Вы тут

Патрэбна праўда аб вайне


Аповесць Анатоля Мацвiенкi «Варшава, Константин Константинович!» прысвечана бадай самаму ўшанаванаму i любiмаму на нашай зямлi маршалу Перамогi — Канстанцiну Ракасоўскаму. З невычэрпнай тэмы, якой з’яўляецца Другая Сусветная вайна, аўтар выбраў для сваёй аповесцi некалькi эпiзодаў, непасрэдна звязаных з гэтай выдатнай асобай, i найбольш падрабязна разгледзеў адзiн з iх — але ж якi! Размова iдзе аб падзеях Варшаўскага антыфашысцкага паўстання 1944 года, аб якiм дасюль не сцiхаюць (i мабыць, нiколi не сцiхнуць) спрэчкi…


Фота з сайта stat.mil.ru.

Пачынаецца аповесць з надзвычай кранальнага моманту: ураджэнец Варшавы, савецкi маршал Ракасоўскi на назiральным пункце разглядае праз стэрэатрубу родны горад — увесь чорны ад дыму i попелу...

Калі вам здарыцца быць у Варшаве i слухаць там экскурсiю польскага гiда, то ён абавязкова распавядзе аб тым, як Вiсла цякла не вадой, а крывёю, i пакажа помнiк маленькаму паўстанцу — варшаўскаму Гаўрошу... Без слёз слухаць пра гэта — немагчыма. Потым гiд абавязкова прыгадае той факт, што Чырвоная Армія на чале з палякам Ракасоўскiм стаяла на другiм беразе i абыякава назiрала, як гiнула безлiч варшавянаў...

Але ён (цi яна) не распавядзе вам пра тое, што прычынай той трагедыi быў не маршал i не байцы Чырвонай Армii, ушчэнт змучаныя папярэднiмi цяжкiмi баямi (iх яшчэ загіне ажно 600 тысяч, каб вызвалiць польскую зямлю ад фашысцкай навалы!). Сапраўдныя абставiны таго найцяжэйшага эпiзода добра вядомы навукоўцам, але ж праўдзiвая iнфармацыя не пасуе шматлікiм палiтыкам... i, вядома ж, такiм вось гiдам, якiя «апрацоўваюць» даверлiвых турыстаў...

Кожнаму хоць крыху зацiкаўленаму ў гiсторыi Другой Сусветнай вайны, добра вядомыя прычыны таго, чаму жыхары Варшавы паўсталi (практычна з голымі рукамi) супраць узброеных да зубоў фашыстаў цi наогул зрабiлiся ахвярамі без анiякай карысцi i сэнсу. Адказны за гэта быў польскi «ўрад у выгнаннi», якi сядзеў у Лондане. Якую ж ролю адыгрываў 1 Беларускi фронт i ягоны камандуючы маршал Ракасоўскi ў той варшаўскай трагедыi?

Мацвiенка блiскуча валодае гiстарычным матэрыялам. Нават спецыфічным: гэта планы вайсковых аперацый, дыспазiцыi, вiды зброi, прыёмы, скарыстаныя падчас ваенных дзеянняў і г. д.

Так, вызвалення Варшавы прагнулi, здаецца, усе, але недавер да братоў па зброi дасягаў абсурду. Вось «генерал Бур» (Камароўскi), камандуючы паўстанцамi, мэтанакiравана «не бачыў» Ракасоўскага на другiм беразе ракi, а зносiны з Масквой ажыццяўляў праз Лондан... Як тое магчыма — рабiць сумесную справу, калi не мець надзейнай i хуткай сувязi? Аўтар прыводзiць неверагодныя, але рэальныя факты, напрыклад: калi маршал даслаў сваiх парашутыстаў з рацыяй i кодамi сувязi да Камароўскага — той нават адмовiўся прыняць iх. Пра лёс тых сувязістаў гiсторыя маўчыць... Такiя невытлумачальныя паводзiны генерала насамрэч зразумець няцяжка. Рэч у тым, што рускіх у Польшчы ненавідзелі. «Сапсаваны тэлефон» Варшава — Лондан — Масква — штаб Ракасоўскага не толькі не дапамагаў справе, але... Няўжо мела месца нават злачынная мана?

У главе «Волоколамское шоссе» чытаем,як жудасна i безвынiкова загiнулi тры нашыя дэвiзii. I тут мiжволi згадваеш сувораўскае «воевать не числом, а умением», чым валодаў мала хто са знакамiтых палкаводцаў. Ракасоўскi валодаў. Ён разумеў: патрабаваннi атакаваць i наступаць, нават супраць здаровага сэнсу, лёгка «здзяйсняць» толькi седзячы ў цёплым кабiнеце...

Польшча, як вядома, была нарэшце вызвалена ад фашыстаў 1-м Беларускiм фронтам — ужо з галоўнакамандуючым Жукавым. Але ж якую цану давялося заплацiць за тое! I абавязак тых, хто жыве зараз, хаця б помніць аб гэтым...

Шмат мусяць даведацца з аповесцi Мацвiенкi аматары ваеннай гiсторыi. Аўтар здолеў выкласцi факты такiм чынам, што рэальныя падзеi выглядаюць не менш захапляльнымi за якi-небудзь адмысловы дэтэктыў. Так, жыццё і ёсць найлепшы пiсьменнiк — толькi патрэбна ўмець яго аналізаваць, як гэта робiць Анатоль Мацвiенка...

Некаторыя главы аповесцi будуць асаблiва цікавыя чытачам, якія захапляюцца найперш чалавечымi характарамi i лёсамi. Асобы, якiя прадстаўлены ў аповесцi, зусiм розныя: жонка маршала, дачка, ваенная сяброўка, сястра, польскi калега-генерал, нават нямецкi фельдмаршал. Аўтар не мае мэты ацэньваць альбо асуджаць нiкога з iх — ён разумее кожнага. Нават фон Бока — у пэўным сэнсе, вядома. «Небарака» фельдмаршал пакутуе з нагоды самаўпэўненасцi i абмежаванасці сваiх камандуючых: менавiта з-за iх не выпадае ўзяць Маскву так хутка, як хацелася... Разам з аўтарам мы адчуваем да яго «спагаду наадварот». І цешыць тое, што, як высвятляецца, гэткiмi дрэннымi якасцямi вызначалiся і нямецкiя камандзiры...

У аповесцi вайна і прыватнае жыццё iдуць побач — як гэта бывае i ў сапраўднасці. Прыўкрасныя жанчыны, якiя кахаюць і любяць «галоўнага чалавека» свайго лёсу. Усе яны заслугоўваюць пашаны, i кожную з iх можна зразумець.

У цэнтры аповесцi асоба самога Ракасоўскага. Азначаны асноўныя этапы ягонага жыцця: ад рабочай маладосцi збяднелага шляхцiца — да мiнiстра абароны Польскай Народнай Рэспублiкi.

I ў гэтым столькi ўсяго, што хопiць на некалькi жыццяў. «Не зусiм паляк, — казаў ён пра сябе. — Мацi мая — беларуска, з-пад Баранавiчаў». Быў ён хрышчаны ў праваслаўі, што таксама нетыпова нават для «напалову паляка». Гэтае «напалову» i вызначыла шырокасць ягонай натуры, якая была пазбаўлена нацыянальнай абмежаванасцi i вузкасцi розуму...

Прадзед яго ў войску Наполеона бiўся супраць рускіх, а Канстанцiн зрабiўся «чырвоным камандзiрам»: ён паверыў у тое, што «новы свет», якi нараджаўся ў Расii, нясе ісцiну ўсяму чалавецтву. Такiм ён i застаўся — Асобай, якая здолела не здрадзiць самой сабе нягледзячы нi на што. Iлжыва абвiнавачаны НКУСам, як здолеў ён дараваць сваёй другой Радзiме i працягваць служыць ёй старанна i сумленна? Нават тады, калi быў прынiжаны: некаму iншаму даручылі вызваляць родны горад, а потым i ўзяць Берлiн — таму што яго лiчылі чужынцам... Каб быць здатным на такое, трэба мець нейкую іншую, вышэйшую свядомасць...

Ён і быў іншым, не такiм як усе! Заставаўся iнтэлiгентам з вытанчанымi манерамi сярод мацернага ваеннага жыцця-быцця. Нiколi не крыўдзiў іншых, хаця сам спазнаў крыўды... Напэўна, дзеля такiх людзей i трывае яшчэ Гасподзь чалавецтва...

Аповесць натхняе на вывучэнне гiсторыi, бо разумееш: дасведчаны ў ёй чалавек робiцца больш разумным i годным...

* * *

Тое, пра што напiсаў Анатоль Мацвiенка, «дела давно минувших дней». Але ж дзiўна: i людзi, i падзеi ў аповесцi ўспрымаюцца так, як быццам яны маюць непасрэднае дачыненне да нас, сучаснiкаў. Прычынай таму не толькi талент пiсьменнiка. Рэч у тым, што самому аўтару вельмi цiкава i патрэбна тое, аб чым ён распавядае нам. I душа чытача не можа не адгукнуцца. У наш час, калi навалай iдзе перагляд гiсторыi, такая лiтаратура патрэбна як нiколi. Людзi, якiя пазбаўлены памяцi, робяцца безабароннымi…

Алена ЧЫЖЭЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.