэсе ён вучыўся ў Вышэйшым міжнародным інстытуце, загадваў беларускай секцыяй пры губернскім аддзеле народнай асветы. Сказаць, што быў лаяльны да бальшавікоў у той час, нельга, хутчэй наадварот. Пасля распаду БСГ у 1918-м далучыўся да Беларускай партыі эсэраў, стаў адным з яе кіраўнікоў. Эмануіл Іофе прыводзіць яшчэ адзін цікавы неадназначны факт з тагачаснага перыяду жыцця Некрашэвіча: "13 студзеня 1919 года старшыня размешчанага ў Адэсе "Беларускага нацыянальнага цэнтру" Сцяпан Некрашэвіч звярнуўся да камандуючага войскамі Антанты на поўдні Расіі генерала Бэртэло з мемарандумам аб стварэнні Заходняй Беларускай арміі [ ], якая мае мэтай барацьбу з бальшавікамі. Некрашэвіч абяцаў стварыць з бежанцаў, якія прыбылі з Беларусі, вайсковы кантынгент колькасцю да 40 тысяч чалавек. Але задума не ажыццявілася"...

Палітык падаўся ў навуку

Увесну 1920 года Некрашэвіч пераязджае ў Мінск (на той час, як і большая частка тэрыторыі Беларусі, заняты палякамі). Працуе ў складзе Беларускага нацыянальнага камітэта, адстойвае правы сялян, у якіх польскія жаўнеры забіраюць апошняе. У барацьбе з акупантамі бальшавікі і эсэры знайшлі пункты судакранання, але не надоўга. Пасля вызвалення Мінска ўлетку 1920 года партыя эсэраў агучыла свае патрабаванні, але бальшавікі іх не прынялі. Тады эсэры адмовіліся прызнаваць дэкларацыю аб незалежнасці ССРБ...

Дзіўныя былі часы. Ужо ў канцы 1920 года нядаўна перакананы эсэр Некрашэвіч, які хацеў сабраць армію супраць бальшавікоў, апынаецца на пасадзе ў Наркамаце асветы БССР, якой кіруюць бальшавікі. Як такое магло здарыцца? "Выпадак па тым часе быў хутчэй тыповы, — тлумачыць кандыдат гістарычных навук, загадчык аддзела навейшай гісторыі Інстытута гісторыі НАН Сяргей Траццяк. — Успомнім, што Жылуновіч прыйшоў з левага крыла "грамадоўцаў", Ігнатоўскі — з тых жа эсэраў. У той час бальшавікі яшчэ цярпіма ставіліся да іншадумцаў, а ў выпадку з беларускай рэспублікай адчуваўся востры недахоп менавіта нацыянальных кадраў, таму прыцягненне да працы на глебе нацыянальнай асветы Некрашэвіча, які меў пэўны ўдалы досвед у гэтай справе, зусім не выглядае дзіўным".

Менавіта Некрашэвічу належыць ідэя стварэння даследчыцкай установы, якая будзе вывучаць культурныя каштоўнасці і здабыткі беларускага народа. У студзені 1921 года на сходзе, скліканым Наркамасветы, Сцяпан Некрашэвіч зачытаў даклад, у якім ён прапанаваў стварыць "адпаведную лабараторыю". "Гэтая ўстанова пры самай шырокай падтрымцы нашае сацыялістычнае ўлады павінна згуртаваць вакол сябе ўсе беларускія сілы, дзе б яны ні знаходзіліся, выкарыстаць іх па простаму іх прызначэнню і быць адказнай за культурную справу на Беларусі", — цытуе Эмануіл Іофе вытрымкі з гэтага даклада.

Інбелкульт стварылі толькі праз год, але ідэя Некрашэвіча пачала рэалізоўвацца ў выглядзе Навукова-тэрміналагічнай камісіі Наркамата асветы, задачай якой была распрацоўка беларускай навуковай тэрміналогіі розных сфер жыцця. У склад камісіі ўваходзілі гуманітарная, прыродазнаўчая і матэматычная секцыі. Сябрамі камісіі былі Янка Купала, Якуб Колас і, канешне, Сцяпан Некрашэвіч. За зусім кароткі час секцыі камісіі апрацавалі больш за дзве тысячы тэрмінаў.

У студзені 1922 года на базе Навукова-тэрміналагічнай камісіі быў заснаваны Інстытут беларускай культуры — першая шматгаліновая навукова-даследчыцкая ўстанова рэспублікі. Яе задачай было арганізаваць планамернае вывучэнне этнаграфіі, мовы, літаратуры, мастацтва, гісторыі, геаграфіі, прыроды, эканомікі, сацыяльна-грамадскага руху Беларусі, а таксама аб'ядноўваць і каардынаваць усю навукова-даследчыцкую работу ў БССР. Старшынёй інстытута прызначылі Сцяпана Міхайлавіча Некрашэвіча.

Плёнам працы гэтай установы стала найперш выданне падручнікаў — у многіх дысцыплінах тут давялося пачынаць практычна з нуля. А яшчэ Інстытут адкрываў беларусаў як асобны народ і самім беларусам, і іхнім суседзям. Цікавы факт аб эфектыўнай дзейнасці гэтай установы прыводзіць Эмануіл Іофе: "У сувязі з меркаваным у 1924 годзе адкрыццём сельскагаспадарчай выставы ў Маскве кіраўніцтва Інбелкульту ў 1923 годзе накіравала ў Чэрвеньскі і Бабруйскі раёны этнаграфічныя экспедыцыі, якія сабралі каля 340 экспанатаў матэрыяльнай і духоўнай культуры (тканіны, паясы, вышыўка, народныя музычныя інструменты і інш.) і зрабілі шмат фотаздымкаў. Беларускі этнаграфічны аддзел на выставе атрымаў найвышэйшую прэмію"...

Лінгвіст мяняе правапіс

І ўсё ж галоўнай справай жыцця Сцяпана Некрашэвіча была беларуская мова, якой ён рупіўся надаць усе атрыбуты дзяржаўнай мовы самастойнай рэспублікі. Ці можна сёння сказаць, што Сцяпан Некрашэвіч быў пачынальнікам сучаснага беларускага мовазнаўства? "Гэта не зусім так, — адказвае кандыдат філалагічных навук, дырэктар Інстытута мовазнаўства НАН Ігар Капылоў. — Заснавальнікам, а тым самым і пачынальнікам сучаснага беларускага мовазнаўства з'яўляецца Яўхім Карскі, які ўпершыню апісаў сістэму беларускай мовы, паказаў яе сувязь з іншымі славянскімі мовамі і вызначыў яе нацыянальную спецыфіку. Заслуга Сцяпана Некрашэвіча ў тым, што ён працягнуў традыцыі Карскага і развіў іх на новым узроўні. Ён прымаў актыўны ўдзел у апрацоўцы беларускай навуковай тэрміналогіі па розных галінах ведаў, у падрыхтоўцы лексікаграфічных прац ("Беларуска-расійскага слоўніка", "Расійска-беларускага слоўніка"), якія адыгралі надзвычай важную ролю ў станаўленні і нармалізацыі лексічнага складу беларускай літаратурнай мовы. Яму належыць канцэпцыя ўкладання слоўніка жывой беларускай мовы, які характарызаваўся ўсімі адзнакамі сапраўднага акадэмічнага лексікона (абгрунтаваў часавыя межы выдання, крыніцы адбору слоў, акрэсліў структуру слоўнікавага артыкула). Задуманы акадэмічны слоўнік грунтаваўся найперш на тым жывым лексічным матэрыяле, які выкарыстоўваўся ў зносінах людзей. Акрамя таго, у яго меркавалі ўключыць абазначальныя сродкі фальклорна-этнаграфічных крыніц, лексіку з твораў мастацкай літаратуры і іншых выданняў. Паколькі базай слоўніка жывой беларускай мовы павінны былі стаць лексічныя набыткі тагачасных беларускіх гаворак, то на першым этапе стварэння нацыянальнага слоўніка акадэмік Некрашэвіч лічыў неабходным падрыхтаваць слоўнікі дыялектнай мовы. Некрашэвіч стаяў ля вытокаў стварэння серыі рэгіянальных, ці краёвых, як тады іх называлі, слоўнікаў".

Слоўнік жывой беларускай мовы павінен быў стаць галоўным вынікам навуковай дзейнасці Сцяпана Некрашэвіча. Працуючы ў 1925-1926 гадах пад кіраўніцтвам Яўхіма Карскага ў Ленінградзе, куды яго накіравалі для павышэння лінгвістычнай кваліфікацыі, ён адначасова працаваў над гэтым праектам. Да збору лексічнага матэрыялу, дзякуючы закліку Некрашэвіча на Першым з'ездзе краязнаўцаў, далучылася ўся рэспубліка: словы і выразы дасылалі студэнты, настаўнікі, вучні. Гэта магло стаць б фундаментальнай працай: было зафіксавана 382 047 слоў. Але да 1929 года ўдалося выдаць толькі некалькі дыялектных слоўнікаў, пасля праца была спынена, а ўсе напрацоўкі згарэлі ў полымі Вялікай Айчыннай...

Апекаваўся Сцяпан Некрашэвіч не толькі "акадэмічнымі" пытаннямі мовы, але і першапачатковай адукаванасцю беларусаў. Менавіта ён быў аўтарам першага паслярэвалюцыйнага "Лемантара", які ўпершыню выйшаў у свет у 1922 годзе і вытрымаў шэсць выданняў. Ён быў суаўтарам чытанкі для дзяцей "Роднае слова", дапаможніка для ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослых "Наша сіла — ніва ды машына".

Нельга тут не згадаць і пра ролю навукоўца ў рэформе правапісу беларускай мовы, якая ўрэшце вылілася ў "наркамаўку". Размовы аб тым, што правапіс трэба спрашчаць, вяліся ў мовазнаўчых колах ужо ў сярэдзіне 20-х, і той жа Браніслаў Тарашкевіч прапаноўваў адмовіцца ад мяккага знака пасля мяккіх зычных (пра гэта ў інтэрв'ю "Звяздзе" расказваў калісьці акадэмік Аляксандр Падлужны). А якую пазіцыю займаў Некрашэвіч? "На Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі, якая адбылася ў 1926 года, Некрашэвіч выступіў з судакладам па рэформе беларускага правапісу, у якім прапанаваў адхіліць праект правапісу братоў Лёсікаў і падтрымаць асноўныя правілы БраніславаТарашкевіча, удакладніць і дапоўніць некаторыя з іх, расказвае Ігар Капылоў. — Пастановы канферэнцыі 1926 года не былі ажыццёўлены. Таму ў 1927 годзе стварылі новую Арфаграфічную камісію на чале з Некрашэвічам, якая пасля двух гадоў працы ў 1929 годзе апублікавала праект правапіснай рэформы. Многія яго палажэнні былі пакладзены ў аснову праекта, на базе якога СНК БССР у 1933 годзе прыняў вядомую пастанову "Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу"...

Пасля стварэння на базе Інбелкульта Нацыянальнай акадэміі навук Сцяпан Некрашэвіч стаў яе віцэ-прэзідэнтам і першым дырэктарам Інстытута мовазнаўства. "Ён зарэкамендаваў сябе як выдатны арганізатар навукі, які здолеў сабраць ва ўстанове таленавітых вучоных, якія фактычна сталі заснавальнікамі новых навуковых напрамкаў у беларускім мовазнаўстве", — гаворыць яго сённяшні спадкаемца.

Акадэмік становіцца "ворагам народа"

20 кастрычніка 1929 года была апублікавана пастанова СНК БССР, якая прадпісвала "вызваліць акадэміка Ластоўскага Вацлава Усцінавіча ад абавязкаў Неадменнага Сакратара Беларускай Акадэміі навук і акадэміка Некрашэвіча Сцяпана Міхайлавіча ад абавязкаў Віцэ-Прэзідэнта Беларускай Акадэміі навук". Падстава была па тым часе "забойная": "дапушчана надрукаванне ў выданнях Акадэміі навук шэрагу працаў паасобных аўтараў, якія праводзяць у гэтых працах погляды, зусім несумяшчальныя з палітыкай Савецкай улады, а часамі і погляды, варожыя Савецкай уладзе".

Былыя акадэмікі, яшчэ, напэўна, не ўсведамляючы, што проста так усё не скончыцца, улетку 1930-га накіраваліся ў экспедыцыю ў Томск, вывучаць мову і побыт беларусаў Сібіры. Там прама на параходзе "Тобольск" іх і арыштавалі — ва ўсю раскручвалася справа "Саюза вызвалення Беларусі", а як жа без такіх выдатных "фігурантаў"? Пасля амаль года зняволення ім нарэшце вынеслі прысуд. Некрашэвічу прысудзілі пяць гадоў высылкі ў горадзе Сарапул ва Удмурціі, дзе ён працаваў спачатку планавіком-эканамістам арцелі інвалідаў, а затым бухгалтарам збожжанарыхтоўчай канторы.

Ці трэба казаць, што жывым у 1937-м яго не пакінулі? Спачатку працягнулі ссылку на два гады, пасля судзілі па новай і у снежні 1937 года расстралялі.

***

Рэабілітавалі Сцяпана Некрашэвіча па другім прысудзе ў 1957 годзе. Рэабілітацыі па прысудзе 1931-га давялося чакаць яшчэ больш за трыццаць гадоў. І ўжо па смерці — яшчэ адзін дзіўны факт яго біяграфіі: у званні акадэміка яго аднавілі ў 1978 годзе, калі пра рэпрэсіі і іх ахвяр увогуле гаварыць было не прынята. "Гэта адбылося пад уплывам акадэмічнай супольнасці, які быў падтрыманы аўтарытэтам Пятра Машэрава, — тлумачыць Сяргей Траццяк. — Напрацоўкамі Некрашэвіча карысталіся заўсёды, таму для навукоўцаў было справай гонару вярнуць акадэміку яго незаслужана адабранае званне".

"Напрацоўкі Сцяпана Міхайлавіча Некрашэвіча актуальныя і сёння, — гаворыць Ігар Капылоў. — Гэта натуральна, таму што без пераемнасці не можа быць сур'ёзнай навукі. Пры выпрацоўцы стандартаў і ўстанаўленні норм у адносінах да тэрмінаў і сёння вучоныя-тэрмінолагі часта звяртаюцца да навукова-тэрміналагічнай камісіі Інбелкульта. Тэарэтычныя асновы, распрацаваныя Некрашэвічам ў галіне лексікаграфіі, цікавяць і сёння ўкладальнікаў перакладных і дыялектных слоўнікаў. Застаецца да сённяшняга дня нерэалізаванай ідэя Некрашэвіча аб стварэнні слоўніка жывой беларускай мовы, застаецца актуальнай канцэпцыя, прапанаваная вучоным".

Яго іменем сёння названая вуліца ў сталічным мікрараёне Брылевічы. Але найлепшым помнікам Некрашэвічу сапраўды стаў бы створаны навуковай і грамадскай супольнасцю слоўнік Жывой беларускай мовы. Пакуль яна яшчэ жывая.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як у Беларусі трансплантуюць органы

Як у Беларусі трансплантуюць органы

І чаму да нас на аперацыі едуць замежнікі.

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» наведалі «Воўчыя норы»

Карэспандэнты «Звязды» наведалі «Воўчыя норы»

Там адбываюць пакаранне мужчыны, упершыню асуджаныя за незаконны абарот наркотыкаў.

Спорт

Аляксандра Герасіменя: У кожнага свой рэцэпт поспеху

Аляксандра Герасіменя: У кожнага свой рэцэпт поспеху

Аляксандра Герасіменя — сапраўдны баец, а яшчэ — клапатлівая маці і жонка. І проста працавіты чалавек, які не ведае перашкод.