Вы тут

Васіль Міхаліцын: У нас у Мінску застаецца ўсяго адна зала


Айчынная спартыўная гімнастыка выхавала аднаго з найлепшых спартсменаў у гісторыі гэтага віду спорту: Віталь Шчэрба — адзіны гімнаст у свеце, якому ўдалося выйграць шэсць залатых алімпійскіх медалёў на адных Гульнях. Яго поспех падхапілі Іван Іванкоў, Дзмітрый Каспяровіч, Дзяніс Савянкоў, а потым паўстала доўгае безмедальнае зацішша. Сёння ад балельшчыкаў можна пачуць шквал крытыкі ў адрас кіраўніцтва, спартсменаў і трэнераў. Напярэдадні чэмпіянату Еўропы, які з 10 да 14 красавіка пройдзе ў польскім Шчэціне, мы сустрэліся з адным з прадстаўнікоў беларускай зборнай, прызёрам і пераможцам Кубка свету па спартыўнай гімнастыцы Васілём Міхаліцыным, каб абмеркаваць сітуацыю ў яго відзе спорту і пагаварыць аб надыходзячым турніры.


— Васіль, першапачаткова хацелася б пацікавіцца вашым здароўем, бо чэмпіянат свету 2018 года і некаторыя этапы Кубка свету вы прапусцілі з-за траўмы калена.

— Дзякуй, адчуваю сябе значна лепш, але, паколькі гэтая траўма ў мяне не першая і ўсё на тым жа калене, аднаўленне праходзіла даўжэй, чым звычайна. На жаль, зараз не магу сказаць, што гатовы на сто працэнтаў, усё ж для поўнага аднаўлення трэба больш часу. Шчыра скажу, думаў, што ўжо гатовы выступаць, але гэта аказалася не так. Ацаніць сябе збоку складана, думаю, сёння я гатовы працэнтаў на 80. Ды і калі казаць шчыра, у сучаснай спартыўнай гімнастыцы немагчыма быць гатовым на ўсе сто, бо ў нас цяпер велізарная складанасць. Лёгкае практыкаванне нікому не трэба, а складанае — гэта ў любым выпадку рызыка, таму трэба рызыкаваць, каб паказаць годны вынік.

На дамашніх спаборніцтвах у Магілёве і турніры ў Баку адпрацаваў два снарады — конь і брусы. Брусы рабіў з палегчаным саскокам, а вось на кані цалкам аднавіў сваю праграму па складанасці.

— Гэта значыць, на чэмпіянаце Еўропы вы будзеце выступаць не на ўсіх снарадах?

— На ўсіх снарадах я не выступаю з тых часоў, як пайшлі траўмы, і да чэмпіянату Еўропы наўрад ці паспею зрабіць складаны саскок на брусах, таму ўвесь упор буду рабіць на каня, дзе мая траўма не перашкаджае выканаць практыкаванне па максімальнай складанасці чыста.

— Якія задачы на чэмпіянат Еўропы перад вамі ставяць трэнеры?

— Як заўсёды — трапіць у фінал і змагацца за ўзнагароды.

— У чэрвені ў Беларусі пройдуць Еўрапейскія гульні. Вам бы хацелася выступіць там?

— Вядома, жаданне ёсць, інакш навошта наогул займацца спортам? Любы старт для мяне — гэта шанц паказаць сябе, тым больш у нас іх не так шмат. Але, наколькі я ведаю, удзел у Еўрапейскіх гульнях у спартыўнай гімнастыцы змогуць прыняць усяго адзін-два спартсмены ад краіны. Каб трапіць у іх лік, трэба выйграць медаль на чэмпіянаце Еўропы, таму турнір у красавіку становіцца яшчэ больш каштоўным.

— Зараз у спартыўнай гімнастыцы прынята вылучаць любімыя віды практыкаванняў, снарады?

— Так, такая тэндэнцыя з'явілася ўжо даўно, больш за тое, згодна з новымі правіламі мы адбіраемся на Алімпійскія гульні не толькі на чэмпіянаце свету і камандай, а яшчэ і на асобных снарадах. Ёсць восем этапаў Кубка свету, на іх трэба паказаць вынік як мага вышэй (тры найлепшыя будуць адабраныя), каб атрымаць шанц трапіць на Алімпіяду ў канкрэтным практыкаванні. Два этапы Кубка свету я прапусціў, але некалькі спроб атрымаць запаветную пуцёўку ў мяне яшчэ ёсць. Яшчэ шанц будзе на чэмпіянаце Еўропы наступнага года: спартсмены, якія зоймуць там два першыя месцы, атрымаюць права ўдзельнічаць у Алімпіядзе-2020. У тым ліку з-за гэтых змяненняў у спартыўнай гімнастыцы цяпер велізарная канкурэнцыя. Спартсмены, у якіх не атрымалася трапіць на Гульні камандай, узмацняюць свае асобныя камбінацыі.

— Як ацэньваеце свае шанцы на пападанне на Алімпійскія гульні?

— Цяжка казаць пра гэта цяпер, бо доўгі час я не выступаў на сусветнай арэне і не магу параўнаць сябе з іншымі гімнастамі. Усё будзе залежаць ад маіх пападанняў на этапы Кубка свету і выступленняў там. Спачатку трэба выступіць, а далей усё адразу зразумеем.

— Беларуская спартыўная гімнастыка сёння атрымлівае масу негатыўных ацэнак, як вам «варыцца» ў такой атмасферы?

— Для мяне наогул гэта дзіўна, у нас балельшчыкаў два з паловай чалавекі, журналістаў больш, але ў цэлым мала тых людзей, якія сапраўды разбіраюцца ў спартыўнай гімнастыцы. Па вялікім рахунку, нас мала дзе бачаць, як мы выступаем, мала што ведаюць, таму рабіць нейкія высновы аб нашым узроўні па меншай меры няправільна.

— Раней спартыўная гімнастыка была папулярнейшая. На ваш погляд, як вярнуць часы Шчэрбы і Іванкова?

— Пра гэта можна казаць вельмі шмат і доўга. Што канкрэтна я цяпер магу зрабіць для гэтага? Толькі засяродзіцца на сабе і сваёй працы. У мяне ёсць сякія-такія ідэі, але пакуль я не буду нічога казаць, таму што не люблю кідаць словы на вецер. Калі буду гатовы гэта ажыццявіць, абавязкова скажу, а цяпер я засяроджаны на іншым.

— Ну, напрыклад, буйная перамога беларускага спартсмена магла б прыцягнуць увагу да вашага віду?

— Возьмем Кубак свету, па-мойму, гэта дастаткова маштабны турнір, калі яго выйграюць беларусы ў іншых відах спорту, увага да іх павышаецца. Я выйграваў этап Кубка свету і станавіўся прызёрам, але гэта ніяк не змяніла сітуацыю, ніякай увагі да сябе я не адчуў ні ад журналістаў, ні ад балельшчыкаў, ніхто з маладых спартсменаў не казаў: «Я хачу таксама».

— Калі згадаць вашыя дзіцячыя гады, якімі яны былі і якімі былі ўмовы тады ў залах? Бо многія сёння кажуць, што немагчыма паказваць вынікі ў такіх залах, якія ёсць сёння ў нас.

— У дзяцінстве я фанацеў ад гімнастыкі, жаданне ісці ў залу было заўсёды, тады не ставіў для сябе нейкіх канкрэтных мэт, задач, гэта з'явілася пасля першых перамог.

Што датычыцца залаў, я пачынаў займацца гімнастыкай у СДЮШАР «Кольцы славы», трэніруюся там і да гэтага часу. Сёлета нібыта залу закрываюць на рэканструкцыю або яе зносяць ці яшчэ штосьці будуць з ёй рабіць, я не ведаю, але яе закрываюць, ужо агароджу нават паставілі, усё да гэтага ідзе. Якой бы яна там ні была старой, але нават такая яна патрэбна. Вядома, калі яе рэканструююць, будзе крута, але калі закрыюць, то атрымліваецца, што ў нас у Мінску застанецца толькі адна зала на вуліцы Ігнаценкі.

— За той час, які вы трэніруецеся ў «Кольцах славы», штосьці змянялася?

— Апошні раз туды завозілі нешта новае гадоў 10 таму.

— Іншыя спартсмены казалі, што там ужо немагчыма рабіць складаныя элементы, гэта небяспечна для здароўя...

— У прынцыпе так. Зала старая. Але і ў «Стайках» залу складана назваць суперсучаснай, хоць яна і добрая.

— Як вы асабіста ставіцеся да таго, што нашы спартсмены пасля завяршэння кар'еры з'язджаюць за мяжу?

— У прынцыпе, нармальна. Прычыны ўсім вядомыя, паўтараць іх не бачу сэнсу. Гэта звычайная практыка, нічога не маю супраць, але не крычу, што яны малайцы.

— Медалі на этапах Кубка свету з'яўляюцца для вас цяпер найбольш важнымі ўзнагародамі ў кар'еры?

— Прызёр Кубка свету — гучыць, вядома, нядрэнна, але самым важным момантам у сваёй кар'еры я лічу не гэта. У 2011 годзе мне было ўсяго 17, я яшчэ не паспеў выступіць на маладзёжным чэмпіянаце свету ці Еўропы, а мяне ўжо забралі ў нацыянальную зборную. Гэта быў пераломны момант, у якім можна знайсці і плюсы, і мінусы, але ён даў мне шмат вопыту, хоць гэты пераход з маладзёжнага спорту ў дарослы прайшоў бязбольна. Я выступаў з добрай, моцнай камандай, таму хутчэй уцягнуўся ў дарослы спорт.

— Як вас тады прынялі ў камандзе старэйшыя таварышы?

— У тым і справа, што нармальна. Я паспеў выступіць з досыць моцнымі спартсменамі, зразумець, як гэта сапраўды крута, але ў той жа час вельмі хвалююча.

— Якія мэты ставіце перад сабой цяпер?

— Проста хачу засяродзіцца на добрай працы, патрэбнай, правільнай, не хачу думаць пра нейкія вынікі. Мне здаецца, калі я правільна зраблю тое, што хачу, то вынік не прымусіць сябе доўга чакаць. Можа быць, дзесьці я і думаю пра ўзнагароды або пра тое, каб трапіць у фінал, але гэта натуральна, бо трэба бачыць, дзеля чаго ты працуеш.

Паўтаруся, каб паказваць высокія вынікі, у сучаснай гімнастыцы трэба рызыкаваць, я на гэта гатовы. Але пакуль я лячыўся то пасля адной траўмы, то пасля іншай, усе пайшлі наперад настолькі далёка, што я ўвесь гэты час бягу, бягу за імі, амаль дагнаў — і зноў штосьці недзе не да канца разабраў. Спадзяюся, што нарэшце даганю.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.