Вы тут

Бiзнес з сябрам на дваiх


Нехта будуе ўласны бiзнес разам з жонкай цi дзяўчынай, нехта — у адзiночку. Але, напэўна, найбольш папулярны варыянт для старту сваёй справы сярод моладзi — з сябрам на дваiх. Менавiта такiм чынам многiя спадзяюцца зменшыць адказнасць i фiнансавыя ўкладаннi. Iван ГАРГУН пайшоў якраз па гэтым шляху i разам з сябрам адкрыў цырульню ў цэнтры сталiцы. Карэспандэнт «Чырвонкi» сустрэўся з хлопцам, каб паразмаўляць пра гiсторыю гэтага «бiзнесу на дваiх» i аб праблемах, з якiмi могуць сутыкнуцца пачаткоўцы.

...На ўваходзе нас сустракае сам Iван, разам з iм мы iдзём у так званае «тэхнiчнае памяшканне». Гэта пакой, дзе цырульнiкi могуць адпачыць i выпiць гарбаты. Тут жа працу з дакументацыяй i касай вядуць уласнiкi прадпрыемства. Адразу ж цiкавiмся, цi ёсць кампаньён. На жаль, другi гаспадар цырульнi, Андрэй АРЛОЎ, зараз знаходзiцца ў адпачынку.

1383211360530_1

— Адкрыццё сваёй справы было, хутчэй, неабходнасцю, — расказвае Iван. — I я, i Андрэй вучылiся на факультэце журналiстыкi БДУ: я — на трэцiм, а ён — на першым курсе. Ужо тады я разумеў, што сур'ёзныя грошы працай журналiста, (ды яшчэ i студэнту дзённай формы), зарабiць цяжка. А для хлопца гэта праблема. Пачаў думаць пра малы бiзнес. Прыкладна ў гэты ж час нас з Андрэем засялiлi ў адзiн пакой у iнтэрнаце. Паўгода мы проста жылi побач, не сварылiся, але i не сябравалi асаблiва. А ў нейкi момант зразумелi, што ў нас шмат агульнага, у тым лiку i жаданне адкрыць сваю справу. Што нарадзiлася раней: сяброўства цi iдэя пра бiзнес? Нават не ведаю. Хутчэй, сяброўства, бо спачатку мы зацiкавiлi адзiн аднаго, а ўжо потым пачалi дзялiцца iдэямi, якiх было шмат.

Хлопцы доўга перабiралi варыянты, думалi з чаго пачаць. Iван расказвае, што спачатку ў планах быў летнi гандаль у сталiчных парках. Прадаваць хацелi марозiва i iншыя ласункi, але да рэалiзацыi справа не дайшла. Праблема была ў тым, што месцы для такога гандлю прадаюцца з аўкцыёну, i ў той момант, калi хлопцы толькi пачыналi планаваць сваю дзейнасць, усё ўжо было прададзена.

Пасля гэтага сябры пачалi распрацоўваць другi варыянт — адкрыццё невялiкай кавярнi з прадукцыяй уласнай вытворчасцi ў будынку адной з навучальных устаноў. Тое, што гэтая задума не была рэалiзавана, Iван звязвае з недахопам вопыту менавiта ў гэтым кiрунку дзейнасцi.

— У многiх установах ёсць свае сталовыя альбо мiнi-кавярнi, таму «ўцiснуцца» туды было цяжка, — успамiнае Iван. — Гэтак жа цяжка, як i некаторым студэнтам — у «сталоўскiя» чэргi. Мы атрымлiвалi шмат адмоў, альбо нас проста завальвалi патрабаваннямi аб розных паперах. Нават не разумею, чаму нам адмаўлялi: магчыма, кiраўнiцтва некаторых унiверсiтэтаў проста баiцца пусцiць да сябе працаваць непрафесiяналаў у сферы харчавання.

Пасля некалькiх няўдач хлопцы зразумелi, што для адкрыцця справы iм абавязкова спатрэбiцца сваё памяшканне. Паўстала пытанне: дзе ўзяць грошы на набыццё цi арэнду? Многiя ў такiх выпадках iдуць у банк i афармляюць крэдыт на развiццё малога бiзнесу, але партнёры знайшлi больш зручны шлях. Грошы яны пазычылi, але не ў банка, а ў родных i сяброў. Тут жа ўзнiкла патрэба i ў размежаваннi працы. Вырашылi, што Андрэй будзе займацца фiнансамi, а Iван — паперамi i пытаннямi юрыдычнага кшталту.

Хутка ў адным з часопiсаў хлопцы пабачылi аб'яву аб тым, што амаль у цэнтры Мiнска прадаецца права на арэнду фактычна гатовай цырульнi. Кошт, па iх меркаваннi, быў адэкватным. Таму, доўга не думаючы, сябры выкупiлi гэтае права ў мiнулага гаспадара памяшкання i пачалi рыхтавацца да адкрыцця.

— Абсталявання, з якiм мы пачыналi працаваць, ужо амаль не засталося, за год мы практычна ўсё памянялi на больш новае, — расказвае Iван. — Iдэя стварэння добрай цырульнi нам спадабалася, а таму мы вырашылi не мяняць старую спецыялiзацыю. Ды гэта было б i нявыгадна. Таму мы прынялiся за пошукi першага цырульнiка. Ведаеце, на пачатку заўжды цяжка, але ёсць ва ўсiм гэтым нейкi азарт, якi напаўняе чалавека невычэрпнай энергiяй. Прынамсi, чалавека, якi зацiкаўлены ў тым, каб яго справа жыла. Ну i, безумоўна, вялiкую ролю адыгрывае фактар маладосцi. Чым больш праблем (а ў нас iх было шмат), тым больш цiкава iх вырашаць.

1383211363561_2

Праблему з цырульнiкам хлопцы вырашылi хутка. Знайшлi знаёмага, якi, па словах Iвана, быў не надта моцным спецыялiстам, але дапамог зрабiць першы крок наперад. Паралельна хлопцы шукалi яму замену.

— Нам вельмi пашанцавала з першым нашым пастаянным цырульнiкам. Вiкторыя (менавiта так завуць дзяўчыну) дапамагла нам нават не толькi добрым выкананнем сваёй работы, але i парадамi менавiта па бiзнесе. Яна ўжо паспела папрацаваць у розных цырульнях, ведала, як i што робiцца, а таму стала для нас у нейкай ступенi партнёрам. Ужо праз 2-3 месяцы мы трохi «раскачалiся» i знайшлi яшчэ адну дзяўчыну, таксама добрага майстра.

Iван кажа, што наведвальнiкаў самiм шукаць не прыходзiлася: зусiм побач — iнтэрнаты. Амаль усiм патрэбныя паслугi цырульнiка, пажадана — танныя, таму клiентаў хапала. Прайшоў ужо год з часу адкрыцця цырульнi, але Iван кажа, што прадпрыемства дагэтуль не распараджаецца сваiмi даходамi. Усе грошы адразу ж «кiдаюцца» iзноў у справу.

— Мы абсалютна спакойна ставiмся да таго, што прыбытку пакуль што няма. Разам з тым, бачым пэўныя перспектывы. Самы галоўны паказчык — у нас ёсць пастаянныя клiенты. Я маю на ўвазе не толькi тых людзей, што прыходзяць сюды з жаданнем падстрыгчыся ў цырульнi максiмальна блiзка ад свайго дома. Да нас прыязджаюць ужо i з суседнiх раёнаў, таму што нашы цырульнiкi могуць выконваць вельмi складаныя задачы. I пры гэтым мы арыентуемся на людзей з сярэднiм узроўнем заробку. Пастаянных клiентаў мы таксама спрабуем заахвочваць. Напрыклад, нядаўна быў выпадак, калi да нас прыйшла клiентка, а цырульня па пэўных прычынах была зачынена. На наступны дзень мы падстрыглi гэтую жанчыну бясплатна, каб кампенсаваць ёй змарнаваны час. Вынiк — яна зноў прыйшла стрыгчыся да нас.

Размаўляем з Iванам пра маркетынг i прасоўванне брэнда. У цырульнi ёсць свае суполкi ў сацыяльных сетках, дзе размяшчаюцца навiны i фотаздымкi модных стрыжак.

— Лiчу, што калi не займацца хоць якiм вiдам прасоўвання брэнда, то нiчога добрага не будзе. Проста iснуюць пэўныя носьбiты рэкламы, якiя патрабуюць вялiкiх грашовых улiванняў, а ёсць альтэрнатыўныя, для якiх патрэбны толькi энтузiязм i вольны час. Мы свой шлях выбралi.

Пытаюся ў хлопца пра адукацыю. Яго паплечнiк сваё навучанне на журфаку скончыў пасля першага курса, забраўшы дакументы. Сам Iван цяпер вучыцца на апошнiм, пятым курсе. Эканамiчнай адукацыi няма нi ў таго, нi ў другога.

— Атрыманне вышэйшай эканамiчнай адукацыi для чалавека, якi хоча займацца малым бiзнесам, — справа неабавязковая. Я сам працаваў у часопiсе, што пiша пра фiнансы i эканомiку, размаўляў з многiмi дасведчанымi людзьмi, наведваў самыя розныя бiзнес-курсы i трэнiнгi. А калi адкрыў сваю справу, зразумеў, што тут усё па-iншаму. Натуральна, трэба мець нейкую мiнiмальную базу i разуменне таго, што ты робiш. Але ў некаторых выпадках адукаванасць нават можа замiнаць. Напрыклад, чалавек можа доўга i карпатлiва ацэньваць сiтуацыю на рынку перад тым, як пачаць працу, але гэта не прынясе плёну. Бо сфера бiзнесу вельмi iмпульсiўная, дзе патрэбна ўлiчваць занадта вялiкую колькасць кампанентаў i складнiкаў. А многiя з iх ад цябе не залежаць. Мяркую, што пачаць працаваць можна i без спецыяльнай адукацыi. I нават дасягнуць чагосьцi. Усе сапраўды паспяховыя людзi, з якiмi мне даводзiлася мець справу, казалi самае рознае пра тое, адкуль бярэцца гэты самы поспех. Я ж зараз прыходжу да такой высновы: поспех любой арганiзацыi складаецца з асабiстага поспеху як яе кiраўнiка, так i падначаленых. Калi ў цябе ўсё добра ў сям'i, у асабiстым жыццi, калi табе няма за што перажываць, а ўсе тылы — прыкрытыя, смела кiдай выклiк абставiнам i кроч наперад. Вось такая няхiтрая формула.

Напрыканцы размаўляем з Iванам пра ўплыў сумеснага бiзнесу на сяброўства. Цi не можа бiзнес на дваiх разбурыць гэтыя адносiны, няхай i вельмi моцныя?

— Усё атрымлiваецца якраз наадварот. Вялiкiя праблемы толькi аб'ядналi нас. Цяжка сказаць, што адбываецца, калi сябрам даводзiцца дзялiць вялiкiя грошы. Верагодна, сквапнасць знiшчае ў людзях усё добрае. Але для маладых людзей лепшага варыянту, чым бiзнес на дваiх з сябрам, як мне падаецца, няма.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ,
Фота Надзеi БУЖАН.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.