Вы тут

Скульптар Іван Міско: «Касманаўт Навiцкi тэлефанаваў у маю майстэрню з космасу»


"Касманаўт Навіцкі тэлефанаваў у маю майстэрню з космасу"

Народны мастак Беларусі Іван Міско ўзгадаў сваё дзяцінства — ужо з 6 гадоў ён маляваў вугалем на печы. Але бацькі на яго не сварыліся, а суседзі і зусім прадказвалі будучыню мастака. Вядомы скульптар распавёў пра сваё захапленне космасам, падарожжа ў Японію, працу для "Звязды" і званкі з борта МКС.

1374656037838_20-2

— Большасць вашых твораў прысвечана космасу...

— Я "ляплю касманаўтаў" больш як 40 гадоў. Заўсёды цікавіла штосьці нязведанае. Аднойчы Пётр Клімук сказаў: "Калі ты на зямлі крыху нервуешся, то ў космасе з табой няма чаго рабіць, гэта будзе выбухоўка". У чалавека павінна быць ідэальнае здароўе і моцная псіхіка, каб яго адправілі скараць Сусвет. Раней думаў, што касманаўты адрозніваюцца чымсьці ад простых людзей. Яны падобныя на Гагарына стрыманасцю, сумленнасцю, дабрынёй. Ён для іх своеасаблівы ідэал. Маці Гагарына часта бывала ў маёй майстэрні. Яна прасіла, каб скульптура сына, якую я ляпіў падчас яго пахавання, знаходзілася на радзіме.

— Касманаўты шмат расказвалі вам пра палёты?

— Гаварылі, што вакол прастор і няма межаў. Я папрасіў нават сфатаграфаваць Зямлю з космасу. Расказалі, што пасля палёту цяжка зрабіць першы крок — ногі падкошваюцца.

— У вас вялікая калекцыя аўтографаў (вось ужо сапраўды, не дзверы майстэрні, а ўнікальны музейны экспанат!), а нашага вядомага земляка, трэцяга беларускага касманаўта Алега Навіцкага — ёсць аўтограф?

— Не, на жаль. Пакуль — не: касманаўты вельмі забабонныя. Алег паабяцаў, што калі вернецца на Зямлю, тады і дасць аўтограф. Затое ён чатыры разы тэлефанаваў мне з космасу! Перад вылетам жартам сказаў: маўляў, чакайце званка. Калі я пачуў у трубцы яго голас — аслупянеў, як такое можа быць? Высветлілася, што мабільная сувязь з космасам цудоўная, як і чутнасць. Тэлефанаваў Навіцкі звычайна пасля паўдня, жартаваў: "Калі я пралятаю над Беларуссю, бачу, як у вашым акне святло гарыць!".

— У вашай майстэрні — скульптурны партрэт Алега Навіцкага, калі вы паспелі?..

— Ён некалькі разоў прыходзіў у майстэрню, пазіраваў.

— У Зорным гарадку часта бываеце?

— Пасля таго, як зрабіў бюст Клімука, стаў частым госцем. Вялікую частку кампазіцый я выканаў для Зорнага. Акрамя айчынных касманаўтаў, ляпіў прадстаўнікоў Аўстрыі, Балгарыі, Вялікабрытаніі, Індыі, Кубы і іншых краін.

— Усе гэтыя касманаўты бывалі ў вашай майстэрні?

— Амаль усе. Аднойчы пазіравала французская касманаўтка Клодзі Андрэ-Дээ. Мы з ёй узгаднілі, што ў скульптурным партрэце ў яе валасах будуць зоркі. Акрамя касманаўтаў, у маёй майстэрні пабывала шмат пісьменнікаў, акцёраў, спартсменаў. Актрыса Стэфанія Станюта, пісьменнік Янка Маўр... Цяпер працую над скульптурай народнага артыста СССР, нашага славутага купалаўца Генадзя Аўсяннікава.

— Вы ляпілі і астролага Паўла Глобу — часта ён бываў у вас?

— Мы часта сустракаліся. Ён негаваркі, толькі вачамі "паглынае". Вельмі цяжка было з ім працаваць. Складвалася ўражанне, быццам бачыць наскрозь, і востры прадмет свідруе цябе знутры...

— Ён вам прадказваў будучыню?

— Не, я адмовіўся. Лічу, што ў прадказанні вераць толькі слабыя людзі. Тыя, хто паддаецца ўнушэнню...

— Вы лепіце часцей за ўсё з натуры або з фотаздымка?

— З фотаздымка ляпіць больш складана. Важныя эмоцыі чалавека, кантакт. Галоўнае, каб сімпатыя была ўзаемнай, інакш, як бы ты ні стараўся, нічога не атрымаецца.

— Вы ляпілі партрэты многіх жанчын, а ёсць скульптуры маці, жонкі?

— Мая мама толькі аднойчы была ў майстэрні, я зрабіў яе партрэт, падарыў яго Слоніму — я ж родам менавіта з тых месцаў... Жонку ніколі не ляпіў.

— Што ўспамінаецца з дзяцінства?

— Дом на хутары, вакол прырода, якую я любіў маляваць. З ранняга ўзросту марыў стаць мастаком, а потым, калі ўпершыню ўбачыў "аб'ёмныя малюнкі", вырашыў, што гэта мой лёс. З тых часоў займаюся толькі скульптурай. Вайну практычна не памятаю. Я быў тады зусім маленькі. Засталіся ўспаміны, як немцы забівалі людзей у перыяд акупацыі...

— Ваеннай тэматыцы прысвечаны ваш манумент у Жодзіне...

— Манумент прысвечаны трагічнай гісторыі Настассі Купрыянавай, маці пяці сыноў — усе яны загінулі на фронце, малодшаму прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

— Вы шмат падарожнічалі па свеце. Дзе спадабалася больш за ўсё?

— У Японіі. Яны захавалі сваю самабытнасць, культуру. Уразілі дачы без столі, сцены на колцах і крэслы без ножак. У Японіі я пазнаёміўся з касманаўтам, які па сумяшчальніцтве быў журналістам. Ён заўсёды казаў: "Сам пішу, а чужое чытаць не буду". Я прысвяціў яму адну са сваіх работ. Ды і напрыканцы 1960-х я сам быў журналістам: па рэдакцыйным заданні газеты "Звязда" ездзіў па рэспубліцы, маляваў герояў працы. Зараз вяду дзённікі, якія, можа, калі-небудзь апублікую...

Настасся ЧУМІК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.