Вы тут

Рублёвыя дэпазіты за паўгода скараціліся


Уклады фізічных асоб у нацыянальнай валюце скараціліся да 32,2 трлн рублёў, а ў замежнай валюце павялічыліся да 6,9 млрд долараў. Гэта звесткі на 1 жніўня 2013 года, прыведзеныя ў аналітычным аглядзе Нацыянальнага банка.

Уклады «азамежваюцца»

Доля ўкладаў у замежнай валюце ў агульнай колькасці дэпазітаў на 1 жніўня склала 65,5% супраць 62% на 1 ліпеня бягучага года (на 1 жніўня 2012 г. — 67,1%). Валютныя ўклады насельніцтва за сем месяцаў павялічыліся на 0,6 млрд долараў (у студзені — ліпені 2012 года — на 1,1 млрд), або на 9,5% (у студзені — ліпені мінулага года — на 26,3%). У ліпені 2013 га дэпазіты ў замежнай валюце раслі ў параўнанні з чэрвенем гэтага года: пераводныя — на 5%, тэрміновыя — на 4,4%.

У той жа час прырост укладаў насельніцтва ў нацыянальнай валюце за студзень — ліпень сёлета склаў 7,9 трлн (у студзені — ліпені 2012 га — Br7,7 трлн). У рэальным выражэнні яны павялічыліся на 22,7% (годам раней — на 38,9%).

У ліпені скарачаліся рублёвыя тэрміновыя дэпазіты — на 7%. Значнае скарачэнне ў параўнанні з папярэднім месяцам адбылося і па пераводных рублёвых укладах насельніцтва — на 13,4%, што можа быць абумоўлена часткова пераводам рублёвых укладаў у валютныя з за захавання дынамікі паслаблення беларускага рубля, а часткова выкарыстаннем назапашаных сродкаў на карткавых рахунках насельніцтва на адпачынак.

Агулам дэпазіты насельніцтва (у нацыянальнай і замежнай валюце) у банках Беларусі на 1 жніўня 2013 года склалі 93,2 трлн рублёў. Павелічэнне за студзень — ліпень у намінальным выражэнні — 19,4%, у рэальным — 10,5%. Годам раней за гэты перыяд назіраўся намінальны рост дэпазітаў на 33,5%, а ў рэальным выражэнні — на 19,2%.

Валюты купляюць менш

Насельніцтва Беларусі ў жніўні набыло валюты амаль у паўтара раза менш, чым у ліпені, — $903,3 млн супраць $1 млрд 306,9 млн, сведчыць статыстыка Нацыянальнага банка. Фізічныя асобы за жнівень прадалі наяўнай і безнаяўнай валюты на $735,6 млн (за ліпень — $685,4 млн, за чэрвень — $619,1 млн) у эквіваленце, набылі — $903,3 млн (за ліпень — $1 млрд 306,9 млн, за чэрвень — $884,2 млн).

Такім чынам, чыстая купля замежнай валюты склала $167,7 млн, што ў 3,7 раза менш, чым у ліпені ($621,5 млн). Варта адзначыць, што да чэрвеня, пачынаючы з лютага, фізічныя асобы прадавалі валюты больш, чым куплялі. Змяненне тэндэнцыі летам эксперты тлумачылі ў тым ліку сезонам адпачынкаў.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.