Так называецца група энтузіястаў, якая аднаўляе атмасферу няспешных падарожжаў па былым Вялікім гасцінцы Літоўскім, які некалі злучаў Варшаву з Гародняй і Вільняй. Па тэрыторыі Польшчы ён ішоў праз Станіславаў, Ліў, Венграў, Сакалоў Падляскі (дзе і месціцца штаб-кватэра віртуальнага гасцінца), Драгічын, Цеханавец, Браньск, Бельск Падляскі, Беласток, Васількаў, Чарну-Беластоцку, Саколку, Кузніцу... Так калісьці ездзілі са сталіцы Рэчы Паспалітай у сеймавую Гародню і літоўскую сталіцу Вільню.
У Вялікага гасцінца Літоўскага ёсць і кулінарнае вымярэнне, якое злучае кавярні, рэстараны, лакальных вытворцаў, якія даюць магчымасць пакаштаваць смакі, якія некалі адчувалі падарожныя па гасцінцы. У самым канцы 2013 г. выдадзены кулінарны даведнік па гасцінцы, які прадстаўляе гэтыя смакі — ад варшаўскіх рэстарацый у стылі ХІХ стагоддзя да падляшскіх «заяздуў», у якіх і «літвінская кухня» і татарскія далікатэсы. А таксама славутых людзей, што падарожнічалі Літоўскім гасцінцам, і іх кулінарныя прыхільнасці. Напрыклад, Пілсудскі пэўны час жыў у маёнтку Мілюсін каля Сулеюўка, і побач адкрылася рэстарацыя «Дзядэк», дзе можна даведацца пра гастранамічныя густы маршалка. А з вёскі Вялёндкі ў гміне Карытніца паходзіць род славутага аўтара «Кухара дасканалага», апетага ў «Пане Тадэвушы», — Войцэха Вялёндкі. Будзем спадзявацца, што некалі такія шляхі з'явяцца і ў нас. Той жа Вялікі гасцінец Літоўскі варта працягнуць праз Гродна да Вільнюса.
Што елі ў каралеўскім горадзе над Нёманам у часы ВКЛ, з дакументаў вядома пакуль кепска. А вось далікатэсы міжваеннага часу пакінулі больш слядоў у памяці, і аўтары выдадзенай нядаўна «Чырвонай кнігі Гродна» рупліва іх сабралі. Напрыклад, у сучасным Доме шлюбаў на рагу Віленскай, Ажэшкі і Савецкай да вайны месцілася лепшая на ўвесь горад «Кавярня турка». Уладальнік быў насамрэч ці то азербайджанцам, ці то сербам, але ўмела культываваў вобраз турэцкай кававай культуры — адной з найлепшых у свеце. Тут можна было не толькі выпіць смачнай кавы па-турэцку, але і з'есці ватрушку (ці лепей сказаць — кныш?), што прадаваліся ў пякарні насупраць. А зусім побач месцілася сербская «Бузярня», дзе можна было набыць бузу з халвой. Буза — гэта малочны напой, які нагадваў квас, толькі густы. Сюда заходзілі «абмыць» школьны атэстат, новы шынель, або каб абмеркаваць новы фільм, толькі што прагледжаны ў кіно. А ў пякарні Каплана на Дрывяным базары прадаваліся лепшыя ў горадзе «кайзеркі» — круглыя пшанічныя булачкі. У пекара Любега на сучаснай вуліцы 17 верасня — смачныя здобныя булкі з макам у выглядзе «напалеонкі», трохкутнага капелюша Банапарта. Гімназісты пасля наведвання кінатэатра «Пан» (цяпер «Чырвоная зорка») ласаваліся пончыкамі ў цукерні Кечкоўскага, якая стаяла насупраць. Ну чаму б не аднавіць для «Вялікага гасцінца Літоўскага» хаця б адну з гэтых даўніх пякарняў, цукерняў або кавярняў? Эх, мары! І слінкі... Дачакаемся?
А таксама пракласці, напрыклад, Палескі кулінарны шлях, з Берасця ў Пінск, не мінаючы Моталя, каб можна было ў ім пакаштаваць сушаных уюноў і палескую хатнюю вішнёўку.... Як жа да крыўднага мала рэстаратараў у нас задумваецца пра такія рэчы. Можа, гэтая гісторыя трапіцца на вока нейкаму гарадзенскаму сербу або азербайджанцу, і тады справы пойдуць?
Алесь БЕЛЫ.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.