Вы тут

Якімі формамі прэзентацыі плануе захапіць «Восеньскі салон»


Якімі формамі прэзентацыі плануе захапіць «Восеньскі салон» і ці можа знакаміты праект перайсці ў фармат біенале


Беларускі арт-рынак як з’ява толькі на пачатку свайго развіцця. Штогод змяняецца яго структура і магчымасці, і многія фактары замаруджваюць працэс станаўлення. Тым не менш у краіне пастаянна з’яўляюцца праекты, якія робяць айчыннае мастацтва запатрабаваным. Да іх, безумоўна, адносіцца «Восеньскі салон», які сёлета адзначае 5 гадоў. Ужо сёння ўвечары Палац мастацтваў адчыніць дзверы для гасцей, якія паразважаюць над развіццём беларускага мастацтва і магчымасцямі айчынных аўтараў.

Праект прадставіць творы маладых беларускіх мастакоў, якія працуюць у розных відах ітэхніках выяўленчага мастацтва (жывапіс, графіка, фатаграфія, скульптура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і інсталяцыя).

У 2019 годзе на ўдзел было пададзена 430 заявак. Для параўнання: колькасць заявак у 2015 годзе склала 288, у 2016 — 311, у 2017 — 320, а у 2018 — 456. Кожны аўтар мог прапанаваць да пяці работ, таму сябры журы разгледзелі некалькі тысяч твораў. Усяго прафесійнае журы адабрала работы 152 аўтараў. Сёлета ўдзел у мерапрыемстве возьме больш за дзесяць галерэй з розных рэгіёнаў Беларусі, напрыклад: Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва і новая гарадская прастора «Кансерва», якая адкрылася ў Брэсце ў верасні.

Сябрамі журы сёлета сталі запрошаныя мастацтвазнаўцы, куратары і дырэктары мастацкіх інстытуцый з Чэхіі, Літвы, Расіі і Украіны. Імёны іх па традыцыі не павядамляюцца.

Дырэктар Палаца мастацтваў, адзін з арганізатараў «Восеньскага салона з Белгазпрамбанкам» Аляксандр Зінкевіч падзяліўся канцэпцыяй юбілейнай выстаўкі і адзначыў галоўныя напрамкі, па якіх сёння ідзе функцыянаванне арт-рынку Беларусі

— Аляксандр, як з кожным годам мяняецца «Восеньскі салон»? Ці ёсць у арганізатараў разуменне шляху, па якім трэба рухацца наперад?

— Ужо цяпер «Восеньскі салон» — гэта праект, які адбыўся і склаўся. Эксперыменты, што мы праводзілі з фарматам раней, сёння наўрад ці актуальныя. Праект трэба развіваць такім, якім ён склаўся. У нас ёсць разуменне, што ўзроставы цэнз працуе на цікавасць аўдыторыі і аднаўляльнасць кантэнту. Раней баяліся, што не будзе дастаткова якасных новых работ для правядзення такой маштабнай выстаўкі кожны год, але пакуль «Восеньскі салон» працягвае напаўняцца цікавым зместам.

Гэта выстаўка-продаж. Такі фармат працуе. Ён звязаны з фінансава-эканамічнай сітуацыяй краіны, але статус праекта як выстаўкі-продажу і кірмашу-продажу таксама дае плён. Гэта дазваляе казаць пра дынаміку продажаў. «Восеньскі салон» — праект, які досыць заўважна актывізуе продаж не толькі ў межах праекта, але і робіць гэта пэўным шлейфам пасля ўсіх падзей. Часам пакупніку трэба падумаць, прааналізаваць работу, і толькі праз нейкі час ён прыходзіць да аўтара.

Таму мы гаворым пра тое, што праект знаходзіцца ў такім узросце і цыкле, калі трэба ўдасканальваць працэсы, а не мяняць іх. Па фармаце адкрываем «Восеньскі салон» такім, які ён быў на працягу чатырох гадоў. У папярэднія гады мы вельмі пастараліся, каб сёння гэтае мерапрыемства было знакавым.

— 5 гадоў — сур’ёзная дата, якая дэманструе, што праект моцны і мае патэнцыял. Ці няма ў вас боязі, што ў выніку традыцыйнасці выстаўку ўсё ж такі пачнуць успрымаць не як яркае свята, а як шараговую падзею?

— У цэлым пяць гадоў — добрая дата, але не такая вялікая. Сёлета мы шмат думалі над тым, каб зрабіць «Восеньскі салон» біенальным. Магчыма, так будзе некалі. Але пакуль прыйшлі да рашэння, што ў такім ракурсе праект павінен праходзіць кожны год. Па падрыхтоўцы і па маштабе ўсе салоны ў значнай ступені пераўзыходзяць нашы звычайныя выстаўкі, таму шараговай гэтая падзея не можа быць апрыёры.

Кожны год мяняецца склад журы. У працэсе адбору работ мы кожны раз сутыкаемся з новымі імёнамі. Больш за тысячу аўтараў паўдзельнічалі ў заявачнай ратацыі. Стварылася база маладых беларускіх мастакоў, якія потым уключаюцца ў іншыя нашы праекты.

Нават падумайце аб умовах: рэдкая беларуская выстаўка суправаджаецца каталогам, удзелам замежных членаў журы (напрыклад, сёлета ў складзе будзе прадстаўнік Кітая). Іншая справа — змест. Усё ж такі складана ствараць праект, у якім амаль няма абмежаванняў для беларускіх аўтараў. Іх толькі два: узрост да 40 гадоў і фізічная прастора твора. Часам узнікае і іншая праблема: з моцных, умоўна кажучы, 300 заявак мы не можам адабраць больш чым 150. Гэта абумоўлена нашай экспазіцыяй, таму журы даводзіцца не проста выбіраць, а праводзіць максімальны аналіз.

Працуем не толькі над экспазіцыяй, але і над прасоўваннем праекта, стварэннем каталога, запрашэннем аўтарытэтнага журы. Праект патрабуе часу і вялікіх намаганняў, а таксама новых імёнаў. У нас задзейнічаны ўсе каналы.

Я б не сказаў, што сёлета мы будзем святкаваць юбілей, але гэтым салонам пастараемся замацаваць тэндэнцыю творчай актыўнасці. Якраз для гэтага нам і патрэбны добры ўнутраны мастацкі кантэнт. Бывае, што адна і тая ж работа можа выстаўляцца на некалькіх выстаўках. У нас сітуацыя іншая: мастакі пастаўлены ва ўмовы, калі трэба падрыхтаваць новыя творы. Гэта і ёсць праверка на творчую актыўнасць. Ужо склаўся пэўны трэнд: мастакі загадзя рыхтуюцца да «Восеньскага салона» альбо «Art-Мінска». Важна, што праекты аўтараў прыцягваюць. Для іх гэта цікавыя творчыя пляцоўкі.

— Тым не менш шмат гадоў у беларускай мастацкай прасторы існаваў трэнд альбо заканамернасць «мастацтва дзеля мастацтва». Ці не баіцеся, што «Восеньскі салон» стане сінонімам слова «грошы» і мастакі ў межах выстаўкі пачнуць працаваць выключна для заробку?

— У кожнага мастака ёсць унутраная патрэба зарабляць сваёй творчасцю. І гэта правільна. Але калі мастак страчвае сябе, спрабуе «злавіць» трэнд, ён, як правіла, губляе і пакупнікоў. Ніхто не спрачаецца, што ў Беларусі не вельмі багаты рынак мастацтва, разрыў паміж намі і нават краінамі постсавецкай прасторы вялікі. Таму трэндаў пакуль не так шмат, аўтары нават прадбачыць іх не могуць.

Задача «Восеньскага салона» ў тым, каб пачынаць выбудоўваць не мастака пад пакупніка, а падводзіць максімальна шырокае кола патэнцыйных пакупнікоў для знаёмства з аўтарамі.

Асноўная мэта выстаўкі цяпер — пачынаць прывучаць беларускага пакупніка да сучаснага беларускага мастацтва. У мяне было так: многія людзі праз два гады, падумаўшы, прыходзілі набываць пэўны твор. Працэс уключэння гледача і разуменне, што карціна альбо арт-аб’ект не з’яўляюцца марнаваннем грошай — сэнс нашай працы. Сёння мастацтва асацыіруецца з некалькімі паняццямі: інтэр’ер, інвестыцыі, падарунак. Але мы ж хочам паказаць, якім можа быць мастацтва, надаць яму больш сэнсу.

Часам у рабоце над праектам мы сутыкаемся з завышанымі чаканнямі прадаўца і не вельмі шырокімі магчымасцямі масавага пакупніка. Гэта разрыў, пры якім мы аб’ектыўна не можам сказаць, што продаж карціны — працэс часты. І мы ў рамках «Восеньскага салона» працуем над стабілізацыяй гэтай сістэмы. З аднаго боку, мастакі завышаюць стаўкі, спадзяючыся адным продажам кампенсаваць свае чаканні і затрачаны час, а з другога — патэнцыйнага пакупніка гэта адштурхоўвае. Таму працэс фінансава-біржавога дыялогу паміж пакупніком і мастаком адбываецца, але вельмі няпростымі крокамі.

Часам, здараецца, мастакі гатовы рабіць уступкі, а пакупнікі — плаціць даражэй. Але рэдка. У некаторых сітуацыях мы стараемся быць каардынатарамі гэтых здзелак: угаворваючы, тлумачачы, што трэба рабіць крокі насустрач адзін аднаму.

Улічваючы дынаміку апошніх 10 гадоў, калі ўкладваеш у пэўнага мастака вялікія сродкі, не заўсёды можна разлічваць на інвестыцыі. Мы стараемся знайсці гармонію і зрабіць «Восеньскі салон» розным: эстэтычна прымальным, прадавальным, адукацыйным. Пакуль цікава, пакуль атрымліваецца.

— Але ці можна ўсё ж такі казаць, што «Восеньскі салон» — гэта бізнес?

— Можна казаць пра грошы, але не пра бізнес. Усё ж такі для нас як арганізатараў важны складнік развіцця аўтараў тут і цяпер. Нам нецікава проста прадаваць — цікава прывабіць гэтага мастака. Вядома, хочацца развіваць культуру рынку, каб людзі да яе прывыкалі і разумелі. Але не хочацца выключна камерцыйных стратэгій. «Восеньскі салон» — гэта, безумоўна, гіпермаркетаўскі праект. Вядома, мы ўсёедныя ў плане мастацтва, але вельмі старанныя ў плане прадстаўлення ўсіх мастакоў у межах такой вялікай колькасці работ. Дарэчы, калі чалавек спрабуе прыстасавацца, то ён сябе толькі страчвае.

Мяне сёння радуе работа беларускіх галерыстаў. Рызыкуючы, яны не проста развіваюць або раскручваюць аўтараў, а займаюцца структурным падыходам у плане выканання мастакамі ўсіх функцый. Гэта можна ўбачыць у тым ліку ў межах «Восеньскага салона» на пэўных стэндах.

Наш праект не ставіць абавязковай задачы прадаць. А калі б была менавіта такая задача, я б адабраў 300 работ да 500 рублёў і 50 працэнтаў гэтай выстаўкі прадаў. Таму што цана — прыярытэтны фактар для пакупніка ў нашай рынкавай сітуацыі. А мы ж хочам аб’яднаць якаснае, шматпланавае, дарагое мастацтва і максімальна эфектыўна прадставіць яго шырокай аўдыторыі.

— Праект шмат крытыкуюць за змястоўнасць. Напрыклад, у мінулым годзе многіх гледачоў здзіўлялі нацюрморт з бэзам і дзверы ад халадзільніка з магнітамі ў кантэксце арт-аб’екта. Але калі вы выстаўляеце такія артпрадукты, значыць, гэты сегмент мастацтва камусьці цікавы? Раскажыце, ці ёсць у вас пэўны партрэт гледача? І як вызначыцца з выбарам мастацтва для сябе?

— Калі мы гаворым пра кінафестываль, не адрозніваем камедыю, драму, трылер. Таму што гэта фестываль. Чаму пачынаецца разбор жанраў у мастацтве? Мы вядзём гаворку не пра жанры, мы адбіраем пэўны зрэз прадстаўнікоў беларускага мастацтва, які рэкамендуем для пакупкі. А наступны аспект — фільтры, якія задае аўтар і пакупнік. Мы ўмоўна заяўляем: калі пытанне кошту, то даём магчымасць выбіраць; калі пытанне інтэр’ернае — то тут таксама выбар ёсць. Напрыклад, у нейкую прастору выдатна ўпішацца бэз, у іншую — шкло, крэатыўная інсталяцыя. «Восеньскі салон» у нейкім сэнсе раскрывае перад гледачом функцыі мастацтва.

Я пагаджуся з тым, што ўсё, што я бачу ў межах салона, не ўключыў бы ў сваю аўтарскую экспазіцыю. Але ў гэтым і сэнс: я не адзіная персона на гэтым свяце. Я таксама глядач. Не трэба адбіраць у чалавека магчымасць выбіраць і даваць яму толькі бэз ці толькі дзверы ад халадзільніка. Ёсць розныя меркаванні, і ўсе яны важныя. Дзякуй богу, што ў рамках праекта мы гэта разумеем. Кірмаш пыхлівасці не павiнен засланяць лагічны сэнс мастацтва.

— Штогод вы не да канца адказваеце на пытанне, чаму імёны журы праекта не агучваюцца і па якой прычыне беларускія заслужаныя і народныя мастакі не прымаюць удзел у адборы работ для «Восеньскага салона». Адкрыйце сакрэт, чаму арганізатары хаваюць імёны прадстаўнікоў журы?

— Прычына больш чым простая. Пакуль грамадства не заўсёды гатова прымаць адэкватную і канструктыўную крытыку. Мы запрашаем вядомых і значных у мастацтве персон, але адкрываць іх не хочам і не будзем, каб не выклікаць хвалю негатыву або далейшых наступстваў.

У нашым журы няма мастакоў. Сёння ёсць супольнасць крытыкаў, галерыстаў, кіраўнікоў розных інстытуцый. У практыкуючых экспертаў часта адносна рынку мастацтва больш разумення, чым у масткоў. Мы выбудоўваем такую канцэпцыю, таму што людзі не павінны галасаваць за сябе, за сяброў, блізкіх. Галоўны аспект — прафесіяналізм. Мы гаворым не пра тое, добрае гэта мастацтва ці не.

Мы гаворым пра людзей, якія ўцягнутыя ў працэс працы на рынку мастацтва. Бо прафесія прадаваць і прафесія ствараць — абсалютна розныя. Больш за тое, у нас настолькі мастакамі дэвальваваная прафесія крытыка, што хочацца, каб хаця б у некаторых мерапрыемствах пазіцыя гэтых спецыялістаў, прычым прафесіяналаў, была пачутая.

Меркаванне народных і заслужаных мастакоў важнае, але ім ёсць, дзе яго праяўляць. Прычым Палац мастацтваў, Беларускі саюз мастакоў часта ў гэтых людзей цікавяцца меркаваннем па іншых праектах. У «Восеньскага салона» свая функцыя. У нас ёсць адзнака крытыкаў і экспертаў. Іх меркаванне важна і запатрабавана. Калі яно не задавальняе людзей, аўтараў, то ёсць жа і адзнака гледачоў, якія таксама выбіраюць пераможцаў. Мы вельмі дыпламатычна ставімся да любога фактару арганізацыі нашага праекта.

Вікторыя АСКЕРА

Загаловак у газеце: У пошуках эксклюзіву

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.