Вы тут

Бывай, "Дэу"...


У Гродне яшчэ адзін "бамбіла" застаўся без машыны

Вядомае папярэджанне аб залежнасці спакойнага сну ад выканання падатковых абавязацельстваў перад дзяржавай, на жаль, па-ранейшаму ігнаруецца нелегальнымі таксістамі. Аднак узмацняюцца і меры пакарання так званых "бамбіл". Усё часцей прымяняецца, пэўна, найбольш радыкальная мера — канфіскацыя транспартнага сродку. У гэтым нядаўна, так бы мовіць, на ўласнай скуры пераканаўся 35-гадовы работнік сельгаскааператыва "Прагрэс-Верцялішкі" Гродзенскага раёна, для якога нелегальная перавозка пасажыраў скончылася не толькі штрафам, але і развітаннем з транспартным сродкам.
1375447137409_2-6
Той ноччу, якая аказалася для Сяргея П. ракавой, у яго машыну на вуліцы Паповіча ў Гродне селі тры пасажыры. Маршрут пралягаў да вуліцы Віленскай, дзе таксіст атрымаў ад іх 40 тысяч рублёў. Але гэтым не скончылася. Пасажыры аказаліся супрацоўнікамі падатковай інспекцыі, а кіроўца, нягледзячы на плафон "таксі", — нелегалам, без пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі індывідуальным прадпрымальнікам. Пасля чаго аўтамабіль "Дэу" (ён, дарэчы, не прайшоў тэхнічнага агляду) апынуўся на штрафстаянцы, а парушальнік — у гаспадарчым судзе Гродзенскай вобласці.

Праўда, нелегальны перавозчык не лічыць свае дзеянні сістэматычнымі. Таму суддзі гаспадарчага суда Гродзенскай вобласці давялося ліквідаваць правалы ў яго памяці. Дык вось, у поле зроку падатковых органаў гэты кіроўца трапіў яшчэ ў 2011 годзе. Паколькі тады гэта здарылася ўпершыню, то абышлося без фінансавых санкцый — толькі папярэджаннем і занясеннем прозвішча ў базу незарэгістраванага прадпрымальніцтва.

А летась у сакавіку Сяргея П. упершыню выклікалі ў гаспадарчы суд Гродзенскай вобласці. У выніку — чарговы пратакол у сувязі з нелегальнай перавозкай пасажыраў і штраф у памеры 40 базавых велічынь. Акрамя таго, для парушальніка прагучаў "апошні званок" — яму патлумачылі, што наступнае ігнараванне правілаў прадпрымальніцкай дзейнасці можа абярнуцца не толькі яшчэ большай сумай штрафу, але і стратай аўтамабіля. І, як аказалася, падпісаўшы ў свой час гэты дакумент, Сяргей П. зноў узяўся за старое.

З пункту гледжання інтарэсаў пасажыра, мець справу з такім "спецыялістам" проста небяспечна. Мяркуйце самі. На яго рахунку 22 (!) пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях. Тут і перавышэнне хуткаснага рэжыму, і ігнараванне правілаў дарожнай разметкі, паркоўкі, і язда з непрышпіленым рэменем бяспекі, і непраходжанне тэхнічнага агляду транспартнага сродку.

Ніводнае пытанне, з якім суддзя звяртаўся да Сяргея П., не выклікала ў яго жадання крытычна ацаніць уласныя дзеянні. На ўсё знайшліся апраўданні. Чаму сістэматычна займаўся незаконным падвозам? Дык матэрыяльнае становішча цяжкае — малое дзіця, жонка не працуе (яго афіцыйны даход за мінулы год, паводле звестак Фонду сацыяльнай абароны, склаў больш за 52 мільёны рублёў — Б.П.) Не там машыну спыніў? Дык з паркоўкамі ў горадзе была праблема. Не прайшоў тэхагляд? Дык таму і выехаў "па-чорнаму", каб зарабіць грошы на рамонт аўтамабіля і прайсці тэхагляд. Не думае пра бяспеку пасажыраў, якія перавозяцца такім аўтамабілем? Дык возіць жа на ім сваю жонку і дзіця. Пры гэтым заяўляе ў судзе, што "машына ў такім стане, што ездзіць страшна..."

На шчасце, далейшыя кантакты гэтага кіроўцы з магчымымі кліентамі цяпер калі зусім і не выключаны, дык даволі істотна абмежаваны. Суд аштрафаваў парушальніка на 40 базавых велічынь, а таксама канфіскаваў ягоны аўтамабіль. Хто будзе наступным?

Як пасажыру адрозніць "бамбілу" ад афіцыйнага таксіста? Бадай што па таксометры, які нелегал уключаць не будзе. А вось плафон, жоўтыя палосы і нават жоўтыя нумарныя знакі — яшчэ не гарантыя, што гэта законны перавозчык.

— Парушальнікі праяўляюць вынаходлівасць, маскіруючыся пад легальных таксістаў. Аднак такія факты ўсё роўна выяўляюцца, і тады адказнасць непазбежная, — папярэджвае суддзя гаспадарчага суда Гродзенскай вобласці Сяргей Лях.

Барыс ПРАКОПЧЫК

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.