Вы тут

Культурны брэнд


Гістарычны лёс Беларусі паспрыяў фарміраванню вялікай колькасці нацыянальных культурных брэндаў, адзін з якіх — буквар. Нашы продкі стварылі першы буквар, яны зрабілі так, каб кніга пайшла ў народ і яе пачалі выкарыстоўваць прадстаўнікі розных канфесій. На жаль, адбылося так, што ў Беларусі буквары амаль не захаваліся, хоць іх і не знішчалі, як, напрыклад, канфесійную альбо ідэалагічную літаратуру. Таму цяпер буквары — каштоўныя рарытэты для краіны, пошукі якіх вядуцца па ўсім свеце.


Адзін з самых цікавых і ў той жа час старажытных экспанатаў, што захоўваецца ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, — «Буквар» 1767 года, выпушчаны ў друкарні Віленскага Траецкага манастыра. Гэта ўнікальнае выданне, інфарматыўнае напаўненне якога, з аднаго боку, мае агульныя рысы, а з іншага — абсалютна адрозніваецца ад сучаснага варыянта буквара. Гэта маленькая кніга, якая мае традыцыйны для тагачасных навучальных выданняў невялікі фармат — у восьмую долю аркуша. У ім выкарыстаны розныя варыянты кірылічных шрыфтоў, што аблягчае ўспрыманне тэкстаў, стварае добрае візуальнае ўражанне.

Гэта кніга рэдкая: у свеце захавалася толькі два яе экзэмпляры. Адзін знаходзіцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, другі — у Расійскай дзяржаўнай бібліятэцы ў Маскве. Больш нідзе «Буквар» 1767 года не зафіксаваны.

— «Буквар» напісаны на царкоўнаславянскай мове. У Беларусі да XIX стагоддзя не выдавалася падручнікаў на беларускай мове, — расказвае культуролаг і кнігазнаўца Алесь Суша. — Яе і так усе ведалі, на ёй размаўлялі, таму вучылі прынцыпова класічныя мовы — царкоўнаславянскую альбо лацінскую. Пачынаючы навучанне грамаце з царкоўнаславянскай мовы, маладыя людзі засвойвалі і шматвяковую традыцыю сваіх продкаў, захоўвалі да яе паважлівае стаўленне. Аднак вывучэнне царкоўнаславянскай мовы было для моладзі даволі складаным. І не толькі таму, што на той час яна ўжо не з’яўлялася жывой гутарковай мовай, але і таму, што мела даволі складаную граматыку. У кірылічным алфавіце, які прадстаўлены ў «Буквары», зафіксавана 41 літара.

У самым пачатку кнігі змешчаны алфавіт. Прычым пададзены пералік літар як вялікіх, так і малых. Верагодна, для лепшага запамінання таксама быў пададзены пералік літар у адваротным парадку: ад «іжыцы» да «аз». Пасля засваення алфавіта «Буквар» прапануе прыступіць да складання літар у простыя двухлітарныя склады, а затым і ў трохлітарныя.

Аўтар выдання невядомы. Толькі на некаторых аркушах маюцца рукапісныя пазнакі аб прыналежнасці кнігі Яну Камару. Гэтыя пазнакі можна датаваць другой паловай XVIII — пачаткам ХІХ стагоддзя. Верагодна, менавіта ён пераплёў віленскае выданне «Буквара» ў адзін канвалют разам з дапаможнікам для вывучэння польскай і нямецкай моў. У выніку пад адным пераплётам былі сабраныя падручнікі царкоўнаславянскай, польскай і нямецкай моў, што дазваляла вывучаць іх разам, ва ўзаемадзеянні, з аналізам падабенстваў і адрозненняў. Таксама ў выданні не знойдзеш знаёмых лічбаў у класічным арабскім напісанні. Лічбы ў старой традыцыі абазначаліся літарамі. — У «Буквары» прыведзены пералік надрадковых знакаў і знакаў прыпынку, многія з якіх сёння ўжо не ўжываюцца, — падкрэслівае Алесь Суша. — Цэлы шэраг слоў царкоўнаславянскай мовы пішацца ў скарочаным варыянце з пропускам некаторых літар, што пазначаецца спецыяльным знакам — цітлам. Пералік такіх слоў таксама прыведзены ў «Буквары». А асноўную частку кнігі займае матэрыял для чытання. Тут маюцца звароты да дзяцей і іх бацькоў, настаўленні, малітвы, павучанні, гімны, а таксама пералікі Божых запаветаў, таінстваў і галоўных грахоў, дароў Святога Духа, дабрадзейнасцей і інш. Вельмі каштоўным з’яўляецца прыведзены ў канцы «Буквара» кароткі катэхізіс з пытаннямі і адказамі па асновах хрысціянскага веравучэння. Рэлігійны складнік заўжды быў вельмі важны ў навучальным працэсе даўняй Беларусі.

«Буквар» 1767 года мае цікавае мастацкае афармленне. На адвароце тытульнага аркуша змешчана гравюра з выявай Дабравешчання — паведамлення архангелам Гаўрыілам Багародзіцы добрай весткі аб чаканым нараджэнні Хрыста-Збаўцы. Гэта гравюра разам з тэкстам малітоўнага звароту да Багародзіцы ўзята ў дэкаратыўную рамку з наборнага літога арнаменту. Тут відавочная пераемнасць традыцый Спірыдона Собаля, які таксама змяшчаў сюжэтныя гравюры на адвароце тытула сваіх выданняў «Буквара». А ў тэксце маюцца таксама па-мастацку выкананы гравіраваныя застаўка і канцоўка расліннага арнаменту.

Вікторыя АСКЕРА, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.