Вы тут

Вялікая Ліпа. Мемуарысты і ахвяры памфлета


Люблю вандраваць па роднай Беларусі... Цяжка нават перадаць словамі гэтае хвалюючае пачуццё-прадчуванне, што вось-вось апынешся там, дзе раней не бываў, дзе не тоўпяцца турысты, слепячы ўспышкамі фотакамер мінулае, і адкрыюцца толькі табе скарбы гісторыі...

Мы наведваем старыя сядзібы і храмы, ад якіх часам засталіся толькі дзве аб'едзеныя ветрам сцяны, прабіраемся праз калючае кустоўе да падмуркаў, што калісьці належалі велічным палацам... Разбіраем амаль нечытэльныя надпісы на магільных камянях... Прыемна бачыць, як рэстаўрыруюць старыя будынкі, як натхнёна працуюць валанцёры. А часам глядзіш, як усё руйнуецца, зарастае пустазеллем — і хочацца крычаць... Гэта ж нашыя скарбы, гэта наша беларуская гісторыя, схаваная ў тым ліку ў тысячах руінаў! І, вядома, гляджу я на тую спадчыну вачыма найперш пісьменніка: факты і даты — толькі фон... Бачацца вобразы, узнікаюць асацыяцыі, адшукваюцца сувязі з літаратурай...


Давайце разам пройдземся гэтымі сцежкамі!

Няўдалы ваявода

У Вялікую Ліпу, што ў Нясвіжскім раёне, мы прыехалі гарачым летнім днём...

«Лепей было, пане Філіпе, седзець табе у Ліпе. Увалявся есть в велікую славу, як свіня у грась».

Так, згадка менавіта пра гэты маёнтак, у адным з найцікавейшых дакументаў XVІІ стагоддзя, «Лісце да Абуховіча» — цудоўным узоры беларускай палемічнай літаратуры. Галоўны ягоны герой, дакладней, антыгерой — уладальнік Вялікай Ліпы, ваявода Піліп Абуховіч, які 23 верасня 1654 года здаў Смаленск маскоўскім войскам. На сакавітай беларускай мове аўтар так адсцябаў няўдалага ваяводу, што і сёння чытаць смешна. Толькі на соймах прыгожа гаварыць умее, і дзед ягоны ў Мазыры «за малыя грошы няпраўду прадаваў», і бацька, суддзя Мазырскі, «у каго больш узяў — таго добра судзіў». А сам Піліп падаруначак ад ворага атрымаў у трыста вазоў.

Памфлет хадзіў па руках... Імя аўтара дакладна не высветлена, магчыма, гэта наваградскі шляхціц Іван Цыпрыян Камуняка.

Піліпа Абуховіча кароль апраўдаў —- што ж, менавіта Піліп калісь кіраваў соймам, на якім Ян Казімір Ваза быў абвешчаны каралём, а двое ягоных сыноў служылі ў караля пакаёвымі. Але ганьба была нечуваная. Абуховіч, напэўна, на нейкі час і з'ехаў сюды, у Вялікую Ліпу, куды яго і пасылаў памфлетыст... Праз год захварэў і памёр, праўда, не тут, а на чале войска, пад Брэстам, у вайне супраць шведаў. Але так і ўяўляю ягоную прыгорбленую постаць у якім-небудзь акне маёнтка ці ў альтанцы, там, пад ліпамі... І крык прыслузе, каб гасцей не пускалі... Як пісана ў «Лісце да Абуховіча», «у людскіх абгаворах і сораме сядзіць, як дзяцел у дупле».

Белыя рыцары

Мы падыходзім да выцягнутага пабеленага будынка з востраканцовай брамай... Гэтае дзіўнае збудаванне, адзінае на Беларусі, — стайня-брама. Яшчэ нядаўна ў магутных мурах трымалі коней. А вось і галоўная цікавостка, якую дужа любяць турысты: унутры брамы —уваходы ў аддзяленні стайні, а над уваходамі — барэльефы з выявамі рыцараў. Латы, забрала, страусавыя пёры... Зусім як на гербе «Ясеньчык», якім карысталіся Абуховічы. Цуд, што захаваліся — бо ўсе «панскія ўпрыгожванні», фрэскі, ляпніну, скульптуру ў ХХ стагоддзі новыя, «калектыўныя», уладальнікі чамусь паўсюдна апантана знішчалі.

Наймалодшы чалец нашай каманды, чатырохгадовы Кастусёк, захоплена разглядае скульптуры і заяўляе, што будзе рыцарам.

Пасярэдзіне стайні брукаваная дарожка — так і ўяўляецца, як грукаюць па ёй капыты коней…

Радавая бібліятэка

Сядзібны дом не захаваўся. Зірнулі на свіран — ён таксама ўпрыгожаны каменнымі гатычнымі аркамі... Як не ведаеш — дык не здагадаешся, што перад табой гаспадарчае збудаванне. Праз дах прасвечвае неба...

Дарэчы, назва паселішча пазначана яшчэ на той карце Вялікага Княства Літоўскага, што была выдадзена ў 1613 годзе ў Амстэрдаме, на сродкі Мікалая Радзівіла Сіроткі. Ён нейкі час быў уладальнікам Вялікай Ліпы, як і ўсіх навакольных земляў — у 1558 годзе ўзяў маёнтак і вёску ў залог у Мікалая Глябовіча, а потым і зусім «у падарунак» атрымаў. Так што яшчэ адзін цікавы цень сустракаем тут — аўтара «Перэгрынацыі, або Паломніцтва ў Святую Зямлю», дзе для ўражаных землякоў Сіротка апісваў не толькі звычаі чужаземшчыны, але хамелеона, кракадзіла, страуса, вярблюда, пальмы ды ерыхонскую ружу.

Але галоўнымі ўласнікамі сядзібы сталі ўсё-ткі Абуховічы — на чатыры стагоддзі. Менавіта яны ўсё тут і разбудавалі. Мясціны ж неверагодна прыгожыя — рака Сноўка, пагоркі, велічныя дрэвы... Пчолаў, кажуць, разводзілі, залаты ліпавы мёд бочкамі вазілі...

Кіруемся да афіцыны, двухпавярховага флігеля, дзе нядаўна месцілася школа. Відаць спробы рэстаўрацыі, наверх вядзе новая драўляная лесвіца. Уражвае скляпеністая столь — цагліны, укладзеныя шчыльна-шчыльна, утвараюць каменныя хвалі. Рэшткі камінаў... Вядома, печкі ў беларускім клімаце грэлі лепш, старасвецкая шляхта таксама так лічыла. Але як завезлі з Еўропы моду — так і пачалі шляхцюкі каміны ладзіць. Захавалася нават частка дэкору...

А вось незвычайны пакой... Частка яго адгароджана каменнымі аркамі. Дамашні тэатр? Пасля мы даведаемся, што тут гаспадары захоўвалі каштоўныя сямейныя архівы — кляйноды, прывілеі, рукапісы... Напэўна, у арках знаходзіліся цяжкія дзверы... Як ад скарбніцы.

Піліп Абуховіч, дарэчы, спрабаваў абяліць сябе, пакінуўшы мемуары. У якіх не забыўся расхваліць караля, Яна Казіміра Вазу, што яго так літасцівіў — «Такой быў Пан мудрасці, храбрасці, шчасця..., што ні войнамі, а ні пакоем мінулых і будучых вякоў цяжка знайсці, цяжка абяцаць падобнага»... Сын Піліпа Тэадор, прыгнечаны кепскай славай, працягнуў мемуарную справу бацькі. Пісаць яму было пра што. Служыў пакаёвым пры Яне Казіміры Вазе дванаццаць гадоў, трапіўшы на службу чатырнаццацігадовым падлеткам, потым разам з каралём, які адрокся ад трону, адправіўся ў выгнанне, у французскі Невер, на радзіму каралевы Марысенькі. Потым удзельнічаў у знакамітай бойцы пад Хоціным з войскамі Гусейн-пашы, застаў і вайну са шведамі.. Успаміны пакінуў і другі сын Піліпа, Міхал Лявон — таму давялося пабываць у маскоўскім палоне, дзе запісаў цікавыя назіранні пра царскі двор — даравітым палоннікам дазвалялася прысутнічаць пры ўсялякіх цырымоніях. «Далей ішоў сам цар, якога вялі пад рукі двое маладых людзей з вядомых радоў. На ім была шапка, накшталт кароны, якую яны называюць шапкаю Манамаха, на грудзях бармы і на плячах багатае адзенне накшталт рызы... Трохі пасля, калі скончаныя былі спевы, на санях, запрэжаных чатырма коньмі, пакрытымі чырвоным сукном, везлі вялікую вярбу, на якую прасталюдцы кідалі навязаныя на вяровачкі яблыкі. Яблыкі гэтыя заставаліся на дрэве, і іх было накідана немалая колькасць. Потым пасадзілі на вярбу чатырох юнакоў, апранутых у царкоўныя срэбныя рызы, яны спявалі нейкія песні».

Ці не тут, у гэтым пакоі з аркамі, цяпер пустым, захоўваліся мемуары Абуховічаў?

Імёны на вокладках і капліцах

На цаглянай сцяне — надпіс усюдыісных «вулічных мастакоў»: «Твори или умри». Сімвалічна...

Трое згаданых Абуховічаў, Піліп і двое сыноў, пахаваныя ў Наваградку... А за вёскай, на старых могілках, мы знайшлі паўзруйнаваную капліцу з надпісам на лаціне... Надпіс пагубляў металічныя літары, але можна здагадацца, што гэта цытата з Бібліі «Quі vіvіte іn me non morіetur» — «Тыя, хто жывуць ува мне, ніколі не памруць»... Чые астанкі там ляжалі — я пакуль не даведалася.

Дарэчы, Піліп Абуховіч, які ведаў некалькі моў і сапраўды вылучаўся красамоўствам, пісаў вершы на лаціне.

Род Абуховічаў застаўся ў нашай гісторыі. На першай кнізе па антрапалогіі, якая з'явілася на нашых землях, Юзафа Ясінскага, выдадзенай у Вільні ў 1818 годзе, ёсць прысвячэнне мецэнатам, Міхалу, Піліпу і Ксаверыю Абуховічам. Гэта тры браты, а малады лекар Ясінскі служыў у іх бацькі, пана Юзафа. Мяне зацікавіла, чаму ж самога пана Юзафа Ясінскі не згадвае? Ды таму, што той стаў удзельнікам паўстання Касцюшкі, потым з'ехаў, і на той час імя ягонае цэнзура не прапусціла б.

Унук Юзафа, Альгерд Абуховіч, абраў сабе лёс беларускага пісьменніка. Ён дыскутаваў з Францішкам Багушэвічам наконт асаблівасцяў беларускай мовы, пісаў байкі, памёр у жабрацтве, маючы адзінае багацце — шафу з кнігамі. Рукапісы ягоныя былі знішчаныя.

...З'язджаем, развітаўшыся з белымі рыцарамі... Мінаем суседнюю вёску Высокая Ліпа — яна сапраўды на пагорку. Які ж будзе лёс сядзібы ў Вялікай Ліпе?

Так, яна ўсё больш прыцягвае турыстаў, знаходзіліся энтузіясты, якія ўзяліся за рэстаўрацыю... Толькі б не абвалілася, дачакалася сваёй новай славы.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Спорт

Сяргей Кавальчук: У спорце вышэйшых дасягненняў адна мэта — быць лепшымі

Сяргей Кавальчук: У спорце вышэйшых дасягненняў адна мэта — быць лепшымі

Міністр спорту і турызму пра жыццё беларускага спорту. Шчыра і аб’ектыўна.

Грамадства

Хто рызыкуе захварэць на рак малочнай залозы?

Хто рызыкуе захварэць на рак малочнай залозы?

На першым месцы — спадчынны фактар.  

Грамадства

Чаму важна аднаўляць балотныя экасістэмы?

Чаму важна аднаўляць балотныя экасістэмы?

Балоты непарыўна звязаныя з культурай і гісторыяй беларускага народу. 

Здароўе

Чаму беларусы не спяшаюцца прышчапляцца?

Чаму беларусы не спяшаюцца прышчапляцца?

Праз які час праводзіць рэвакцынацыю ад COVІD-19 і ці патрэбна яна ўвогуле?