Вы тут

Карфбол і рынга: навучыцца ніколі не позна


Прызнайцеся, ці часта ў вас з'яўляецца жаданне падтрымаць сваё здароўе і фізічную форму? Напэўна, дастаткова часта, але, як правіла, кожны раз, каб суцішыць сваё сумленне, знаходзяцца адгаворкі кшталту «на здароўе няма ні часу, ні грошай». Акцыя «Тыдзень здароўя і спорту», якая праходзіць пад дахам «Мінск-Арэны», — выдатная магчымасць гэтую сітуацыю выправіць: дастаткова толькі знайсці час, а грошы вам не спатрэбяцца. На працягу ўсяго тыдня тут праводзяцца бясплатныя майстар-класы па чатырох відах спорту — карфболу, бодзібілдынгу, рынга і стральбе з лазернага пісталета. Вырашылі зазірнуць на «Мінск-Арэну» і мы.

Акцыя «Тыдзень спорту і здароўя», якая праводзіцца па ініцыятыве Міністэрства адукацыі, стала ўжо традыцыйнай. Яна падтрымліваецца шматлікімі спартыўнымі цэнтрамі не толькі ў Мінску, але і ва ўсёй краіне, — расказала дырэктар Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Валянціна БАЛЯБА. — Абсалютна любы ахвотны можа прыйсці на «Мінск-Арэну» і паспрабаваць сябе ў адным з чатырох відах спорту ці адразу ва ўсіх, калі ёсць такое жаданне.

Шмат каго з хлопцаў цікавіць, як праходзяць трэніроўкі па бодзібілдынгу. Адбываюцца яны ў звычайнай трэнажорнай зале. На дзіва, там было і шмат дзяўчат, якія трэніраваліся нараўне з супрацьлеглым полам. Акцыя цікавая і тым, што толькі на пляцоўках «Мінск-Арэны» можна пабачыць, як гуляюць у такія рэдкія віды спорту, як карфбол і рынга. Карфбол у чымсьці нагадвае баскетбол. Але калі баскетбол пабудаваны на перадачах і вядзенні мяча, то карфбол — толькі на перадачах. Такі від спорту вельмі зручны, бо не патрабуе спецыяльна абсталяванай пляцоўкі — у карфбол можна гуляць нават на звычайным полі. А ў некаторых школах, напрыклад, сельскіх, на ўроках фізкультуры вельмі праблематычна сабраць дзве баскетбольныя каманды, у якіх будзе па пяць чалавек. Для карфболу гэта не праблема, таму што ў гэтым відзе спорту дазваляецца збіраць і змешаныя каманды, якія будуць складацца з хлопцаў і дзяўчат.

Яшчэ адзін малазнаёмы для беларусаў від спорту — рынга. Нешта накшталт валейбола — толькі праз сетку перакідваюць не мячык, а кольца. І гульцоў на полі прысутнічае толькі тры. Плюсы гэтай гульні ў тым, што ў ёй могуць удзельнічаць людзі любога ўзросту. Від спорту хоць і не алімпійскі, але спаборніцтвы па ім у Беларусі праводзяцца.

Вялікую цікавасць ва ўдзельнікаў акцыі выклікала і стральба з лазернага пісталета. Тут шэфства над моладдзю ўзяў студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры Павел Шкраб, неаднаразовы прызёр першынства свету сярод моладзі. Павел расказаў, што стральба з лазернага пісталета — гэта адзін з відаў пяцібор'я, а ўвогуле ў пяцібор'е ўваходзяць канкур, фехтаванне, стральба, бег і плаванне. Гэты від спорту — для сапраўдных мужчын.

Падчас акцыі ёсць магчымасць таксама бясплатна пакатацца на каньках. Балазе, штучны лёд дазваляе забыцца, што за сценамі «Мінск-Арэны» «бабіна лета».

Вікторыя ЧАПЛЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.