Будынак Службы бяспекі Украіны ў Данецку і Харкаўская абласная дзяржаўная адміністрацыя па стане на 8 красавіка вызвалены ад прарасійскіх актывістаў. Пра гэта заявіў в.а. прэзідэнта Украіны, спікер Аляксандр Турчынаў. Акрамя таго, Турчынаў адзначыў, што ў час вызвалення Харкаўскай адміністрацыі супраць работнікаў праваахоўных органаў былі выкарыстаны «як зброя, так і ручныя гранаты, некалькі супрацоўнікаў праваахоўных органаў атрымалі цяжкія раненні». Міністр унутраных спраў Арсен Авакаў паведаміў, што 64 з 70 прарасійскіх актывістаў, затрыманых падчас антытэрарыстычнай аперацыі ў Харкаве, прадставіліся грамадзянамі Украіны.
Пасля сутыкненняў, якія адбыліся каля будынка абласной адміністрацыі ў Мікалаеве (абласным цэнтры на поўдні Украіны) у ноч на 8 красавіка, міліцыя затрымала 23 чалавекі. Па даных гарадскога ўпраўлення міліцыі, затрыманы ўдзельнікі сутыкненняў з абодвух бакоў. Паводле інфармацыі абласнога ўпраўлення аховы здароўя, у сутычках пацярпелі 15 чалавек, 11 з іх шпіталізаваны.
Тым часам Вярхоўная Рада прыняла папраўкі ў Крымінальны кодэкс Украіны, якія робяць больш жорсткай адказнасць за падрыў нацыянальнай бяспекі краіны. У прыватнасці, былі дапоўнены артыкулы Асаблівай часткі кодэкса 110 (замах на тэрытарыяльную цэласнасць і недатыкальнасць Украіны), 111 (дзяржаўная здрада), 113 (дыверсія), 114 (шпіянаж) і артыкул 279 (блакіраванне транспартных камунікацый, а таксама захоп транспартнага прадпрыемства). Дэпутаты павялічылі тэрміны турэмнага зняволення для рэцыдывістаў, якія здзейснілі гэтыя злачынствы, і ўвялі вышэйшую меру пакарання (пажыццёвае зняволенне) у выпадках, калі названыя вышэй дзеянні прывядуць да гібелі людзей або да іншых цяжкіх наступстваў.
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.