Відэлец — здавалася б, вельмі просты сталовы прыбор, тэхналагічна нават прасцейшы за лыжку. Але пакуль ён заняў сваё месца на стале, прайшло вельмі шмат часу — і гэта з-за забабонаў і стэрэатыпаў масавай свядомасці.
Відэлец выкарыстоўвалі яшчэ старажытныя грэкі і рымляне, пра што сведчыць мноства археалагічных знаходак. Ён нават згадваецца ў Бібліі (кніга Самуэля, 2:13). Але напачатку ён не быў індывідуальнай прыладай для ежы, а выкарыстоўваўся на кухні для раскладвання папярэдне нарэзаных кавалкаў мяса па талерках. Найбольш распаўсюджаным відэлец быў на Блізкім Усходзе, у тым ліку у Візантыі, і менавіта там ім пачалі карыстацца паасобку. Доўгі час відэльцы мелі два доўгія і прамыя зубцы — даўжэйшыя за тронкі (часцей за ўсё, касцяныя). Заходняя Еўропа (не кажучы пра Усходнюю і Паўночную), дзе з надыходам сярэдніх вякоў адбыўся пэўны рэгрэс у тэхналогіях і побыце, такой раскошы ўсё ж не ведала.
Візантыйская прынцэса Марыя Аргіра, якая ў самым пачатку ХІ стагоддзя выйшла замуж за дожа Венецыі, прывезла з сабой відэльцы. «Пальцамі да ежы не датыкалася, а прымушала еўнухаў наразаць яе на маленькія кавалачкі. Яна падчапляла іх адмысловай залатой прыладай з двума зубцамі і клала ў рот», — апісваў усходняе дзіва святы Пётр Даміяні. Аднак спачатку відэльцы былі ўспрыняты вельмі негатыўна, асабліва каталіцкай царквой. Магчыма, таму, што нагадвалі вілы — сталы іканаграфічны атрыбут шатана. Нават заўчасную смерць прынцэсы тлумачылі карай Божай за грахоўны відэлец. Тым не менш менавіта Італія, чые кантакты з Візантыяй былі найбольш трывалымі, паступова стала першай заходнееўрапейскай краінай, у якой відэлец стаў звыклым прадметам побыту. Але амаль паўтысячагоддзя за межамі Апенінскага паўвострава ім практычна не карысталіся.
З Італіі відэлец трапіў і ў Рэч Паспалітую. Лічыцца, што прывезла яго да нас Бона Сфорца
, жонка караля Жыгімонта Старога, разам са сваім італьянскім пасагам (1518 год). А ўжо ад каралеўскага двара моду паступова пераняла арыстакратыя. Лічыцца, што менавіта Польшча і Літва зрабіліся другім пасля Італіі цэнтрам відэльцавай моды. Нават у Францыю відэлец быццам бы трапіў з нашых краёў: кур'ёзны кароль польскі Генрых Валуа, які прасядзеў на троне ўсяго некалькі месяцаў, а потым уцёк дадому ў Парыж (1574 год), нічога не ўпадабаў у сваіх часовых «варварскіх» падданых, апроч відэльца. Калі ён стаў каралём дома, укараніў відэлец і там.
У Англію відэлец трапіў з Італіі толькі на пачатку XVІІ стагоддзя, і для яго замацавання ў побыце спатрэбілася не адно дзесяцігоддзе. Прыкладна адначасова відэлец стаў прывычнай прыладай і ў скандынаўскіх краінах. У гэты самы час упершыню ўбачылі яго і ў Расіі. Прывезла яго туды Марына Мнішак, жонка самазванца Ілжэдзмітрыя І. На вяселлі Марыны і самазванца відэлец надзвычайна шакіраваў рускае баярства і духавенства, як і іншыя заходнія «вычварэнствы». А вось палякі дагэтуль ганарацца тым, што адыгралі такую значную ролю ў распаўсюджванні відэльца па ўсёй Еўропе — ад Францыі да Расіі.
З «сармацкіх» часоў захавалася прыказка: «Лыжка за халявай, а відэлец — на стале». Справа ў тым, што лыжку дробная шляхта насіла з сабой за халявай ботаў, а відэльцаў не мела ўвогуле, і толькі на раскошных сталах магнатаў, за якія яе клікалі падчас сеймікаў, магла іх убачыць. І тое не заўжды: абавязковае забеспячэнне кожнага госця нажом і відэльцам пры каралеўскім двары звязваюць толькі з каралём Аўгустам ІІ (сярэдзіна XVІІІ стагоддзя).
У XVІІІ стагоддзі ў Францыі і Германіі ў відэльцаў з'явіліся 3 або нават 4 зубцы (як прынята і сёння), і іх сталі выгінаць дугой, каб відэльцам было прасцей зачэрпваць сыпкую ежу. Такая форма досыць хутка распаўсюдзілася і ў прывілеяваных класаў Рэчы Паспалітай. Для параўнан-
ня, у Англіі да пачатку ХІХ стагоддзя захоўваліся традыцыйныя відэльцы з двума доўгімі зубцамі. Ну, а для сялянскай большасці Беларусі відэлец заставаўся невядомым ледзь не да сярэдзіны ХХ стагоддзя, калі ён шырока распаўсюдзіўся дзякуючы войску і грамадскаму харчаванню.
Алесь Белы
Эксперты адказалі на распаўсюджаныя пытанні аб зменах у пенсіённым забеспячэнні.
Шматмільярдны бізнес ні перад чым не спыняецца, у тым ліку не шкадуе здароўя людзей.
«Нават калі б не было медаля, з Парыжа я б ехаў самым шчаслівым».