Вы тут

ШЧАСЦЕ АЛЕНЫ КІШ


Для ўнікальнай выставы адрэстаўравалі два маляваныя дываны мастачкі

У мінскай галерэі імя Міхаіла Савіцкага (пл. Свабоды, 15) да 15 студзеня працуе ўнікальная выстава маляваных дываноў «На шчасце» мастачкі са Случчыны Алены Кіш. Дываны прывезены на экспазіцыю пераважна з фондаў гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Заслаўе», дзе знаходзяцца яшчэ творы іншых беларускіх мастакоў наіўнага мастацтва: Язэпа Драздовіча з Дзісеншчыны, Фёдара Сухавілы, Генадзя Кузаўкова, Ядзвігі Вайцешык, а таксама мастакоў, якія займаліся пошукамі аўтэнтычных маляваных дываноў па беларускіх вёсках і стваралі маляваныя дываны на сучасны капыл: Уладзіміра Басалыгі, Аляксея Марачкіна і Віктара Маркаўца. На выставе таксама прадстаўлены дываны з прыватнай калекцыі мастака-графіка Уладзіміра Басалыгі, а таксама дзве маляванкі з хатняй калекцыі мінчанкі Ірыны Пуставалавай. Неверагодна, але некалі яе сям'я замаўляла гэтыя дываны самой Алене Кіш!

1387611057191_21-15

На экспазіцыі таксама можна пабачыць два адрэстаўраваныя маляваныя дываны Алены Кіш. Прафесійная рэстаўрацыя дываноў (якая рабілася сіламі рэстаўратараў Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі на чале з намеснікам генеральнага дырэктара па рэстаўрацыі і фондавай рабоце Сяргеем Баслыкам) была здзейснена на сродкі Беларускага народнага банка, пры ініцыятыве і фінансавай падтрымцы якога ў рамках праект ArtCard, дарэчы, і ладзіцца выстава «На шчасце». Банк таксама выкупіў экзэмпляр «Сусветнай энцыклапедыі наіўнага мастацтва», у якую, дарэчы, уваходзіць і беларуска Алена Кіш. Усяго там прадстаўлена 800 імёнаў з 50 краін усіх 7 кантынентаў. Нам, бясспрэчна, ёсць чым ганарыцца!

З забыцця да новага жыцця

Гэта ўжо сёння пра нашыя маляванкі ведаюць многія. Але ўпершыню даследчыкі звярнулі на іх пільную ўвагу ў 1980—1990-я гг. Тады беларускія мастакі новай генерацыі сталі самі ездзіць па вёсках, шукаць, прасіць, купляць за ўласныя грошы і літаральна ратаваць беларускія маляваныя дываны — іх знаходзілі ў сабачых будах, хлявах, пунях. Страціўшы сваю дэкаратыўна-прэўкрасную значнасць, якую распісаныя ўручную дываны мелі ў гады свайго росквіту да з'яўлення машынных дываноў (1920—1960-я гг.), вяскоўцы сталі выкарыстоўваць іх для гаспадарчых патрэб. Тут я не-не ды прыгадваю з ранняга дзяцінства, што ў бабулінай хаце на Віцебшчыне таксама вісеў нейкі такі дыван, распісаны кветкамі на чорным фоне. Ці гэта быў маляваны дыван, ці нейкі іншы, я не ведаю, але памятаю таксама, што потым ён некуды бясследна знік... Магчыма, дарослыя яго палічылі старамодным пылазборнікам ды папросту вырашылі выкінуць... А можа, яго купілі прыезджыя этнографы — суцяшаю сябе надзеяй! І яшчэ сёння, магчыма, дзе-нідзе ў беларускіх вёсках у якіх-небудзь зусім непрыдатных месцах захоўваюцца ўнікальныя беларускія маляваныя дываны. Пыляцца, гніюць, выцвітаюць, прападаюць. І нам з вамі трэба іх ратаваць.

Упершыню на Беларусі маляваныя дываны з'явіліся ў 1920-я гады. У тыя складаныя часы НЭПа, потым калектывізацыі і дзвюх войнаў нашы суайчыннік мелі цягу да прыгожага, сваё ўяўленне пра шчасце, хацелі мець у хаце свой маленечкі рай. Маляваныя дываны — гэта наогул адзін з цудоўных прыкладаў у гісторыі культуры, калі мастацтва было запатрабаваным і мела практычнае прымянне: іх замаўлялі ў якасці падарунка на вяселле, народзіны дзіцяці ды іншыя святы. Лепшага падарунка і быць не магло! Таму і з'явілася тэхніка і культура маляванак: яны былі неабходныя простым людзям. А мастакі-самавучкі, не абдзеленыя талентам, у сваю чаргу, адчулі подых часу і зразумелі, як быць запатрабаванымі і зарабляць сабе на хлеб. Тое, што напачатку выконвала выключна дэкаратыўна-прыкладную функцыю, сёння стала шэдэўрам наіўнага мастацтва. А імя Алены Кіш стаіць у адным шэрагу з іншым сусветна вядомым інсітным мастаком — грузінам Нікола Пірасмані.

Пра жыццё і творчасць Алены Кіш, на жаль, вядома не вельмі шмат. Некалькі гадоў таму рэжысёр Галіна Адамовіч і мультыплікатар Ірына Кадзюкова зрабілі фільм пра мастачку — «Маляваны рай». У ім, відаць, і сабраны найбольш дакладныя факты з біяграфіі Алены Кіш. Адтуль, напрыклад, я даведалася, што ў роднай вёсцы мастачку лічылі не зусім звычайным чалавекам. Хутчэй за ўсё, яна мела нейкія псіхічныя адхіленні. Ды і сям'я ў яе была дзіўнаватая: бацькі не займаліся сельскай гаспадаркай. Бацька балаваў дачку, прывозячы ёй у падарунак сукенкі. Алена тым часам асвойвала мастацкую тэхніку маляванак. Звычайна яны рабіліся на незагрунтаваным палатне, якое пакрывалася чорнай фарбай. Пасля алейнымі альбо клеевымі фарбамі, часам з выкарыстаннем набіванак і трафарэтаў, на чорны фон наносіўся каляровы малюнак. І расцвітала шчасце! Простае, яскравае, шчырае шчасце людское.

У Алены Кіш былі тры асноўныя сюжэты, якія яна так ці інакш малявала для сваіх тагачасных «заказчыкаў»: «Ліст да каханага», «Дзева на водах» і «Рай». Калі творца не ведае правіл, канонаў, па якіх трэба працаваць прафесійна, ён пачынае ствараць свой свет. І ў многім гэтае няведанне правіл нібы развязвае рукі, разнявольвае. Падсвядомасць, інтуіцыя самі дыктуюць свае правілы, а агульнапрынятыя правілы такі адораны творца, мастак-самавучка парушае. У выніку атрымліваецца нешта абсалютна новае, арыгінальнае, як у Алены Кіш альбо Анры Русо. І потым, калі гэты творца, часцей за ўсё пасля смерці, становіцца прызнаным і знакамітым, яго наватарскія правілы становяцца нормай. Умоўна. Але гэтай нормай пачынаюць карыстацца іншыя мастакі, нават прафесійныя, з'яўляецца мноства шчырых стылізатараў, прыхільнікаў і нават эпігонаў.

Што праўда, лёс самой Алены Кіш не быў такім стракатым і радасным, як свет на яе дыванах. Апошні пік запатрабаванасці маляваных дываноў прыйшоўся на час пасля Першай сусветнай вайны. Пасля Другой сусветнай вайны, здаецца, на пэўны час у людзей не засталося ані грошай, ані цягі да прыгожага. Да таго ж усё пачало механізавацца, і рукатворныя маляванкі спакваля пераставалі быць запатрабаванымі і неабходнымі, як раней. Не маючы ўласнай сям'і і страціўшы сэнс і стымул маляваць, Алена Кіш у 1949 годзе скончыла жыццё самагубствам — утапілася. Адзінокая, дзіўная, 60-гадовая мастачка аказалася абсалютна нікому не патрэбнай... Прызнанне да яе прыйшло толькі праз шмат гадоў. У 1978 годзе на
І Рэспубліканскай выставе народных маляваных дываноў упершыню была прадстаўлена маляванка Алены Кіш, знойдзеная і адрэстаўраваная Уладзімірам Басалыгам. Тады ў твораў мастачкі пачалося новае жыццё.

Нам засталася спадчына

Выстава «На шчасце» павінна стаць дадатковым штуршком для аднаўлення інтарэсу да творчасці Алены Кіш у прыватнасці і беларускага інсітнага мастацтва наогул. А таксама цудоўным прыкладам мецэнацтва ў Беларусі. Як хочацца, каб іншыя нашы буйныя кампаніі бралі прыклад з Беларускага народнага банка і не шкадавалі грошай на мастацтва і культуру! У такі складаны камп'ютарызаваны, наскрозь камерцыйна-рынкавы час чыстаму мастацтву самому не выжыць. А ў нашай краіне, як вядома, ёсць свае традыцыі мецэнацтва, якія разам з уласна мастацкімі традыцыямі таксама трэба працягваць.

Абяцаюць, дарэчы, што ў рамках выставы падчас навагодніх школьных вакацый адбудзецца майстар-клас па стварэнні маляванак для дзяцей. Гэта, як ужо было адзначана, унікальная тэхніка, якую таксама вельмі важна не страціць. І наогул, вядуцца размовы нават пра стварэнне ў Мінску Музея наіўнага мастацтва. Улічваючы, наколькі ў нашай краіне багатая народная культура і колькі ў нас мастакоў-самавучак і даследчыкаў іх творчасці, нам было б чым напоўніць такі музей. Тут прыгадваюцца адразу ўнікальны разьбяр па дрэве Мікола Тарасюк, пра якога Віктар Аслюк зняў дакументальны фільм «Драўляны народ», даследчыца інсітнага мастацтва Вольга Лабачэўская, якая ў тым ліку выдала кнігу «Маляваныя сны Паўла Марціновіча», мноства іншых кніг і альбомаў па наіўным мастацтве, якія выходзілі ў Беларусі.

Калі наогул гаварыць пра спадчыну, то ў Беларусі пытанне яе захавання (культурнай, гістарычнай) заўжды стаіць надзвычай востра. І тут дарэчы будзе сказаць пра гераічную працу калектыву заслаўскага музея, дзе захоўваецца багатая калекцыя маляванак, якія цяпер можна пабачыць у Мінску. Яны ўсё яшчэ працягваюць ездзіць у экспедыцыі і шукаць маляваныя дываны. Часта ледзь не за ўласныя грошы купляючы іх у вяскоўцаў. Праўда, з-за бюракратычнай валтузні і папяровых фармальнасцяў часам перакупшчыкі каштоўнасцяў іх апярэджваюць...

Яшчэ варта адзначыць, што ўмовы, у якіх захоўваюцца экспанаты ў сховішчы гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Заслаўе», не самыя ўзорныя. Хаця музей — дзяржаўная структура, знаходзіцца на балансе Міністэрства культуры і існуе ва ўмовах нястачы фінансавання на элементарны рамонт. Між тым, тут захоўваюцца ўнікальныя беларускія творы мастацтва — маляванкі, якія недапушчальна страціць!..

Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ.

Што думаюць беларускія творцы пра творчасць Алены Кіш сёння?

Уладзімір ПАРФЯНОК, фотамастак, рэдактар вэб-альманаха photoscope.by:

— Мне ўвогуле падабаецца наіўнае, непрафесійнае мастацтва. Бо яно, я лічу, дэманструе нам сапраўднае, чыстае стаўленне да мастацтва: «жадаю і раблю», а не «трэба адпавядаць статусу, таму раблю». У наіўным мастацтве (улічваючы і фатаграфію) ёсць нешта такое, што страчана прафесіяналамі, спадкаемцамі пэўных школ. Ёсць нейкая энергія не дакладнай кампазіцыйнай выверанасці, а энергія выпадковага, парадаксальнага, антыпрафесійнага. Мяне гэта ўзрушвае і дае пэўныя штуршкі для свайго прафесійнага мастацтва. Алена Кіш — гэта прадвесніца нашага ненароджанага Эндзі Уорхала, гэта сапраўдны народны поп-арт.

Руслан ВАШКЕВІЧ, мастак:

— Мне ў студэнцтве была вельмі цікавая яе творчасць. Яна тады толькі адкрылася, і многія знаходзіліся пад яе ўплывам. Скульптар Уладзімір Ламейка нават дыплом ёй прысвяціў у свой час. У мастацтва Алены Кіш вельмі шмат агульнага з авангардам. Тое, як яна працавала з колерам, сёння становіцца вельмі блізкім сучаснаму мастацтву. А цяпер у святле глабальных тэм нейкія маленькія справы ў мастацтве — прымітыў, наіў, мастацтва дзяцей, аўтсайдараў, аўтыстаў — становяцца вельмі цікавымі ў прынцыпе, гэта нават у трэндзе, так сказаць, прыцягвае куратарскую ўвагу. Мне спадабалася, што выстава была падтрымана банкам — яны нават праспансіравалі рэстаўрацыю некалькіх работ. Па-мойму, гэта супер, гэта прыцягвае ўвагу да нашай гісторыі, мастацтва. Гэта вельмі здаровыя тэндэнцыі, якія абнадзейваюць.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.