Вы тут

Чалавек добрай веры


У вясковай акрузе гэтую жанчыну кожны ведаў як добрую краўчыху, але ўся краіна даведалася аб ёй дзякуючы яе моцнай, нязломнай і адданай веры. Ядвіга ПАСТЭРНАК верніца, якая атрымала ліст ад Папы Рымскага Францішка, упершыню напісаны ў Ватыкане па-беларуску.

IMG_2023

Марозным студзеньскім вечарам, калі я ўжо вяртаўся аўтобусам з камандзіроўкі ад гэтай духоўна моцнай жанчыны, прыгадаў шчырыя словы нашага кардынала Казіміра Свёнтка, якія калісьці змяшчаў у адным са сваіх артыкулаў. Пасля ўзнагароджання значнай прэміяй «Сведка веры» Свёнтэк пранікнёна звярнуўся да жанчын: «Я ахвярую гэтае высокае прызнанне бабулям маёй краіны, якія змаглі захаваць веру ў гады пераследу, перадаючы яе сваім унукам і праўнукам, тым самым не даўшы памерці Касцёлу». У гэтым звароце я ўбачыў яе, старэнькую, але аптымістычную, маленькую, аднак моцную верай Ядвігу Пастэрнак, якая кожны тыдзень, які ў дзяцінстве, пераадольвае дзясяткі кіламетраў, каб патрапіць у храм. Яна і ведаць ніколіне хацела пра пераслед веры. Малілася, шыла дзяўчатам сукенкі да першай святой камуніі і пакрысе навучала іх рэлігіі, перадавала ўсё тое, што калісьці назапасіла ад набожных бацькоў.

1

Яго Святасць Францішак

Скіроўвае найлепшыя пажаданні

Спадарыні Ядвізе Пастэрнак

«І, выказваючы ўдзячнасць за шчырае служэнне Касцёлу, моліцца асаблівым чынам, каб над Вамі пастаянна ззяла ажыўляючае святло Евангелля, а таксама з радасцю кіруе спецыяльнае апостальскае бласлаўленне, каб, падмацаваныя шчодрымі нябеснымі ласкамі, Вы маглі працягваць шчыра сведчыць веру і евангельскую любоў».

Ватыкан, 11 кастрычніка 2013 г.

 

4— Для мяне ліст ад Папы як падарунак на свята Божага Нараджэння, — седзячы каля стала, на якім ляжыць канверт з Ватыкана, усміхаецца спадарыня Ядвіга і паглыбляецца ва ўспаміны.— Летась вілейскі касцёл адзначаў 100-гадовы юбілей. 3 гэтай нагоды ксёндз паручыў мне напісаць выступленне. Я падрыхтавала прамову на 4 старонкі і зачытала перад усімі ў прысутнасці мітрапаліта Мінска-Магілёўскага архіепіскапа Тадэвуша Кандрусевіча і апостальскага нунцыя Клаўдыа Гуджароці. Расказала ўсім пра жыццё нашага касцёла, які быў закрыты на 50 гадоў, пра нашы маленні, папрасіла перадаць Папе Францішку прывітанне ад усіх жыхароў Вілейкі. Пасля імшы нунцый забраў маё выступленне і адвёз Папе ў Ватыкан, а той ацаніў нашу веру, адданасць касцёлу і даслаў мне ліст. 22 снежня нунцый прывёз яго ў Вілейку і ўручыў мне.

Ведаеце, я нарадзілася 6 красавіка 1927 года ў Мулярах і ўсё жыццё правяла ў роднай вёсцы. У 6-гадовым узросце скалечыла сабе нагу і ад 7 да 25 гадоў была вымушана хадзіць на мыліцах. Усе юнацкія гады прайшлі ў цяжкіх выпрабаваннях. Танцаваць, зразумела, я не магла, а польку, вальс і кракавяк у нас танцавалі ледзьне ў кожнай хаце! Было так, што сяджу на лаве, а мяне незнаёмы хлопец танцаваць кліча. Адмаўляла. Не магла. Мае бацькі былі набожнымі людзьмі і выхоўвалі нас, сваіх дзяцей, у духу рэлігіі з самага дзяцінства. I як я стала інвалідам, пешшу хадзіла ў касцёл у Вішнева, што за 18 кіламетраў ад нашай вёскі. Аднойчы на шляху сустрэла ваўка, але, дзякуй Богу, усё абышлося і ён саступіў мне дарогу. Начавала часта ў сясцёр-непакалянак (жаночая манаская кангрэгацыя. — Аўт.), якія заўжды давалі мне прытулак. А калі прыходзіла ў касцёл, прасіла Бога аб міласэрнасці, каб нейкая перамена адбылася ўмаім жыцці. I калі мне споўнілася 25 гадоў, адбыўся сапраўдны цуд! У Вілейку прыехаў добры спецыяліст і зрабіў мне аперацыю. Ды так, што інваліднасці сваёй я ўжо не адчувала. 3 1952 года хаджу ўжо на сваіх нагах.

Вучылася я ў пачатковай школе ў Мулярах. Урокі даваліся мне добра. Аднак, каб працягваць вучобу, неабходна было ехаць вучыцца ў Куранец, што за 25 кіламетраў ад нашай вёскі. Але хто мяне павязе на кані? Мой бацька, які паходзіць з вёскі Войстам, што ў Смаргонскім раёне, працаваў краўцом. Значыць, і мне было наканавана стаць краўчыхай. Я ніколі не працавала ні ў калгасе, ні ў арцелі. Прымала заказы, шыла вопратку дома і ўсё жыццё працавала на сябе. Тата шыў кашулі, штаны, кажухі, а я пазней пачала шыць жаночую вопратку — напрыклад, сукенкі для вяселляў і дзяўчатам для першай камуніі. Я нават не ведаю, што больш за ўсё любіла рабіць. У мяне было адно памкненне — добра пашыць людзям.

Пасля таго, як Заходняя Беларусь перайшла Савецкаму Саюзу, мае сваякі ў Польшчу не паехалі, а засталіся на радзіме. Тады багатыя вяскоўцы казалі: «Вайна! Саветы забіраюць нас!»Але ж тут наша зямля, тут мы жылі і будзем жыць. Яе мы і павінны трымацца. Наогул з вёскі на Захад ніхто не з'ехаў.

3Гісторыя з крыжам. У суседняй вёсцы Дубава стаяла капліца, якую старшыня калгаса загадаў знесці. З яе парэшткаў у Іжы, сённяшнім цэнтры сельсавета, збудавалі кухню. Тады мае сёстры з руін прывезлі да мяне пагнуты крыж. Мне яго пасля выправілі кавалі ў Зольках. Памятаю, што на татавай магіле зламаўся крыж і я на пэўны час, пакуль не зрабілі помнік, усталявала яго на могілках, а пасля хавала яго ў доме. Праўда, калі ў Куранцы адкрылі каплічку, перадала яго туды, дзе ён знаходзіцца і цяпер.

Абразы ў нашых хатах ніхто ніколі не здымаў. Падобнага наогул проста не было. Вернікі прыходзілі да мяне таксама. I ніхто нам нічога не забараняў, не папракаў нас за веру. Толькі аднойчы вясковы дэпутат-атэіст разагнаў нашае маленне. Я малілася таксама і з праваслаўнымі, ездзіла ў царкву. Сябрую з усімі. А як жа інакш, калі мы ўсе аднаму Богу молімся?

За інаўгурацыяй Папы Францішка сачыла ў суседкі па «талерцы». Я цяпер з вялікім інтарэсам сачу за навінамі. Чытаю газеты, часопісы. У нашым касцёле мне наогул падарылі сапраўдны набор кніг пра нашага роднага Папу-славяніна Яна Паўла II. Дома ў мяне стаіць тэлевізар, радыё і кожны вечар слухаю Ватыканскае радыё. Менавіта па радыё я ў свой час і пачула, што памёр Папа Павел I. Усё ведала, чула, толькі ўбачыць гэта не магла.

Кот Барсік — усё маё багацце. А раней, калі была маладзейшая, мела гаспадарку, свіней з каровай трымала. Цяпер па доме мне дапамагае сацыяльны работнік Тэрэза Жук. Але ўсё роўна кожную нядзелю, у кожнае свята я еду ў вілейскі касцёл, які ў 1990 годзе перадалі вернікам.

Кіроўцы прыгарадных аўтобусаў ужо, напэўна, прызвычаіліся да мяне. Часам, каб старой не ісці далёка да прыпынку, спыняюцца каля майго дома, шкадуюць. А я ім за гэта калі-некалі і шакаладкай аддзячу.

Тарас ШЧЫРЫ. Фота аўтара.

Вілейскі раён.

Рэдакцыя газеты «Звязда» выказвае падзяку за дапамогу ў арганізацыі сустрэчы Сяргею Паўлоўскаму, начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Вілейскага раёну

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.