Вы тут

УЗАЕМАДЗЕЯННЕ ПА ЎСІМ СПЕКТРЫ


Беларусь і Расія вырашылі ўсе вострыя пытанні двухбаковых адносін, заявіў Аляксандр Лукашэнка 25 снежня ў Маскве па выніках пасяджэння Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.

Парадак дня ВДС уключаў амаль паўтара дзясятка пунктаў. Удзельнікі пасяджэння разгледзелі асноўныя пытанні беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў розных сферах. Да пачатку пасяджэння прэзідэнты Беларусі і Расіі правялі двухбаковую сустрэчу, каб зняць усе вострыя пытанні і абмеркаваць перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што цяперашняя форма правядзення двухбаковай сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў дзеяздольная, эфектыўная і прыжывецца ў далейшым.

Паводле слоў Прэзідэнта Беларусі, Саюзная дзяржава на фоне значнага руху наперад па шляху еўразійскай інтэграцыі мае патрэбу ў якаснай мадэрнізацыі. Неабходна поўная выразнасць адносна спалучэння функцый Саюзнай дзяржавы і будучага Еўразійскага эканамічнага саюза, каб аб'яднанні не дубліравалі адзін аднаго.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ў фармаце «двойкі» абкатваўся шэраг рашэнняў, якія цяпер паспяхова рэалізаваны ў «тройцы». «Лічу, што і ў далейшым за Саюзнай дзяржавай павінна захавацца роля ледакола ў вырашэнні складаных пытанняў», — сказаў ён.

У цэлым Прэзідэнт Беларусі канстатаваў інтэнсіўнае развіццё і двухбаковых беларуска-расійскіх адносін, і еўразійскіх інтэграцыйных працэсаў. Ён адзначыў, што ўпершыню за апошнія некалькі гадоў праводзіцца другое пасяджэнне ВДС за год.

«У 2013 годзе традыцыйна ішла рэалізацыя раней пачатых і новых сумесных праграм, што фінансуюцца з саюзнага бюджэту, цесна ўзаемадзейнічалі профільныя міністэрствы, супрацоўнічалі рэгіёны. Беспрэцэдэнтнага для постсавецкай прасторы ўзроўню дасягнула супрацоўніцтва ваенных, дыпламатаў і праваахоўнікаў», — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. Ён асабліва адзначыў зробленыя бакамі захады па ўмацаванні рэгіянальнай групоўкі войскаў, узмацненні аховы знешняй граніцы і паветранай прасторы. На яго думку, гэта паказчык глыбіні двухбаковага ўзаемадзеяння. У гэтым кантэксце Прэзідэнт Беларусі згадаў паспяховыя сумесныя беларуска-расійскія стратэгічныя вучэнні «3ахад-2013».

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу і на добрае развіццё двухбаковых гандлёва-эканамічных адносін на фоне крызісу ў сусветным гандлі. Беларусь і Расія не толькі не знізілі аб'ёмы ўзаемнага тавараабароту, але нават прыбавілі без уліку энергетычнага складальніка. Паводле слоў кіраўніка беларускай дзяржавы, гэта сведчыць аб тым, што значна прыбаўляе рэальны сектар. «Няхай наш тавараабарот і меншы, чым у мінулым годзе, але ён амаль на паўмільярда долараў перасягнуў узровень 2011 года», — сказаў беларускі лідар.

«Усё гэта можа здацца звычайным і руцінным. Але ў гэтым і заключаецца галоўнае дасягненне нашага праекта — мы сталі зусім натуральна, як належнае, успрымаць наша цеснае двухбаковае супрацоўніцтва. I такая арганічнасць — вынік шматгадовай карпатлівай работы», — заявіў Прэзідэнт Беларусі.

Разам з гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў адсутнасць дынамікі ў пытанні дасягнення роўных правоў грамадзян Беларусі і Расіі ў сацыяльнай сферы. Ён падкрэсліў, што чакае ад Пастаяннага камітэта і ўрадаў дзвюх краін больш актыўных дзеянняў у гэтым напрамку.

У сваю чаргу Прэзідэнт Расіі адзначыў важнасць работы, праводзімай у рамках Саюзнай дзяржавы, для ўсіх інтэграцыйных працэсаў на постсавецкай прасторы. Ён звярнуў увагу на тое, што ў Саюзнай дзяржаве па многіх напрамках работа ідзе з апярэджаннем і задае тон іншым інтэграцыйным аб'яднанням. На яго думку, усё гэта вельмі важна.

Па выніках пасяджэння ВДС Аляксандр Лукашэнка заявіў: «Урады Беларусі і Расіі выпрацавалі рашэнні па самых вострых і складаных пытаннях парадку дня нашых адносін. Сёння можна з упэўненасцю сказаць, што не засталося ніводнага пытання, якое мы маглі б паставіць перад расіянамі, або просьбаў, з якімі мы маглі б звярнуцца да расійскага боку. Мы вырашылі ўсе пытанні напярэдадні Новага года».

Кіраўнік беларускай дзяржавы таксама падзякаваў расійскаму боку за праект па будаўніцтве ў Беларусі атамнай электрастанцыі. Як адзначыў Уладзімір Пуцін, агульная сума расійскага фінансавага ўдзелу складае $10 млрд. Ён нагадаў, што першы блок станцыі плануецца ўвесці летам 2018 года, другі блок — у 2020 годзе.

Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу на тое, што дзякуючы Расіі Беларусь увайшла ў клуб касмічных дзяржаў, ствараючы сумесна з расіянамі касмічныя апараты, адзін з якіх працуе ўжо на арбіце. Ён расказаў, што бакі дамовіліся паскорыць стварэнне сумесных прадпрыемстваў па кааперацыі ў гэтай сферы.

Краіны прадаўжаюць супрацоўніцтва ў ваенна-прамысловай сферы. «Мы вельмі жорстка і рашуча будзем абараняць інтарэсы нашых дзяржаў, нашых грамадзян, забяспечваючы абарону Беларусі і Расіі», — сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што прынятыя на гэтым пасяджэнні рашэнні яшчэ раз сведчаць аб пашырэнні беларуска-расійскага ўзаемадзеяння па ўсім спектры работы. «Працэс стварэння ўмоў для развіцця і ўмацавання Саюзнай дзяржавы хоць і праходзіць няпроста, але дае практычную аддачу», — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Уладзімір Пуцін паведаміў, што Расія прадаставіць Беларусі дадатковую пазыку да $2 млрд. «У ходзе сённяшняй сустрэчы ўрад Расійскай Федэрацыі прыняў рашэнне аказаць садзейнічанне нашым калегам у сувязі з тым, што адбываецца на сусветных рынках, і прадаставіць Рэспубліцы Беларусь дадатковыя пазыковыя сродкі ў 2014 годзе ў аб'ёме да $2 млрд», — сказаў Прэзідэнт Расіі.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, гэтыя сродкі — не падарунак Беларусі, і яны будуць працаваць на развіццё эканомік дзвюх краін. «Хацеў бы сказаць некаторым, якія крытыкуюць у нас у Беларусі за гэта і расіян у тым ліку, што ні ўрад Расіі, ні Прэзідэнт, якія ўмеюць добра лічыць грошы, нічога проста так не робяць», — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

У якасці прыкладу ён прывёў той факт, што беларуская эканоміка спажывае ад 60 працэнтаў да 70 працэнтаў рэсурсаў і камплектуючых прадпрыемстваў Расіі, дзе працуюць, паводле прыкладных ацэнак, да 10 млн расіян. «Пачынаючы ад фінішнай вытворчасці, вы такім чынам падтрымліваеце і сваю эканоміку — расійскую», — сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на няпростую эканамічную сітуацыю ў свеце, у тым ліку ў Расіі, якая з'яўляецца асноўным спажыўцом беларускіх тавараў. Акрамя таго, Беларусь у выніку недружалюбных дзеянняў «Уралкалія», які абваліў сусветны калійны рынак, страціла больш як $1,5 млрд. Прэзідэнт Беларусі падзякаваў расійскаму боку за прынятыя рашэнні падтрымаць эканоміку Беларусі ў гэты вельмі цяжкі час.

У час пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы Беларусь і Расія дамовіліся павышаць эфектыўнасць супрацоўніцтва ў сферы барацьбы з карупцыяй, падпісаўшы адпаведнае міжурадавае пагадненне.

Традыцыйна абмяркоўваўся бюджэт Саюзнай дзяржавы. Яго аб'ём на 2014 год складае амаль 5 млрд расійскіх рублёў. Гэтыя рэсурсы будуць накіраваны на фінансаванне больш як 36 сумесных праграм і мерапрыемстваў.

Яшчэ адной важнай тэмай, вынесенай на ВДС, стала падрыхтоўка да святкавання 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Прэзідэнт Беларусі падзякаваў расійскаму боку за каласальную падтрымку на міжнароднай арэне ў цяжкую мінуту націску на Беларусь.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў гатоўнасць усіх беларускіх аб'ектаў, пабудаваных да зімовай Алімпіяды ў Сочы. «Мы з гэтай задачай справіліся і, як абяцалі, пабудавалі ўсе нашы аб'екты. Яны ўсе функцыянуюць і поўнасцю заняты, — сказаў Прэзідэнт Беларусі. — I для расіян, і для беларусаў мы стварылі цудоўны курорт сусветнага ўзроўню, дзе будзе прыемна адпачываць і летам, і зімой».

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.