Вы тут

Жыллёвая нерухомасць сталіцы працягвае сур'ёзна даражэць


Сярэдні кошт "квадрата" ў кватэрах тыпавых спажывецкіх якасцяў на другасным рынку нерухомасці Мінска дасягнуў у ліпені абсалютнага максімуму за апошнія чатыры гады, паведамляюць аналітыкі групы кампаній "Твая сталіца".

Спецыялісты адзначаюць, што ў Мінску цэннік квадратнага метра сёлета ў ліпені дасягнуў 1562 долараў. У параўнанні са здзелкамі, заключанымі ў студзені, рост склаў 22,2%. На аднапакаёвыя кватэры цэннікі павялічыліся на 24,3% да 1698 долараў за 1 кв. м; на двухпакаёвую на 12,1% да 1432; на трохпакаёвую на 16,2% да 1387 долараў.

Папярэдне зроблены рамонт і наяўнасць мэблі прыплюсоўвалі да кошту рэалізаваных у ліпені кватэр у сярэднім 11%. Так, аднапакаёвыя кватэры прадаваліся прыкладна на 123 USD за 1 кв. м даражэй за кватэры тыпавых спажывецкіх якасцяў, двухпакаёвыя — на 293 долары, а трохпакаёвыя — на 347 долараў.

Калі ў першыя месяцы 2013-га сярэдні тэмп росту цэн на першасным рынку складаў 3,4%, то з мая па ліпень гэты паказчык знаходзіцца на ўзроўні 1,6%, падкрэсліваюць аналітыкі кампаніі. Кошт жылля эканом-класа на першасным рынку ў ліпені павялічыўся да 1.424 долараў за "квадрат" (на 20,1% больш, чым у студзені 2013 года); бізнес-класа — да 1606 (на 13,6% больш); эліт-класа — да 2462 долараў (на 8,3% больш). Такім чынам, сярэднеўзважаны кошт сталічнага жылля ў ліпені гэтага года склаў 1615 долараў за квадратны метр, што на 14,7% больш, чым у студзені 2013 года.

Кіраўнік аддзела групы кампаній "Твая сталіца" Святлана Кудзелка

асноўнымі прычынамі існуючага росту цэн на другасным рынку жылля тлумачыць, "па-першае, зніжэннем агульнага аб'ёму прапановы, а па-другое, павелічэннем даступнасці насельніцтва да крэдытных сродкаў банкаў. Немалаважным з'яўляецца таксама агульная тэндэнцыя павышэння якасці прапанаваных на рынку кватэр. Прычым пакупнікі падтрымліваюць гэты трэнд і гатовы плаціць больш за добры стан кватэр і ўбудаванай мэблі. Таксама нельга забываць і пра агульнае павышэнне цэн у сталіцы, у тым ліку і на жыллёвую нерухомасць, якая даражэе як у рублёвым, так і ў доларавым эквіваленце.

Сяргей КУРКАЧ.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.