Вы тут

Мастакі Ігар Гардзіёнак і Сяргей Аганаў адлюстравалі гісторыю ВКЛ


Быць грамадзянінам сваёй краіны і пры гэтым не ведаць сваёй гісторыі немагчыма. У гэтым упэўнены скульптар Сяргей Аганаў і графік Ігар Гардзіёнак падчас адкрыцця сумеснай выстаўкі «На адным полі ваяры» ў Нацыянальным гісторыка-культурным запаведніку «Нясвіж». Прадстаўленая экспазіцыя стала доўгатэрміновым праектам для мастакоў. Летась яна была паказана ў Нацыянальным гістарычным музеі і выклікала цікавасць з боку гледачоў і навуковых даследчыкаў. Таму было прынята рашэнне зрабіць праект больш шырокім і прадставіць ужо ў Нясвіжы.


Скульптура Сяргея Аганава

Творцы аб’ядналі свае работы агульнай тэмай — гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага. Шэраг партрэтаў мастака-графіка Ігара Гардзіёнка прадстаўляе ўладароў гістарычнай Літвы ад караля Міндоўга да караля Уладзіслава Ягайлы і вялікага князя Вітаўта. Скульптар Сяргей Аганаў дэманструе алегарычныя работы, прысвечаныя тэме абароны сярэднявечнай дзяржавы ад знешніх ворагаў. Увогуле, выстаўка «На адным полі ваяры» раскрывае ідэю агульнай спадчыны, з якой аўтары не толькі чэрпаюць натхненне як з першакрыніцы, але і пакідаюць у ёй унёсак у выглядзе новых сэнсаў. Правядзеннем выстаўкі мастакі спадзяюцца ўмацаваць саюз двух прафесійных цэхаў — мастакоў і даследчыкаў гісторыі. На іх думку, такое супрацоўніцтва дапаможа прыцягнуць як да гісторыі, так і да мастацтва больш людзей, дапаможа зацікавіць падыходам, незвычайнай падачай гістарычнай інфармацыі праз мастацкія творы. Яны ўносяць новы сэнс у культурную свядомасць.

— І Ігар Гардзіёнак, і Сяргей Аганаў праз свае творы разважаюць на гістарычныя тэмы. Гэта вельмі сур’ёзны праект таму, што не кожны аўтар можа ўзяцца за такую тэматыку, — адзначае куратар выстаўкі Наталля Станкевіч. — Лічу, што ў гісторыі беларускага мастацтва яшчэ не было такога цэласна выбудаванага праекта, прысвечанага менавіта Вялікаму Княству Літоўскаму. Мастакі працавалі над выстаўкай з пэўнай задачай — зрабіць пасля па гэтых творах падручнік альбо гістарычны дапаможнік. Мне здаецца, што ўдваіх яны змаглі знайсці тонкую аснову нашага мінулага, што далікатна прасочваецца ў кожным творы.

Падчас рэалізацыі праекта мастакі шмат карысталіся энцыклапедычнымі даведнікамі, парадамі навукоўцам, каб больш дакладна адлюстраваць вобразы і падзеі. Аўтарам і куратару неабходна было ўдала размясціць усе аб’екты ў невялікай выставачнай зале так, каб не парушалася храналагічная паслядоўнасць падзей і факталогія. У выніку атрымалася размеркаваць творы такім чынам, каб у гледача з’явілася адчуванне: ідучы ад аднаго твора да наступнага, адольваеш крокі ўнутры сваёй гісторыі.

Прадстаўленыя работы Сяргея Аганава дэманструюць не толькі майстэрства аўтара, але і шматграннасць творчай фантазіі. Тут можна ўбачыць сюжэты, якія распавядаюць пра падзеі і герояў мінуўшчыны, якія нібы сышлі са старонак летапісаў, а побач з імі — незвычайныя персанажы, якія выклікаюць у памяці даўно прачытаныя казкі і чароўныя сюжэты. Праўда і выдумка, гісторыя і легенда цесна пераплятаюцца ў дзіўным свеце, створаным мастаком. Аўтара цікавяць праблемы міжкультурнага дыялогу, на чым будавалася гісторыя, развіваліся культура і цывілізацыя.

Работа Ігара Гардзіёнка.

Работы Ігара Гардзіёнка — спроба прасачыць рысы менталітэту, тып твару, зразумець характар. Творцу заўсёды цікавіла гістарычная праблематыка і пытанні нацыянальнага адзінства. Сярод яго работ у графіцы прыкметна вылучаюцца трыпціх «Шлях на Грунвальд» (2010 г.), «Гедымін. Каралеўства Літвы і Русі» (2012 г.)

— Вельмі ганаруся, што мае маладыя калегі ўзяліся за такі сур’ёзны праект. Шмат часу аддалі яны пошуку дакладнай інфармацыі, вельмі далікатна і адказна падышлі да працы, — падкрэслівае старшыня секцыі скульптуры Беларускага саюза мастакоў Аляксандр Шапо. — У Ігара Гардзіёнка шыкоўная аўтарская тэхніка. Нават баюся казаць, што яго творы — жывапіс. Гэта хутчэй складаная мнагаслойная скульптура. Такія рэчы рабіць зусім няпроста: трэба быць аккуратным. Сяргей Аганаў таксама тонка падышоў да працэсу. Яго мініацюрная скульптура вельмі камфортная для прагляду. Яна ўдала дапаўняе партрэты, створаныя Ігарам.

Аўтары задаволеныя, што іх праект прадставілі ў Нясвіжы. Тэма спрыяе таму, каб работы прыжыліся ў сценах палаца. Увогуле, сама атмасфера ўнутры залы атрымалася гарманічная і камфортная. Пасля заканчэння праекта мастакі працягнуць працаваць над тэмай больш глабальна. Выстаўка ў палацы будзе доўжыцца да 19 мая.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.