У памяць аб сыне, расстраляным за ўдзел у Кранштацкім паўстанні, бацька паставіў капліцу
Пра лёс свайго земляка, трагічны і гераічны адначасова, я ўпершыню даведаўся з кнігі гісторыка Эдуарда Карніловіча «Імёны з небыцця». Адразу ж патэлефанаваў свайму колішняму аднакласніку Колю Туру, які застаўся працаваць аграномам у родных мясцінах, цяпер, натуральна, на пенсіі і надалей жыве ў сваім Задворы, а яно побач з вёскай Харосіца, дзе нарадзіўся, гадаваўся і адкуль рушыў у далёкі свет герой гэтай нататкі Цімафей Глебка. Расказаў пра яго, спытаў, ці ведае ён штосьці пра гэтага чалавека. Кажа, што смутна штосьці прыгадвае, але больш дакладна паабяцаў распытаць у людзей старэйшых. А яшчэ я ў яго спытаў пра каплічку, што стаіць ля дарогі паміж Задворам і Харосіцай. Коля адказаў, што яе даглядаюць людзі, але, у гонар каго яна збудавана, ён не ведаў. Я спытаў таму, што смутна ўзгадаў, што колісь мой бацька расказваў, што яна пабудавана ў гонар матроса, які нібыта загінуў на вайне. Зрэшты, дэталяў той размовы мая памяць не зберагла, але што гаворка датычыла ваеннага марака, гэта я добра запомніў...
У той самы дзень Коля мне адзваніў, паведаміў, што размаўляў са старажылам, які пацвердзіў, што матрос той быў з роду Глебкаў, а калі бацька даведаўся пра ягоную смерць, то і вырашыў у яго памяць збудаваць капліцу, дзеля чаго прадаў морг зямлі. Цяпер яе даглядаюць сем'і двух братоў Глебкаў, адзін з якіх працуе жывёлаводам, а другі шафёрам. Але жывуць яны ў вёсцы Падкасоўе, і як звязацца з імі, Тур не ведаў. Тады я патэлефанаваў свайму знаёмаму заатэхніку на пенсіі Жоліку Віктару, які мне дапамог скантактавацца з Глебкамі. Больш за тое, што ўжо ведаў я, яны мне мала сказалі, як і іхні бацька, чалавек састарэлы. Пра Цішку і яны, і Міколаў знаёмы расказвалі як пра надзвычай дзейснага і шмат у чым здольнага, кемлівага хлопца, стройнага, прыгожага, прывабнага для дзяўчат. А як у яго склаўся лёс — ніхто не ведае. І фотаздымка на памяць ён не пакінуў, не засталося ў родзічаў ні Цішкавага, ні ягонага бацькі, які будаваў капліцу. Так што адзіная відочная памяць — гэтае досыць зграбнае збудаванне, якое высвечвае белізною, асабліва выразнай у вяснова-летнія дні пасярод зялёнай пашы.
Служыў Глебка на Балтыцы ў марской крэпасці Свеаборг непадалёку ад Гольсінфорса. Дакументы Цэнтральнага архіва ваенна-марскога флоту Расіі сведчаць:
«Глебка Цімафей Лукіч нарадзіўся 22 студзеня 1881 года ў вёсцы Харосіца Нягневіцкай воласці Навагрудскага павета. 13 снежня 1902 года залічаны навабранцам у 20 флоцкі экіпаж. 31 красавіка 1903 — матрос 2 стацці крэйсера «Генерал-Адмірал». З 1904 года плаваў на параходзе «Ільмень». З 1 студзеня 1906 года пераведзены ў качагары І стацці.
1 красавіка 1906 года назначаны ў качагарныя кватэрмайстры».
З гэтага дакумента відаць, што ў Цімафея былі і павышэнні, і паніжэнні, але на чацвёртым годзе марской службы яму прысвойваецца унтэр-афіцэрскае званне.
Падзеяй, якая істотна паўплывала на матроса, з'явілася «крывавая нядзеля» ў Пецярбургу, падчас якой была расстраляна войскамі вера людзей у цара: яна ўскалыхнула не толькі сталіцу, але ў той ці іншай меры і ўсю Расійскую імперыю. У кранштацкія казармы часта пачалі наведвацца падпольшчыкі-рэвалюцыянеры, якія агітавалі за звяржэнне цара, перадачу зямлі таму, хто яе апрацоўвае, за дэмакратычныя свабоды. Усё гэта было блізкім і зразумелым нашаму земляку, і ён пад уплывам бальшавікоў уступіў у Кранштацкую вайсковую арганізацыю РСДРП.
19 ліпеня 1906 года ў адзінаццаць гадзін вечара прагучаў сігнал да паўстання ў Кранштаце. Пачаліся ўзброеныя сутыкненні, з'явіліся параненыя і забітыя. Цімафей Глебка, разам са сваімі землякамі-беларусамі, быў сярод самых рашучых і адчайных.
Але няўзгодненасць дзеянняў, недастатковая падрыхтоўка, дэзарганізацыя, ды падступная дзейнасць правакатараў, якія выдалі ўладам звесткі пра тэрмін паўстання, — усё гэта паспрыяла таму, што загадзя падрыхтаваныя царскія войскі ўжо на наступны дзень задушылі закалот. Пра яго масавасць сведчыць тое, што было арыштавана больш як дзвесце тысяч рэвалюцыянераў. Паводзіны Цімафея Глебкі пад арыштам сведчаць пра тое, што перад намі сапраўды мужны, духоўна нязломны чалавек, які верыць у справядліваць змагарнага шляху, на які ён стаў. Вось адзін з яго лістоў, адрасаваных родным у Харосіцу:
«Дарагія бацькі, тата, мама, браты і сёстры!
Даруйце мне мой учынак, калі вы яго палічыце злачынствам, але я яго злачынствам не лічу. Вы ведаеце, якім я быў да паступлення на службу. Як вам вядома, абвяргаў лад існуючага парадку ў Расіі. Паступіў на службу і хутка далучыўся да людзей, што змагаліся за свабоду. Служыў я, вам невядома як, але людзі, што мяне ведаюць, добра пра мяне адзавуцца...
Як вам вядома, ваенныя пачалі выступаць у падтрымку народа. Гэта было ўжо ў многіх гарадах — іх расстрэльвалі. І вось з 19 па 20 ліпеня выступіў наш Кранштат. Але тут здрадзілі свае таварышы, якія на апошнім сходзе далі брацкі пацалунак і паціснулі руку, але яны здрадзілі і засталіся вернымі сваім катам. Гэта — Енісейскі полк. Але, хаця многія з нас пацярпелі, мы выканалі тое, што на нас было ўскладзена. Мы выступілі без зброі, думалі завалодаць ёю, але атрымалася няўдача... Так, загінулі людзі і цяпер гінуць. Але я спадзяюся, што пасля нас нядоўга застанецца панаваць гэтым драпежным звярам — цару і яго памагатым.
Дарагія бацькі! Ёсць прымаўка: за царом служба, за Богам малітва не знікаюць. Але гэта наадварот: гіне маладое жыццё. Бывайце, бацька і маці. Сын ваш Цімафей, памёршы ў 25 гадоў, спакойна чакае сабе смерці. Даруйце, што раней не пісаў пісьмы: не пісаў таму, што вы ў чаканні маёй смерці турбаваліся б.
Я думаю, што, як вы даведаецеся падрабязнасці майго жыцця і які я быў, не будзеце мяне абвінавачваць. Бывайце!..
Сын ваш Цімафей Глебка».
У лісце да сваіх братоў, Аўксенція і Івана, ён паведаміў: «Я прыгавораны да смерці за наступнае: за выпрацоўку плана паўстання, за распаўсюджванне сярод войскаў літаратуры і як арганізатар узброенага паўстання ў Кранштаце... Я спадзяюся, што вы не забудзецеся на брата, які ахвяраваў сабою за сваіх сяброў».
Два месяцы завадатары і ўдзельнікі паўстання былі ў турме. 17 верасня Ваенны суд пад старшынствам генерал-маёра Тамашэвіча, таксама, мабыць, беларуса, прыгаварыў 19 матросаў да смерці. Сярод іх былі трое беларусаў: Цімафей Глебка, Радзівон Каротчык і Емяльян Ляшук.
Праз чатыры дні адбылося пакаранне. Вось як занатаваў гэтую трагічную падзею відавочца: «...Цёмная, нерухомая маса людзей, застылая ў чаканні. Але асуджаныя былі спакойныя. На іх тварах, ледзь асветленых агнём, не было ні страху, ні сумненняў у праваце сваёй справы. Яны мужна чакалі таго, што павінна было адбыцца».
Па-летняму адзетых асуджаных падвялі да нацягнутага каната, паставілі ў адзін шэраг. За імі «на ўсякі выпадак» выставілі роту гвардзейскіх егераў і кулямёты. Толькі пачалі чытаць прысуд, як зняволеныя, сабраўшыся з сіламі, заспявалі: «Мы жертвою пали в борьбе роковой...»
— Рота, плі, — скамандаваў афіцэр.
Забітых паклалі ў мяхі, пагрузілі на параход і вывезлі ў адкрытае мора. І там, прывязаўшы цяжар, выкінулі за борт.
Жорсткая расправа над маракамі ўскалыхнула сумленных людзей Расіі, маракоў Балтыкі. Вядомы пісьменнік А. С. Новікаў-Прыбой адразу ж напісаў апавяданне «Бойня», а паэт Рыўкін песню «Море в ярости стонало».
Здавалася б, такую гераічную і мужную асобу, якой, бясспрэчна, быў Цімафей Глебка, павінны з асаблівай пашанай і гонарам шанаваць у яго на радзіме, найперш у школе, дзе ягоны ўчынак і смерць маглі б, асабліва ў савецкія часы, быць наглядным прыкладам да вывучэння гісторыі, падзей першай расійскай рэвалюцыі 1905—1906 гадоў. Але нам, вучням, пра гэтага мужнага чалавека ніхто і словам не сказаў ні на ўроках гісторыі, ні пры іншай нагодзе. Больш за тое, ледзь не разбурылі каплічку. Ініцыятарам выступіў не абы-хто, а камуніст, старшыня мясцовага калгаса. Нічога дакладна не кажучы, па якой патрэбе, загадаў трактарысту ехаць услед за ім у Харосіцу. Сам на легкавіку паехаў паперадзе і спыніўся ля каплічкі. Загадаў Івану зачапіць трос за наверша і адразу звярнуць крыж, а потым паспрабаваць разбурыць і капліцу. Ды нечакана наткнуўся на рашучы супраціў:
— Не-а, калі сам такі акаянны, то бярыся за рычагі і што хочаш рабі! А мне лепей хай рукі адсохнуць, каб я рабіў такое!..
На гэтым усё і скончылася. Аднаго людзі згадваюць добрым словам, а другі ў людской памяці абняслаўлены. А капліца стаіць і сёння.
Яўген ЛЕЦКА
Зазірнём у заўтра Беларусі.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.