Вы тут

Як складзецца для Беларусі сёлетні конкурс «Еўрабачанне»


Для Беларусі гэта будзе ўжо шаснаццатая спроба скарыць сэрцы еўрапейскай (а ўлічваючы Аўстралію, то і заакіянскай) публікі. Яшчэ задоўга да конкурсу ЗЕНА і яе прадзюсар Віктар Дробыш падкрэслівалі, што нацэлены дабіцца для нашай краіны найлепшага выніку за ўсе гады, але пакуль што галоўная задача — трапіць у фінал. А каб зрабіць гэта, трэба аднолькава добра, пажадана бездакорна, выступіць два дні запар, бо нацыянальныя журы галасуюць на дзень раней за тэлегледачоў, ацэньваючы тэлезапіс генеральнай рэпетыцыі.


Сёння на сцэну выходзяць (у парадку выступленняў) артысты з Кіпра, Чарнагорыі, Фінляндыі, Польшчы, Славеніі, Чэхіі, Венгрыі, Беларусі, Сербіі, Бельгіі, Грузіі, Аўстраліі, Ісландыі, Эстоніі, Партугаліі, Грэцыі і Сан-Марына. Прадстаўніцы Беларусі з песняй «Lіke Іt», паводле жараб'ёўкі, дастаўся нумар 8. З пункту гледжання партнёрскіх сувязяў і «добрасуседскага галасавання», якое, нягледзячы на ўсе захады арганізатараў, працягвае існаваць і спраўна працуе, наша краіна можа спадзявацца на балы ад Польшчы, Грузіі і Эстоніі — але гэта не дакладна.

Для многіх сапернікаў беларускі «Еўрабачанне», што называецца, справа гонару. Напрыклад, Невена Бажовіч з Сербіі ўжо выступала на дзіцячым конкурсе ў 2007 годзе, удзельнічала ў дарослым у 2013-м, а сёлета мае намер забрацца як мага вышэй. Рэпер, акцёр і гітарыст Ёжэф (Ёцы) Папаі цыганскага паходжання быў прадстаўніком Венгрыі ў 2017 годзе (між іншым, у фінале ён заняў восьмае месца). Турэцкі спявак Серхат, які выступае за Сан-Марына, таксама ўжо прадстаўляў гэту краіну на конкурсе ў 2016 годзе, але тады не прайшоў у фінал.

Як заўжды, сярод удзельнікаў ёсць «музычныя легіянеры» — так, грузінская спявачка Тамта прадстаўляе Кіпр, шведскі музыкант Віктар Крон — Эстонію, а канкурсантка Грэцыі Кацярына Дуска нарадзілася і вырасла ў канадскім Манрэалі. Але хапае і выканаўцаў-патрыётаў сваіх родных краін, якія ўпарта супрацьстаяць глабалізацыі — і таму, акрамя традыцыйнай англійскай рознай ступені прыстойнасці, у першым фінале мы пачуем венгерскую, польскую, сербскую, славенскую, грузінскую, ісландскую, партугальскую і турэцкую мовы. Беларуская, нагадаем, на конкурсе гучала ўсяго аднойчы — у 2017 годзе падчас выступлення «Navіband»...

Чым, акрамя лінгвістычнай разнастайнасці, будуць уражваць канкурсанты? Усе помняць, што сустракаюць па вопратцы, так што з уборамі і сцэнічнымі вобразамі ўдзельнікі пастараліся. Тамта з Кіпра выйдзе ў паўпразрыстым касцюме, упрыгожаным шклянымі крышталямі, і чорных латэксных батфортах. Дзявочы квартэт Tulіa з Польшчы парадуе вока яркімі нацыянальнымі касцюмамі і адмысловымі галаўнымі ўборамі з саломкі. Кейт-Мілер Хайдке з Аўстраліі, якая будзе спяваць сваю песню «Бязважкасць» літаральна пад купалам арэны, на высокім шасце, прымерыла на сябе вобраз а-ля статуя Свабоды. Конан Асірыс (сцэнічны псеўданім спевака Ціяга Міранды), які прадстаўляе Партугалію, змяніў свой ранейшы вобраз — белае футра, залатая маска і накладныя кіпцюры — цяпер ён выступіць у накладной барадзе і экстравагантным зялёным касцюме. Фіны для ўзмацнення эфекту ад песні «намалююць» на святлодыёдным экране за сцэнай грозны шторм, Грэцыя — кветкі, Грузія — вывяржэнне вулканаў, а Сербія — расколатае шкло; у Венгрыі будуць вельмі прыгожыя кантрасты цемры і святла, а ў Бельгіі — каларытныя вялізныя барабаны.

На гэтым фоне батфорты з лагатыпам і бела-ружовы касцюм юнай беларускі ЗЕНЫ выглядаюць даволі стрымана. Дый з дэкарацыямі пастаноўшчык Андрэй Цар не мудрагеліў: на сцэну выкацяць звычайныя скрыні для канцэртнага рэквізіту. Затое ў спявачкі і яе каманды пазітыўны баявы настрой, а нумар аздобіць піратэхніка, плюс палкія танцы самой ЗЕНЫ і двух танцораў, якія прадэманструюць трыкінг — спалучэнне танца, усходніх адзінаборстваў і капаэйры.

Але, бадай, самыя эпатажныя ўдзельнікі першага паўфіналу — ісландскі гурт Hatarі (што перакладаецца як «Ненавіснік»). Калектыў узнік толькі ў 2015 годзе, але на радзіме ўжо стаў шалёна папулярны з-за сатырычнага пасылу тэкстаў і знешняга выгляду ўдзельнікаў, якія нібы абрабавалі краму БДСМ-тавараў. Мабыць, іхняе выступленне ўжо не зусім пра музыку, але не заўважыць яго будзе складана.

Зрэшты, усё гэта лірыка, а канкрэтыкай стане спіс з 10 фіналістаў, абраных па суме балаў журы і гледачоў (але хто, як і за каго прагаласаваў ці не прагаласаваў, мы дазнаемся толькі пасля фіналу «Еўрабачання», такія правілы конкурсу). Як мяркуюць букмекеры, у топ-10 найбольш верагодна ўвойдуць Грэцыя, Кіпр, Аўстралія, Ісландыя, Венгрыя, Сербія, Чэхія, Славенія, Бельгія і Эстонія. Як спадзяюцца прыхільнікі, у спіс трапіць Беларусь. Сядайце бліжэй да экранаў, паглядзім — на «Беларусь 1», «Беларусь 24», «РТР-Беларусь» альбо на афіцыйным сайце конкурсу.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота eurovіsіon.tv

Загаловак у газеце: Узяць фінальны акорд

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Ён кожны дзень імкнуўся пераадольваць не менш за сто кіламетраў.

Грамадства

Як «Звязда» парушальнікаў адпачынку з міліцыяй шукала

Як «Звязда» парушальнікаў адпачынку з міліцыяй шукала

Апошнімі цёплымі дзянькамі многія мінчане стараюцца скарыстацца напоўніцу і па магчымасці адпачыць на прыродзе, хай сабе і ў межах горада.

Культура

Спявак Аляксандр Гелах: Як толькі паступіў, пачаў шукаць работу

Спявак Аляксандр Гелах: Як толькі паступіў, пачаў шукаць работу

Малады тэнар, які прыйшоў у Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр Беларусі ў 2015-м, звярнуў на сябе ўвагу аматараў оперы адразу.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Танцуй... Пакуль не замужам?