Героі для сучаснага тэатра: ад Соф'і Гальшанскай да Уладзіміра Мулявіна
Беларускай драматургіі на тэатральнай сцэне становіцца больш. Нашы тэатры сталі звяртацца да гістарычных асоб, да айчыннай класічнай літаратуры, увасабляючы яе ў сучасным прачытанні.
Але ж у тэатры хочацца ўбачыць і сябе збоку, праз пастаноўкі пра беларусаў ХХІ стагоддзя — і вось пакрысе прыходзіць на сцэну беларуская «новая драма», добра вядомая за межамі нашай краіны… Размовы пра стан айчыннага тэатральнага мастацтва ажыўляюцца напрыканцы сакавіка — бліжэй да Міжнароднага дня тэатра. Свята — гэта нагода не толькі для радасці, але і для пэўнага аналізу: куды наш беларускі тэатр рухаецца. І што ў ім ёсць уласна беларускага? Таму прысутнасць на айчыннай сцэне п'ес, опер, балетаў і мюзіклаў беларускіх аўтараў і стала сёлета галоўнай тэмай для абмеркавання.
Якія ж фантастычныя людзі — служыцелі тэатра! У іх свята, ім бы разняволіцца ды… А яны не пра сябе, а ўсё пра яго, гледача, клапоцяцца: ствараюць для яго капуснікі, прэм'еры, ладзяць сустрэчы. І разважаюць пра сваё самае балючае:
— Уявіце сабе, што мы, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Горкага, які вядомы як «рускі», вырашылі пражыць сезон з беларускай драматургіяй! — пераконваў дырэктар тэатра Эдуард ГЕРАСІМОВІЧ.
— Калі нехта сумняваецца, што, маўляў, няма чаго ставіць, то мы тут іранізуем: беларуская класіка можа быць актуальная заўсёды. Напрыклад, Барыс Луцэнка ажыццявіў пастаноўку «Зацюканага апостала» Макаёнка. Спектакль атрымаў назву «Аракул». Быў аднойчы цікавы момант, калі мы атрымалі ананімную п'есу «Экзекутар» (працяг «Рэвізора»). Высветлілася потым, што аўтар яе Аляксей Дудараў, а працяг гогалеўскай тэмы аказаўся цікавы і актуальны для пастаноўкі на сцэне. Мы звяртаемся і да маладых беларускіх аўтараў. Мікалай Рудкоўскі напісаў інсцэніроўку паводле «Бесаў» Дастаеўскага. І можна сказаць, што наш тэатр сапраўды нацыянальны. Але нацыянальнае ў сучасным беларускім тэатры, на наш погляд, — гэта не толькі мова, а наогул прыналежнасць да пэўнай нацыі, актуальнасць тэм менавіта для яе. Мы сведчым: спектакль рускага драматычнага тэатра імя Горкага можа быць нацыянальным па духу. Такім, на нашу думку, павінен стаць новы праект «Пясняр», прысвечаны Уладзіміру Мулявіну, п'есу пра якога напісаў Васіль Дранько-Майсюк. Цяпер вырашаецца пытанне гэтай пастаноўкі з дапамогай дзяржфінансавання і часткова па-за бюджэтных сродкаў (спектакль даволі дарагі).
— Мы спрабуем і без вялікіх грошай нешта рабіць, — дадае Аляксандр ПЯТРОВІЧ, дырэктар Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра. Напрыклад, у нас з'явіўся першы беларускі мюзікл «Соф'я Гальшанская» на музыку Уладзіміра Кандрусевіча, які карыстаецца цікавасцю ў публікі ў Мінску. Але гэты спектакль мы плануем паказаць 24 мая ў Гальшанах на адкрытай пляцоўцы: прывязём гісторыю людзям, якія дыхаюць яе паветрам, часам не думаючы пра гэта…
— У Вялікім тэатры оперы і балета ў апошнія гады з'явіліся цікавыя беларускія творы: гістарычная опера Яна Голанда «Чужое багацце нікому не служыць», опера Дзмітрыя Смольскага «Сівая легенда» і балет Вячаслава Кузняцова «Князь Вітаўт». У балеце з'явіўся цікавы сучасны спектакль на музыку Алега Хадоскі «Зала чакання». Мы не збіраемся спыняцца. Ёсць планы абнавіць оперу Уладзіміра Солтана «Дзікае паляванне караля Стаха». Яна ёсць у афішы тэатра, але спектакль можа мець новае аблічча. Ёсць перспектыва, што будуць з'яўляцца іншыя беларускія творы: магчыма, балет Сяргея Картэса, які хацелася б паставіць у эксперыментальным стылі. Таксама цікавай падаецца опера Уладзіміра Солтана «Пані Ядзвіга», якая не была пастаўлена ў тэатры ў свой час. Але цяпер мы паглядзелі на яе па-новаму і вырашылі, што гэта можа быць цікава. Уладзімір Солтан — цудоўны кампазітар, меладыст. Калі б не заўчасная гібель, то яшчэ б нас шмат чым радаваў. Яго музыка падабаецца публіцы, таму мы вырашылі звярнуцца да непастаўленай оперы, — патлумачыў Уладзімір РЫЛАТКА, намеснік дырэктара Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі.
— Наш тэатр калісьці ствараўся дзеля таго, каб прапагандаваць беларускую драматургію, якой на пэўным этапе было мала, — адзначыў мастацкі кіраўнік Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Аляксандр ГАРЦУЕЎ. — Я б не сказаў, што гэтая праблема застаецца актуальнай да сёння. На ўсёй постсавецкай прасторы і нават па-за ёю гавораць пра маладых таленавітых аўтараў з Беларусі, якія ствараюць у рэчышчы «новай драмы». Нават у Манголіі ідзе спектакль паводле Дзмітрыя Багаслаўскага. У нас у тэатры ёсць адна пастаноўка «Ціхі шэпт сыходзячых крокаў». Я збіраюся паставіць п'есу «Любоў людзей». А ў маі плануем «Вечар сучасных беларускіх камедый». У тэатры розныя спектаклі павінны быць: не толькі тыя, якія ствараюцца «на публіку», каб людзі маглі адпачыць, але і сур'ёзныя, калі тэатр задае пытанні, абуджае да пошуку адказаў.
Калі мы маем наш беларускі тэатр, які існуе дзеля нашага грамадства, то разам са спектаклямі паводле сусветных аўтараў хочацца бачыць пастаноўкі, дзе ідзе размова пра наша жыццё, тых людзей, якія ствараюць сённяшнюю Беларусь, пра тое, чым яны жывуць і што для іх важна.
Ларыса ЦІМОШЫК.
«Хрустальную Паўлінку» — у добрыя рукі
Галоўную прафесійную тэатральную прэмію «Хрустальная Паўлінка» ў Міжнародны дзень тэатра атрымаў народны артыст Беларусі Тадэвуш КОКШТЫС, які працуе ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Я. Коласа.
«Хрустальны анёлак» за таленавітае жыццё ў лялечным тэатры прысуджаны артысту Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Аляксандру КАЗАКОВУ.
«Хрустальную зорку» за вялікі ўнёсак у развіццё тэатральнага мастацтва атрымала рэжысёр Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Горкага Валянціна ЕРАНЬКОВА.
«Хрустальная кветка» за яркі дэбют уручана артысту-вакалісту Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра Аляксандру ГЕЛАХУ.
Два дні былі насычаны ўнікальнымі выставамі, карыснымі праектамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі.
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».
Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.