Вы тут

«Жыву ў Паволжы, а працоўная кніжка ў мяне дагэтуль двухмоўная»


Са Святланай Анісімавай, якая прадстаўляе Беларускую нацыянальна-культурную аўтаномію «Нёман», мы сустрэліся ў Беларускім таварыстве па сувязях з суайчыннікамі за мяжой «Радзіма». Госця з Тальяці прыехала ў Беларусь у адпачынак. Падчас душэўнай размовы прызналася, што ўжо даўно марыць пераехаць жыць у Мінск.

— Святлана, адкуль такое жаданне?

— Мой тата нарадзіўся ў Камянцы Брэсцкай вобласці. Скончыў школу № 4 у Мінску. Дагэтуль тут жыве яго сястра. У Беларусі пахаваны мае дзед і бабуля. Нягледзячы на тое, што я нарадзілася ў Расіі, Мінск лічу сваім родным горадам. Прыязджаю сюды — і адчуваю сябе як дома. Бо тут я правяла сваё дзяцінства. Папрацавала і ў адным з дзіцячых садкоў Мінска. Таму ў мяне дагэтуль працоўная кніжка двухмоўная. Пасля так атрымалася, што выйшла замуж і пераехала жыць у Расію. Але з кожным годам мяне ўсё мацней цягне ў Беларусь. Магчыма, калі выйду на пенсію, даўнішняя мара споўніцца і я перавязу сюды сваю сям'ю.

1378333728156_1

— А сям'я як ставіцца да гэтага?

— Цудоўна. Мужу майму тут вельмі падабаецца. Першы раз мы сюды з ім прыехалі яшчэ да вяселля. Вясельныя касцюмы, дарэчы, тут набывалі, ва ўнівермагу «Беларусь». Сыны нашы таксама з задавальненнем прыязджаюць сюды. І цяпер бы са мной прыехалі, калі б не служба ў арміі.

— А вы часта ў Беларусі бываеце?

— Раз у 2-3 гады дакладна. У нас вельмі рэдка з мужам супадаюць адпачынкі. У мяне заўсёды летам, у яго — па графіку. На гэты раз пашчасціла: адпачынкі супалі, і мы, не раздумваючы, прамянялі мора на паездку сюды. Прыехалі на машыне. Муж у захапленні ад беларускіх дарог. Заўважылі, што ў вас шмат старых іншамарак. Людзі ездзяць на іх гадамі. У нас жа ў горадзе практычна ўсе іншамаркі — новыя, бо на замежных машынах, як правіла, ездзяць багатыя людзі. Усе астатнія набываюць ВАЗаўскія аўтамабілі. І мяняюць іх вельмі часта. Напрыклад, у нас гэта пяты па ліку «ВАЗ». Нам так прасцей, бо айчынныя машыны недарагія, запчасткі заўсёды ў наяўнасці. Бо завод на месцы, як кажуць, пад бокам.

1378333730379_2

— Што звычайна везяце з Беларусі?

— Цукеркі. У нас у Тальяці поўна ўкраінскіх цукерак, а беларускіх чамусьці няма. У якасці прэзенту вязём беларускі бальзам, абавязкова «Белавежскую». Калі дзеці былі маленькімі, набывала адзенне і абутак. Сама, калі была школьніцай, усе канікулы праводзіла тут. Як цяпер памятаю, везла з Беларусі школьную форму, ранцы, сшыткі, алоўкі, дзённік... Цяпер жа мы вязём з Беларусі пераважна ўражанні. Стараемся недзе пабываць, нешта паглядзець. У мінулую паездку, напрыклад, з'ездзілі ў Мір і Нясвіж. Тады Нясвіжскі замак яшчэ быў на рэканструкцыі... Таму цяпер хочам наведацца туды яшчэ раз.

— А беларусам, якія захочуць паехаць у Тальяці, што параіце паглядзець?

— У нас, вядома ж, няма такіх замкаў, як у вас. Затое можна падзівіцца на прасторы. У Беларусі немагчыма адчуць маштабнасць, тут усё камерна. А ў нас стаіш на беразе Волгі — і не відаць ёй ні канца ні краю... Уцёсы, прасторныя палі... Ёсць у горадзе вялізная Волжская гідраэлектрастанцыя. На тэрыторыі аўтазавода знаходзіцца ўнікальны музей ваеннай тэхнікі. Цудоўна адпачыць можна на старых Жыгулёўскіх гарах. Той, хто будзе ў Тальяці, можа наведаць наш абласны цэнтр — Самару. Таксама цікавы горад.

1378333733637_3

— Святлана, раскажыце, як ваш лёс пераплёўся з «Нёманам»?

— Я выкладаю ў Тальяцінскім хіміка-тэхналагічным каледжы. А вось гэта мае студэнты (паказвае фотаздымак), мы з імі стварылі арт-групу «Спадчына». Летась з песняй «Касіў Ясь канюшыну» хлопцы сталі лаўрэатамі гарадскога фестывалю «Студэнцкая вясна». Якраз для ўдзелу ў гэтым фестывалі нам патрэбны былі беларускія нацыянальныя касцюмы. Нехта параіў звярнуцца ў грамадскую арганізацыю «Беларуская нацыянальна-культурная аўтаномія «Нёман». У інтэрнэце я знайшла нумар Людмілы Іванаўны Дзёмінай, што ўзначальвае «Нёман». Яна адразу ж вызвалася дапамагчы. З таго часу мы і супрацоўнічаем.

— А ці шмат у Тальяці беларусаў?

— Не, усяго некалькі тысяч засталося. У мяне тата скончыў Мінскі палітэх. І паехаў, як малады спецыяліст, працаваць на Волжскі аўтамабільны завод. Вось у той час, распавядаў, вельмі шмат было беларусаў.

— Што ў Тальяці ёсць беларускага, акрамя «Нёмана»?

— Аўтобусы вашы ездзяць у нас, з нізкімі парогамі. Людзям яны вельмі падабаюцца. Трактары, вядома. У нас нават у Самары ёсць дылерскі цэнтр Мінскага трактарнага завода. «Белвестаўскіх» крам шмат па горадзе. Беларускі абутак добры па якасці і недарагі, таму, вядома, карыстаецца папулярнасцю. Ёсць нават крама «Лянок». Самае цікавае: шыльда дакладна такая ж, як і ў Мінску на плошчы Незалежнасці. Нарасхват у Тальяці беларускі трыкатаж, пліты «Гэфест». У мяне дома стаіць беларускі халадзільнік. Беларускія тавары ў нас лічацца якаснымі. Наогул да беларусаў у нас добра ставяцца. Яны — людзі добрыя, душэўныя, у іх няма затоенай злосці. Нізкі паклон вам за захаванне памяці аб Вялікай Айчыннай вайне. Я вельмі шмат сваім студэнтам распавядаю пра вайну на прыкладзе Беларусі. Вельмі радуе, што моладзь, прычым розных нацыянальнасцяў — рускія, украінцы, мардвіны, палякі — цікавіцца беларускай гісторыяй, культурай.

— Існуе меркаванне, што беларусы за мяжой не надта прадпрымальныя. Возьмем, напрыклад, пункты грамадскага харчавання. Так, беларускіх страўняў, у адрозненне ад тых самых армянскіх ці грузінскіх, у свеце ад сілы пяць ці набярэцца...

— Проста ў армян ды грузін грошай пабольш. Нашай Людміле Дзёмінай у прадпрымальнасці не адмовіш. Яна хоць і не адкрыла кропку грамадскага харчавання, але дзякуючы ёй беларусаў ведаюць далёка за межамі Тальяці. Больш за 50 канцэртаў у год даюць ансамблі беларускай песні «Купалінка» і «Зорачкі». Што тычыцца нацыянальнай кухні, то ў маёй сям'і вельмі любяць дранікі. Асабліва з мясной начынкай. Пераканана, што калі б нашы мясцовыя бізнесмены актывізаваліся і стварылі беларускую альтэрнатыву армянскай кухні, то ад кліентаў не было б адбою. Адзін час ішла размова, каб зрабіць нешта накшталт беларускага гандлёвага культурна-забаўляльнага комплексу ў Тальяці. Мне б вельмі хацелася, каб гэта ідэя калі-небудзь знайшла падтрымку.

Надзея ДРЫЛА, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.