Дзве Зоі


Выстаўка пад адкрытым небам — адзін з самых цікавых фарматаў прадстаўлення мастацтва: стварае магчымасць для незапланаванага і нават выпадковага знаёмства з творамі і іх аўтарамі. Учора ў Мінску восьмы раз стартаваў выставачны праект «Мастак і горад», які будзе доўжыцца чатыры месяцы. Гэтым разам на плошчы Якуба Коласа вырашылі прадставіць творчасць дзвюх прадстаўніц беларускага жывапісу — Зоі Луцэвіч і Зоі Літвінавай.


Работа Зоі Літвінавай.

А сёлета можна пабачыць не адну, а дзве выстаўкі: экспазіцыя цалкам зменіцца праз два месяцы. Спачатку на плошчы прадставяць творы Зоі Луцэвіч, а ў ліпені іх зменіць жывапіс Зоі Літвінавай. Экспанаты на выстаўку адбіраліся і па стылістыцы, і па настроі — мастачкі вырашылі падзяліцца радасцю і натхняць. Традыцыйна рэпрадукцыі аўтараў у межах праекта «Мастак і горад» суправаджаюцца біяграфіяй і тэкставым апісаннем на трох мовах — беларускай, рускай і англійскай.

— Я з вялікім захапленнем прыняла прапанову ўдзельнічаць у выстаўцы, — расказала Зоя Луцэвіч. — Гэты праект на плошчы Якуба Коласа — выдатная магчымасць мець зносіны з усёй Беларуссю. Ёсць людзі, якія мэтанакіравана прыйдуць на выстаўку, а ёсць і тыя, хто завітае выпадкова. Ды і наогул я гатовая да ўсяго: да ўвагі, неразумення, крытыкі. Гэты праект — менавіта тое, за што мы, мастакі, змагаемся больш за ўсё. Ён дае магчымасць мець зносіны з рознымі людзьмі і разумець іх стаўленне да таго, што мы робім. З задавальненнем буду прыходзіць на выстаўку, каб кантактаваць з наведвальнікамі, адказваць на іх пытанні, чаму я малюю менавіта так, адкуль чэрпаю вобразы, якія сэнсы ўкладаю ў творчасць.

— Мне здаецца, што праект «Мастак і горад» можа дапамагчы палюбіць мастацтва, — адзначае Зоя Літвінава. — Паколькі праект жыве ўжо восем гадоў (а гэта для беларускага мастацтва вялікі тэрмін), можна зрабіць выснову, што нашым творцам ёсць што дэманстраваць і ёсць што сказаць праз свае работы.

Зоя Луцэвіч і Зоя Літвінава — прадстаўніцы розных творчых пакаленняў. І іх кандыдатуры былі выбраныя для ўдзелу ў праекце невыпадкова.

Мастацтвазнаўцы называюць Зою Літвінаву адзінокім мастаком, таму што ёй нецікава знаходзіцца ў творчай тусоўцы, а цікава найперш займацца мастацтвам. Кожны дзень яна ідзе ў майстэрню з фарбамі і працуе. Кожны дзень знаходзіць хвіліну, каб зразумець, што дзень пражыты недарэмна. Ёй падабаецца эксперыментаваць і ўдумліва ставіцца да працэсу. Калі Зою Літвінаву спыталі: «Навошта вам праект “Мастак і горад”, калі вы ў 2005 годзе атрымалі званне кавалера ордэна “За заслугі ў галіне літаратуры і мастацтва” ў Францыі?», яна адказала: «Я люблю тое, што раблю. І мне важна камунікаваць з аўдыторыяй, якой цікавая мая творчасць».

Зою Луцэвіч называюць «унікальнай з’явай у сучасным мастацтве». У жывапіс, графіку, шкло (нават аўтамабільнае!) і арганізацыю прасторы яна прыўносіць непаўторную манеру, у якой, па прызнанні аўтара, змяшаныя разнастайныя «механізмы». Яна лічыць: галоўнае, што рухае мастаком, — гэта апантанасць мастацтвам, жаданне спазнаць і стварыць новы свет. Таму што карціна, упэўнена Зоя, — гэта дзіця аўтара, праява яго духоўнай рэальнасці, эквівалент бясконцасці, што жыве ў часе сваім жыццём.

Мастачкам падабаецца творчасць адна адной. І іх жывапіс гарманічна спалучаецца ў межах адной прасторы.

Работа Зоі Луцэвіч

— Сёння існуе шмат тэхнік, звязаных з перадачай колеру, дэталізацыяй. На мой погляд, важна перадаць не тое, што ты бачыш у гэты момант, а тое, што адчуваеш, пра што перажываеш, — тлумачыць Зоя Луцэвіч. — Вось тая ж Зоя Літвінава піша не проста нацюрморт з кветкамі — яна нават піша пахі. Ад гэтага ў яе работах з’яўляецца індывідуальная аўтарская форма. Таму мне цікава ўдзельнічаць з ёй у адным праекце. У нас розныя пластычны і ілюстратыўны складнікі, але аб’ядноўвае аднолькавае стаўленне і разуменне мастацтва як працэсу.

Ужо другі год праект выходзіць за рамкі сталіцы. У мінулым годзе выстаўка прыязджала ў Віцебск, а сёлета работы Зоі Луцэвіч і Зоі Літвінавай будуць прадстаўлены ў Брэсце. Экспазіцыя ў Брэсце, які сёлета святкуе сваё тысячагоддзе, пачнецца 6 верасня і працягнецца два месяцы.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.