Вы тут

На выхадных надвор'е сапсуецца


Паводле слоў галоўнага сіноптыка Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Людмілы Парашчук, ужо сёння ў сярэдзіне дня ў атмасферы пачнуць адбывацца змены.

"Цёплае і камфортнае надвор'е з характэрнымі для ліпеня сярэднясутачнымі тэмпературамі зменіць больш халоднае, ветранае і дажджлівае", — дадала яна. Такія перамены прынясе на тэрыторыю краіны халодны атмасферны фронт ад атлантычнага цыклона, які зараз трымае шлях праз Скандынаўскі паўвостраў на паўднёвы ўсход.

"Мінулай ноччу на тэрыторыі краіны яшчэ было без ападкаў, а ўдзень на большай частцы рэспублікі пройдуць кароткачасовыя дажджы, прагрымяць навальніцы", — сказала Людміла Парашчук. Пры гэтым па Віцебскай вобласці ў асобных раёнах чакаюцца моцныя ліўні. Вецер прагназуецца паўднёва-заходні ўмераны, пры навальніцах месцамі шквалістае ўзмацненне з парывамі да 15-20 м/с. Тэмпература паветра ўдзень будзе ад 20 да 26 градусаў вышэй за нуль, па поўдні краіны паветра прагрэецца да 28 градусаў. "Такі комплекс неспрыяльных умоў надвор'я — навальніца, шквал, моцныя ліўні — адпавядае аранжаваму ўзроўню небяспекі", — падкрэсліла сіноптык.

Паводле слоў Людмілы Парашчук, на выхадных цыклон, асеўшы над цэнтральнымі раёнамі еўрапейскай Расіі, пакіне Беларусь у тылавой частцы. Пры гэтым паўночныя вятры прынясуць на тэрыторыю рэспублікі халоднае паветра.
У многіх раёнах пройдуць дажджы, дзе-нідзе магчымы навальніцы. Тэмпература паветра ўначы складзе плюс 8-14 градусаў, удзень прагназуецца ад 14-16 вышэй за нуль па паўночным усходзе краіны, да плюс 20-22 у паўднёва-заходніх раёнах Брэсцкай вобласці. "Такі тэмпературны фон будзе на 2-5 градусаў ніжэй за кліматычную норму", — адзначыла Людміла Парашчук.

У пачатку наступнага тыдня цыклон, застаючыся маларухомым над суседнімі абласцямі Расіі, працягне ўтрымліваць у Беларусі халаднаватае надвор'е. На значнай частцы тэрыторыі рэспублікі будуць ісці кароткачасовыя дажджы, месцамі прагрымяць навальніцы. Тэмпература паветра ўначы складзе 7-14 са знакам плюс, днём — ад 15 да 22, па захадзе ў асобных раёнах будзе да плюс 24 градусаў.

"Толькі да наступных выхадных надвор'е ў Беларусі наладзіцца", — адзначыла Людміла Парашчук.

Кар. БЕЛТА.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.