Вы тут

УСЕ СЁННЯ ШУКАЮЦЬ СВАЕ КАРАНІ


У Мінску прайшла Міжнародная канферэнцыя па пытаннях міжкультурнага дыялогу і міжэтнічнага ўзаемадзеяння на прасторы СНД. Удзел у канферэнцыі ўзялі прадстаўнікі з Беларусі, Расіі, Латвіі, Літвы...

Было абмеркавана шмат важных пытанняў для міжкультурнага ўзаемадзеяння, а таксама пытанні захавання нацыянальнай адметнасці ў сучасных умовах. Некаторыя выступоўцы, як, напрыклад, Уладзімір Снапкоўскі, прафесар кафедры міжнародных зносін БДУ, у сваім дакладзе «Сацыяльна-палітычныя праблемы захавання ідэнтычнасці Беларусі» нават звярнуў увагу на такую цікавую акалічнасць, як памылка ў Канстытуцыі. Выказваючы свае думкі наконт самаідэнтыфікацыі беларускага народа, Уладзімір Еўдакімавіч звярнуў увагу:

— Самаідэнтыфікацыя беларусаў сёння знаходзіцца на нізкім узроўні. Напрыклад, ніхто не звярнуў увагу на такі яскравы тэрміналагічны нюанс. У Канстытуцыі напісана не «ад імя беларускага народа», а «ад імя народа Рэспублікі Беларусь».

І яшчэ шмат цікавых, актуальных і не вельмі тэм абмяркоўвалася на гэтай канферэнцыі. Больш падрабязна пра канферэнцыю і шэраг іншых мерапрыемстваў распавядае дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Міхаіл РЫБАКОЎ. Менавіта гэты цэнтр займаецца арганізацыяй гэтай міжнароднай канферэнцыі.

— У кожнай дзяржавы свае напрацоўкі, і для таго, каб іншыя ведалі пра гэтыя напрацоўкі, імі трэба, як мінімум, падзяліцца. Мы камунікуем не толькі з прадстаўнікамі краін СНД, але блізкага і далёкага замежжа. Ладзіцца ў нас і кансультацыйная рада па пытаннях беларускага замежжа пры Міністэрстве культуры. Рада збіраецца кожны год. Сёлетняя — ужо чацвёртая. На ёй абмяркоўваюць пытанні, датычныя беларускай дыяспары, узаемадзеяння з беларусамі ў розных сферах. У першую чаргу — у культурнай. Многія з удзельнікаў нашай канферэнцыі і кансультацыйнай рады даволі ўплывовыя людзі і ў кіраўніцтве Масквы, і ў рэспубліканскіх радах пры сваіх краінах, яны дастаткова здольныя на нешта ўплываць. Абмяркоўваюцца пытанні, якія тычацца закона «Аб суайчынніках», праграмы беларусаў у свеце, сумесных паездак. У прыватнасці, адзін з вынікаў працы кансультацыйнай рады — фестываль «Беларусы свету», які адкрыўся ў 2011 годзе. І ў 2014-м будзе другі такі фестываль.

Своеасаблівым апагеем працы Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур з'яўляецца фестываль нацыянальных культур. Сёлета ён адзначае сваё дзесяцігоддзе. У Мінску ён адбыўся ў Белдзяржфілармоніі 14 верасня, а далей пройдзе па ўсёй рэспубліцы. 21 верасня Віцебская вобласць прымае эстафету, і гэтак далей. Рэспубліканскае журы праедзе па ўсіх адборачных турах, збярэцца і вызначыць найлепшых, якія возьмуць удзел у фінальных мерапрыемствах у Гродне летам 2014 года.

Сярод мноства адметных людзей, якія сёлета ўзялі ўдзел у міжнароднай канферэнцыі, Міхаіл Рыбакоў адзначыў ганаровага консула Беларусі ў Цюменскай вобласці; пісьменніка Валерыя Казакова і Уладзіміра Шуглю, старшыню суполак беларусаў Цюменскай вобласці (Расія), якія з'яўляецца старшынёй федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі «Беларусы Расіі».

— А вось Алег Давідзюк з Літвы кіруе беларускім культурным цэнтрам «Крок» у Вісагінасе, — працягвае Міхаіл Леанідавіч. — Цяпер ён працуе над тым, каб беларусы, якія раней працавалі на Ігналінскай атамнай электрастанцыі, прыехалі ў Беларусь і працавалі на Астравецкай атамнай электрастанцыі. Там іх больш за 200 чалавек.

Па словах дырэктара Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур, сёлета няма ўдзельнікаў канферэнцыі, якія прыехалі ўпершыню. Звычайна мерапрыемства наведваюць найбольш аўтарытэтныя лідары беларускай дыяспары.

— Усе яны напрацавалі свой вопыт, аўтарытэт, вагу сярод беларускай дыяспары, — тлумачыць Міхаіл Рыбакоў. — Менавіта таму іх і адабралі прадстаўляць інтарэсы беларускай дыяспары. Плюс яны як дэпутаты нясуць адказнасць за свае словы перад усімі астатнімі беларускімі дыяспарамі па ўсім свеце. Дарэчы, па розных звестках, у свеце каля 900 з паловай мільёнаў беларусаў, выхадцаў з Беларусі і іх нашчадкаў. Вось цяпер у Амерыцы пайшла мода шукаць свае беларускія карані. Знаходзяць дзядуляў, бабуль з Беларусі. Многія кажуць, што вось у Галівудзе, у гэтай славутасці, беларускія карані. І на мой погляд, гэта вельмі станоўча. Таму што мы самі па-іншаму пачынаем ставіцца да беларускай нацыі. Калі ведаеш, хто ты і што ты, якая ў тваёй краіны гісторыя, пачынаеш ганарыцца гэтым.

Зоя СВЕТЛАЯ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Дыета ад хандры. Што жаваць, каб не перажываць

Дыета ад хандры. Што жаваць, каб не перажываць

«Сумныя» прадукты — прэч з халадзільніка!

Грамадства

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

Пасля смерці Сталіна «жалезная заслона», якая аддзяляла Савецкі Саюз ад навакольнага свету, прыадчынілася.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. Неабходна будзе сканцэнтраваць намаганні на рабоце.

Грамадства

Прынцып Інэсы Караткевіч: цаніць кожную хвіліну

Прынцып Інэсы Караткевіч: цаніць кожную хвіліну

«Ні разу не пашкадавала, што прыйшла працаваць у такую ўнікальную структуру, як спажыўкааперацыя»