Вы тут

Дынастыя: Масленікавы


Усе мастакі дынастыі Масленікавых сваю творчасць прысвячаюць роднай Беларусі, апяваючы яе веліч і прыгажосць. Пра гэта сведчыць іх «Сямейны альбом» — выстаўка, якая праходзіць у Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі і прымеркаваная да 105-годдзя народнага мастака Беларусі Паўла Масленікава.


Работа Паўла Васільевіча Масленікава.

Прадстаўлены палотны трох пакаленняў мастакоў, але цэнтральную пазіцыю займаюць творы заснавальніка дынастыі — Паўла Васільевіча. Ён ствараў каларытныя беларускія краявіды, працаваў мастаком-пастаноўшчыкам у Тэатры оперы і балета, афармляў спектаклі ў Купалаўскім. Любоў да прыроды Павел Васільевіч перадаў сыну Уладзіміру, цяпер загадчыку кафедры жывапісу Акадэміі мастацтваў Беларусі. З дзяцінства Уладзімір з бацькам ездзіў на эцюды. Падобныя практыкі дазволілі будучаму мастаку дасканала вывучыць прыроду роднай зямлі, яе непаўторныя асаблівасці і каларыт, што знайшло адлюстраванне на палотнах. Лёгка і нязмушана мастак стварае поўныя святла і паветра панарамы і пейзажы. З цікавасцю Уладзімір ставіцца і да партрэта, у які пераносіць эмацыянальны зарад прыродных сіл, надзяляючы герояў пазітыўнай энергетыкай.

Унук заснавальніка дынастыі Павел, як і яго бацька, з самага дзяцінства далучаўся да сямейных традыцый. Пасталеўшы, шукаў свой стыль, у якім ёсць сінтэз экспрэсіўнай эцюднай манеры, характэрнай для дзеда, і строгай кампазіцыі, выразнага малюнка, прапрацоўкі дэталяў, уласцівых бацьку.

— Тут не проста нашы творы альбо краявіды Беларусі, тут жыццё нашай сям’і, бо жыццё для нас і ёсць мастацтва, — дзеліцца Павел Масленікаў. — Усе прадстаўленыя творы — з нашага сямейнага архіва. Тут вялікая частка работ, якія ўвогуле не выстаўляліся. Мы іх адмыслова аформілі да гэтай выстаўкі, каб убачылі рознага і арыгінальнага Паўла Васільевіча Масленікава. І нашы з татам творы практычна ўсе новыя. Спадзяюся, што выстаўка будзе не проста пэўнай рэтраспектывай, але і глебай для аналізу творчага развіцця.

У межах экспазіцыі заўважна, наколькі адрозніваюцца работы трох аўтараў. Але існуе агульная тэма як асноўны складнік іх творчай сувязі.

— Мы бачым, як людзі пранікаюцца прыгажосцю і любоўю да радзімы, якая была ў душы Паўла Васільевіча. Яго творы — магутная спадчына, якой можа ганарыцца Беларусь, — падкрэслівае дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Павел Сапоцька.

У юбілейны год нашчадкі дынастыі зробяць падарунак 75-й гімназіі імя Паўла Масленікава ў Мінску: перададуць дзве арыгінальныя работы беларускага пейзажыста.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.