Вы тут

«Сачыць зоры»: эстафета стагоддзяў


Натхнёныя абраннікі лёсу схільны бачыць сваіх творчых аднадумцаў скрозь часавыя і поліэтнічныя напластаванні, адчуваць іх ледзь не на фізічным узроўні. Максім Багдановіч, напрыклад, ганарыўся нажом для разразання паперы, які раней нібыта належаў Міхаілу Лермантаву. Стараннямі энтузіястаў-збіральнікаў адна з дзіцячых цацак рускага пісьменніка сёння займае пачэснае месца ў экспазіцыі Літаратурнага музея М. Багдановіча ў Мінску.


Максім Багдановіч.

Беларускі паэт выдатна разумеў сваю гістарычную місію — стварыць новую нацыянальную літаратуру нароўні з іншымі, сусветна прызнанымі. Зварот да класікі быў натуральны ў запазычанні творчага вопыту, адаптацыі ажыццёўленых праграмных установак. Лістапад 1911 года для навуковай супольнасці Расійскай імперыі праходзіў пад знакам 200-годдзя энцыклапедыста Міхаіла Ламаносава. У тым жа месяцы па старым стылі Максім Багдановіч рыхтаваўся сустрэць сваё 20-годдзе. 

Паэтычныя сузіральнікі

У творчасці М. Багдановіча гарманічна паяднаны натурфіласофія, народныя міфа-паэтычныя ўяўленні і рамантычныя аўтарскія памкненні, а таксама агучаная па-беларуску сусветная класіка розных часоў. «Космас “Вянка”» (1992) — так называецца адно з ключавых даследаванняў адзінага прыжыццёвага зборніка паэта, якое належыць пяру Тамары Чабан. З лёгкай рукі даследчыцы «касмаганічны» прынцып разгляду сёння паспяхова прымяняецца да мастацкай спадчыны і асобных твораў шэрагу беларускіх пісьменнікаў.

Паэтычны погляд на неба ў М. Багдановіча — гэта не толькі раманс «Зорка Венера» і верлібр «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы…». Сярод філасофскіх сузіральнікаў аўтара «Вянка» — слаўны рымлянін Авідзій:

 

Бог Апалон з галавы зняў карону

                                               і кінуў у неба.

Ў светлым паветры яна пралятае;

                                              агнямі малымі

Робяцца ў ёй на ляту ўсе

                     каменні каштоўныя. Ў небе

Быццам карона жа між на

                               каленях стаячага Нікса

І паміж Цмока яна, затрымаўшыся,

                                          блешча на месцы.

(«Грамада зорак “Карона”»)

 

Мінуўшчына часоў сакральнасці ведаў, алхіміі, пачатку беларускага кнігадрукавання паўстае ў вершы «Безнадзейнасць»: «Скарына, доктар лекарскіх навук, // У доўгай вопратцы на вежы сочыць зоры. // Яны спрыяюць! Час!»

Некаторыя тэмы, звязаныя з навуковымі канцэпцыямі, М. Багдановіч перанёс у паэтычную плоскасць асэнсавання і папулярызацыі. Так, ідэя хрэстаматыйнага верша «Санет» («Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі…»), прысвечанага Аляксандру Пагодзіну, была падказана літаратуразнаўчымі і культуралагічнымі працамі вядомага гісторыка-славіста. Гутаркі на філасофскія тэмы з Дзіядорам Дзябольскім, аўтарам «Каментарыяў да Махабхараты», роздумы пра рэінкарнацыю душы ляглі ў аснову эпісталы «Д. Д. Дзябольскаму» («Быць можа, пуціна жыцця // Лягла пярсцёнкам, друг, // І я ў краіне забыцця // Не раз раджаўся, як дзіця, // Прайшоўшы поўны круг»).

Навуковай спадчыне рускага біёлага, сацыёлага прысвечаны не толькі артыкул «Мікалай Дзмітрыевіч Ножын» («Ежемесячный журнал», 1916, № 6). Пасля знаёмства з канцэпцыяй вучонага быў напісаны безназоўны верш:  

 

Ўсплывае грамада сіфанафора —

Жывых асоб жывушчая труна!

Зраслася з іх, скалечаных, яна,

Як з членаў, не жадаючых прастора.

Дзе хто яе кіруе паміж мора,

Хто — хапае здабычу ў цемні дна?

Аб роўнавазе рупіцца адна,

І ўсе жывуць без шчасця і без гора…

Міхаіл Ламаносаў.

У часопіснай публікацыі М. Багдановіч даў папулярнае тлумачэнне, без якога горкая іронія паэтычнага твора не такая відавочная: «Сіфанафоры — прасцейшыя марскія жывёлы, што зрасліся паміж сабой у адно цэлае, якое называецца калоніяй (г. зн. грамадствам) сіфанафор. Кожная сіфанафора ў такой калоніі выконвае якую-небудзь спецыяльную работу, застаючыся прымацаванай да яе на ўсё жыццё»; «жыццё кожнай з іх да крайнасці звужана, урэзана, падаўлена. Няхай у “калоніі” ідзе цэлы шэраг жыццёвых адпраўленняў — уся сума іх недаступная ні для якой сіфанафоры, з паўнатой жыцця не знаёмая сярод іх ні адна. Перад намі — знявечаныя, скалечаныя ў інтарэсах цэлага асобы». 

Моц творчага азарэння

Упершыню рускамоўны тэкст «Паэзія геніяльнага вучонага» быў надрукаваны ў другім томе «Твораў М. Багдановіча» (Мінск, 1928). Адносна яго ў каментарыях адзначана наступнае: «Артыкул не скончыны. Напісаны быў чытэльна, на паасобных старонках гэткага выгляду, як звычайна паэт пісаў для рэдакцый. Апошнія старонкі рукапісу згубіліся і сярод аўтографаў паэты не знайшліся». Таксама было выказана меркаванне, што рукапіс можна датаваць 1911 годам, а яго з’яўленне звязана са святкаваннем 200-годдзя з дня нараджэння М. Ламаносава.

Названы артыкул практычна ніколі не станавіўся аб’ектам асобнага даследавання.  На нашу думку, ён мае даследчыцкі, інтэрпрэтацыйны патэнцыял. Менавіта ў «Паэзіі…» сыходзяцца многія аспекты творчасці аўтара пачатку ХХ стагоддзя: беларуская падзвіжніцкая, народна-асветніцкая стыхія і рафінаваная, інтэлектуальная выкшталцонасць рускага Сярэбранага веку. Выкарыстоўваючы гучнае імя і юбілейную нагоду, аўтар апрабаваў многія канцэптуальныя ўстаноўкі прымяняльна і да сваёй творчай практыкі, і да маладой беларускай літаратуры наогул.

Паводле няпоўнай рукапіснай захаванасці, артыкул «Паэзія геніяльнага вучонага» складаецца з дзвюх частак.

У першай канстатуецца агульная мэта паэзіі і навукі: «задавальненне спазнаваўчай патрэбы чалавека. Адрозненні паміж імі ўтрымліваюцца ў формах дасягненняў: «Навука дае формулу; паэзія — жывы, канкрэтны вобраз». Але такой цвёрдай размежаванасці няма ў метадах кожнай з іх. У паэзіі пераважае стыхія інтуіцыі, у навуцы — «лагічнае меркаванне, што нетаропка лепіць адну выснову да іншай». «Але ж гэта апошняе не чужое і паэтычнай творчасці, а інтуіцыя і ў навуковых адкрыццях адыгрывае вялікую ролю. Ды і акрамя гэтага мы не бачым прычын, чаму б паэзіі і навуцы не ісці рука ў руку», — заключае М. Багдановіч і такім чынам вызначае асноўную праблему свайго тэксту.

Да агульнага аналізу прыцягнуты сучасныя «спробы зблізіць гэтыя раз’яднаныя галіны, усталяваць паміж імі сувязь і ўзаемадзеянне». У якасці прыкладу называецца (без паглыблення ў дэталі) узніклая ў Францыі школа «навуковай паэзіі». Дазволім сабе пашырыць рэтраспектыўную інфармацыю. Рэне Гіль (1862—1925), заснавальнік і тэарэтык названай школы, некаторы час супрацоўнічаў з часопісам рускіх сімвалістаў «Весы». Французскі паэт быў прыхільнікам інструменталізму (напрамак у філасофіі і метадалогіі навукі) і трансфармізму (вучэнне аб бесперапынных зменах жывёльнага і расліннага светаў).

Аўтар «Паэзіі…» паставіў пад сумненне патэнцыйную магчымасць сучаснікаў сказаць «новае слова» ў напрамку збліжэння паэзіі і навукі. У адрозненне ад праслаўленых розумаў мінулых эпох, найперш, Ё. В. Гётэ, «паміж паэтычнымі адкрыццямі якога і яго навуковым светапоглядам існуе бясспрэчная сувязь». Але яшчэ раней і найбольш відавочна гэтая сувязь праявілася ў М. Ламаносава: «У адносінах да некаторых яго твораў ужо цалкам дастасавальная назва “навуковай паэзіі” і прытым менавіта да тых з іх, якія могуць пераважна перад усімі іншымі прэтэндаваць на тытул “паэзіі”. Іх і варта прызнаць асноўным ядром паэзіі Ламаносава, той яе сарцавіны, якая заслонена ад нашых вачэй тоўстым слоем шурпатай кары».

Другая частка артыкула пачынаецца кароткім рэестрам літаратурнай спадчыны М. Ламаносава — «не вельмі разнастайнай»: «Усё гэта было ў свой час для нас новым і патрэбным у якасці ўзору, але ўсё гэта не выходзіла за межы шаблону, выпрацаванага ў Заходняй Еўропе, з папраўкай прымяняльна да ўмоў нашага жыцця». Пытанні запазычання, своеасаблівага «паўтарыцельнага курса» мастацкай літаратуры паслядоўна і ў некалькі дыдактычнай манеры выкладу разглядаліся М. Багдановічам у дачыненні да маладой беларускай літаратуры. З адназначнай высновай: трэба не толькі браць, прытым выбарачна, але і прыўносіць сваё, нацыянальна-адметнае ў агульную скарбніцу сусветнага мастацтва.

Аўтар нетрывіяльна і даволі катэгарычна падышоў да асноўных тэкстаў М. Ламаносава, адзначыў «напаўслужбовы характар гэтай паэтычнай работы», які выключае «магчымасць душэўнага гарэння».

Сапраўдная творчая сутнасць, на думку М. Багдановіча, выявілася ў дзвюх «рэчах», напісаных не па заказе, а «па ўласным пачыне»: «Утреннее» і «Вечернее размышление о Божием величестве». Менавіта ў іх выявілася «душа геніяльнага вучонага, вялікага празорцы прыроды»: «Энцыклапедыст па сваіх ведах, ён валодаў інстынктамі Калумба, ён увесь час імкнуўся да новых адкрыццяў і дасягненняў. Шырыня ведаў і яшчэ большая шырыня ўяўлення дазвалялі яму маляваць грандыёзныя карціны космасу, ствараць смелыя гіпотэзы, якім было месца калі не ў навуцы, то ў паэзіі».

Далей М. Багдановіч выкарыстоўвае рытарычны прыём і звяртаецца непасрэдна да чытачоў: «Ці памятаеце вы ўрачыстае: “С полночных стран встает заря”?» Такі ход дае магчымасць выказаць здагадку, што патэнцыяльнымі рэцыпіентамі маглі быць не чытачы,а слухачы і тэкст задумваўся як публічнае выступленне на юбілейнай урачыстасці.

Аўтар працытаваў (без указання крыніцы) радок з духоўнай оды  «Вечернее размышление о Божием Величестве при случае великого северного сияния» (1743) і выказаў меркаванне: «Менавіта тут было захавана геніяльнае прасвятленне аб паходжанні паўночных ззянняў з трэння халодных і цёплых часціц паветра. Над абгрунтаваннем гэтай гіпотэзы Ламаносаў стаў працаваць шмат пазней, а ў той час ён і сам яшчэ сумняваўся ў яе дакладнасці».

Выснова М. Багдановіча адназначная: «Такім чынам, перад намі прыклад навуковай інтуіцыі, разумовага азарэння, якое апярэдзіла павольнае, эксперыментальнае даследаванне пытання і замацаванага ў паэзіі». Але яна не канчатковая: «...яшчэ больш характэрныя касмічныя карціны Ламаносава, для стварэння якіх было такім каштоўным спалучэнне ў яго духоўным абліччы адначасова і вучонага, і паэта». Гіпатэтычная магчымасць узляцець да сонца праілюстравана наступнымі радкамі з духоўнай медытацыі «Утреннее размышление о Божием Величестве» (1743), і зноў без згадкі назвы крыніцы:

 

Тогда б со всех открылся стран

Горящий вечно океан.

Там огненны валы стремятся

И не находят берегов;

Там вихри пламенны крутятся,

Борющись множество веков;

Там камни, как вода, кипят,

Горящи там дожди шумят.

Сия ужасная громада

Как искра пред тобой одна…

 

З XVIII стагоддзя аўтар перакінуў часавы масток у Залаты век рускай паэзіі:

«І нешта цютчаўскае чуецца ў іншым варыянце гэтай апошняй думкі:

 

Открылась бездна, звезд полна;

Звездам числа нет, бездне дна…»

 

Можам меркаваць, далейшая праекцыя мела на мэце Сярэбраны век — пачатак ХХ стагоддзя, час імклівага росту навукі і тэхнікі, творчых эксперыментаў, сацыяльных і нацыянальных рухаў. Незавершанасць тэксту пакідае прастору для гіпотэз. Захаваны ўрывак адкрывае новыя перспектывы асэнсавання мастацкіх і філасофскіх памкненняў абодвух класікаў — Міхаіла Ламаносава і Максіма Багдановіча.

Мікола ТРУС, кандыдат філалагічных навук

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.