Вы тут

Бюджэтных кватэр у Мінску не засталося


Спецыялісты агенцтваў нерухомасці прапануюць кліентам арэнднае жыллё коштам ад 500 USD

Яшчэ ў першай палове жніўня наша выданне прадказвала павелічэнне цэннікаў на прыватную арэнду прыкладна на 5—10%. Нам тады здавалася, што стандартная аднапакаёўка не можа рэальна каштаваць даражэй за 350—400 долараў. Моцны студэнцкі ажыятаж у апошняй дэкадзе жніўня практычна цалкам «вымыў» усё бюджэтнае арэнднае жыллё ў сталіцы. А што будзе далей? Пра сённяшнюю сітуацыю на сталічным рынку арэнды і прагнозы на бліжэйшую перспектыву карэспандэнту «Звязды» паведаміла намеснік генеральнага дырэктара Цэнтра гандлю нерухомасцю «ПАКАДАН» Аксана ЛУКАШЭВІЧ.

Выбару ўвогуле няма

Менавіта так катэгарычна заяўляюць аб наяўнасці бюджэтных кватэр на рынку спецыялісты агенцтваў нерухомасці. Толькі за апошнія некалькі тыдняў прапанова звычайных стандартных кватэр зменшылася ў некалькі разоў, а попыт працягвае павялічвацца. Хваля заяў ад патэнцыяльных кліентаў, якія хочуць здымаць параўнальна таннае жыллё (ад 300 да 450 долараў), у агенцтвах цяпер не рэгіструецца.

— Мы цяпер не заключаем дагаворы з кліентамі на нейкую нерэальную перспектыву аб магчымай таннай арэндзе, — тлумачыць сітуацыю спадарыня Лукашэвіч. — Грошы бяруцца толькі ў тых выпадках, калі на атрыманы заказ існуе рэальнае жыллё, а таму мы можам дапамагчы людзям з арэндай.

1378247238524_4-35

А вось у «засеках» агенцтваў нерухомасці сёння засталіся толькі дарагія кватэры. На рынку арэнды існуюць аднапакаёвыя кватэры прымальнай якасці, з добрым рамонтам і не вельмі старой мэбляй, кошт арэнды якіх пачынаецца ад 500 долараў. У такіх кватэрах бізнес-класа добрая кухня, вялікі халадзільнік, сучасная пральная машына і тэлевізар. Звычайных, стандартных кватэр без усіх гэтых бытавых «наваротаў» па меншым кошце на рынку сёння няма.

Тут адразу ўдакладню, што не існуе таннага жылля менавіта ў сегменце новай прапановы здымных кватэр, які кантралюецца агенцтвамі нерухомасці. Цэннік арэнды стандартных кватэр, якія здаюцца ўжо даволі працяглы час, застаецца і цяпер на значна меншым узроўні.

Новы кошт двухпакаёвак — 500—600 USD

Катастрафічна не хапае цяпер на рынку і стандартных двухпакаёвых кватэр. Яшчэ два тыдні таму мінімальны кошт арэнды звычайных двухпакаёвак пачынаўся з 400—450 долараў. Тады за такія грошы можна было зняць толькі сапраўды бюджэтныя кватэры з мінімальным наборам бытавой тэхнікі і мэбляй савецкіх часоў. Сёння падобных кватэр на рынку ўжо не засталося, а прапануюцца толькі такія жылыя памяшканні, цэны на якія вагаюцца ў межах 500—600 долараў. Аднак падобных двухпакаёвак па такой цане на рынку арэнды ўжо і не хапае. Сёння крыху лепшыя па якасці двухпакаёўкі павялічылі свой цэннік арэнды да 650—800 долараў.

Мінімальны кошт арэнды трохпакаёвых кватэр эканом-класа застаецца і цяпер на ўзроўні 600 долараў. Зусім пустыя трохпакаёўкі ў нязручных новабудоўлях апошнім часам падаражэлі на 50 USD, і цэннік іх арэнды складае 500 долараў. Сапраўды «ўпакаваныя» мэбляй і бытавымі прыборамі якасныя трохпакаёвыя кватэры каштуюць сёння ад 950 да 1200 долараў.

Студэнты «выкручваюцца», як могуць

У цяперашняй сітуацыі жорсткага дэфіцыту ўсіх відаў здымнага жылля ў самае складанае становішча трапілі менавіта студэнты. Амаль усе гаспадары арэнднага жылля катэгарычна адмаўляюць гэтай катэгорыі кватарантаў. Выключэнне робіцца толькі для вялікіх па плошчы шматпакаёвак з мінімальным наборам мэблі і бытавых прыбораў. Такія кватэры звычайна не маюць вялікага попыту ў большасці патэнцыяльных кватарантаў. Таму гаспадары вялікіх шматпакаёвак згаджаюцца і на студэнтаў, аднак... Зараз кватэраздатчыкі гэтага жылля не здаюць сваё памяшканне цалкам аднаму кватаранту, а прапануюць плаціць студэнтам па максімуме, з разліку 200 долараў на чалавека.

Істотна павялічыліся цяпер і цэннікі на асобныя пакоі для гэтай катэгорыі кватарантаў. Сёння такія пакоі каштуюць ужо ад 200 да 250 долараў. А вось такіх грошай у «стандартных» студэнтаў звычайна і няма. Што ж рабіць такім кліентам?

Аксана Лукашэвіч упэўнена, што і ў такіх умовах сталічныя студэнты «выкручваюцца» з існуючай сітуацыі. Усё мацней развіваецца арэнднае кампаньёнства, калі студэнты выдаюць сябе за маладых спецыялістаў або пару ў «грамадзянскім шлюбе». Яны актыўна шукаюць часовы прытулак у знаёмых па ВНУ ці нават у далёкіх сваякоў.

Нязначнае патанненне — у лістападзе?

Сітуацыя з прыватнай арэндай у Мінску сёння кепская, але і падстаў для яе паляпшэння наш эксперт рынку жыллёвай нерухомасці пакуль не бачыць. Заробкі ў Мінску істотна адрозніваюцца ад даходаў у іншых гарадах краіны. Таму працягваецца тэндэнцыя на павелічэнне прытоку работнікаў рознай кваліфікацыі менавіта з рэгіёнаў. Як можа паводзіць сябе цэннік арэнды прыватнага жылля ў бліжэйшы час? Мы цяпер маем максімальны кошт арэнды на аднапакаёвыя кватэры ў памеры 500 долараў. Гэты нерэальны цэннік у існуючай эканамічнай сітуацыі справакаваў студэнцкі ажыятаж. Нейкая колькасць кліентаў здымае жыллё па такім кошце, але плаціць такія грошы працяглы час змогуць далёка не ўсе кватаранты. Ужо праз месяц ці два частка такіх дарагіх кватэр будзе вызваляцца. З іншага боку, асобныя гаспадары якаснага пустога жылля могуць перагледзець сваё стаўленне да кватарантаў. Так, за сур'ёзныя грошы можна здаць і добра абсталяваную кватэру. Падобныя тэндэнцыі будуць спрыяць патанненню арэнднага жылля, але...

Спецыялісты нагадваюць, што менавіта ў лістападзе з рынку пачне знікаць сезоннае жыллё пенсіянераў, якое часова здавалася, пакуль гаспадары жылі на дачах. Улічваючы ўсе гэтыя фактары, спадарыня Лукашэвіч дае прагноз аб тым, што да зімы цэннік прыватнай арэнды зменшыцца толькі ледзь-ледзь — прыкладна на 20—30 долараў.

А цяпер некалькі ўласных думак. Сёння афіцыйна праз агенцтвы нерухомасці ўжо не здаюцца бюджэтныя кватэры, што былі пабудаваны з выкарыстаннем ільготных крэдытаў. Па такіх кватэрах немагчыма заключаць адпаведныя дагаворы ў ЖЭСах. Разам з тым цяпер пачалася новая тэндэнцыя прапановы такіх кватэр кліентам не толькі праз знаёмых, але і праз пэўныя сацыяльныя сеткі, інтэрнэт. Наколькі мне вядома, зараз такі варыянт здачы кватэр «у цёмную» нават набірае абароты. Але ж, нагадаю, што спецыялісты падатковых і іншых кантрольных органаў таксама актыўна «сябруюць» з глабальным сецівам.

Сяргей КУРКАЧ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.