Вы тут

Архітэктура ў мініяцюры


Сталічныя гімназісты самі ствараюць макеты старажытных пабудоў

Гісторыя часам бывае рукатворнай. І нават калі сівыя стагоддзі паглынулі і сцерлі пазнакі мінуўшчыны, чалавек здольны ўсё выправіць. Гэтым і займаюцца ў сталічнай гімназіі № 75 імя Масленікава — дзеці разам з выкладчыцай ствараюць макеты-рэканструкцыі беларускіх архітэктурных помнікаў, якія, у большасці выпадкаў, не захаваліся.

24-18

24-18

 

Напачатку ў гэта складана паверыць: звычайныя школьнікі, а дакладней, гімназісты, самі робяць гістарычна дакладныя копіі айчынных культавых збудаванняў. Відавочна, што не абышлося тут без таленавітага кіраўніка. І ён сапраўды ёсць — Таццяна Вайтэнка па адукацыі архітэктар, 26 гадоў працавала ў гэтай прафесіі. Аднак і ў сферы адукацыі яна не навічок, за яе плячыма 17 гадоў настаўніцкай дзейнасці. Таццяна Вайтэнка расказала карэспандэнту «Звязды», што ўсе макеты зроблены прафесійна, улічваючы тэхналогію і стандарты такой працы:

— Да стварэння свайго макета дзеці рыхтуюцца з ранняга ўзросту. У 6-7 класе яны пачынаюць вывучаць паперапластыку, архітэктурныя стылі, і затым робяць праект. А тыя, хто сапраўды зацікаўлены архітэктурай і плануе звязаць з ёй сваю будучыню, робяць выніковую працу — макет рэканструкцыі сядзібы або іншага архітэктурнага помніка, часцей за ўсё разбуранага або зніклага. Такім чынам мы аднаўляем старонкі гісторыі нашай Бацькаўшчыны. Падчас працы над макетам мы едзем на тое месца, дзе знаходзіўся гэты помнік гісторыі, праводзім абмеры, гутарым з мясцовымі жыхарамі, працуем у архівах. Больш за тое, мы звязваемся з рознымі людзьмі, напрыклад калекцыянерамі, і любымі магчымымі спосабамі імкнёмся атрымаць старадаўнія чарцяжы, гравюры, па якіх аднаўляем страчанае. Мы супрацоўнічаем таксама з беларускімі рэспубліканскімі рэстаўрацыйнымі майстэрнямі, якія кансультуюць нас у складаных пытаннях. Таму ўсе нашы макеты адпавядаюць гістарычнай праўдзе.

Уражвае і тое, што ўсе свае працы дзеці робяць на факультатыўных занятках, якія па раскладзе стаяць усяго адзін раз на тыдзень. Аднак калі з'яўляецца сапраўдная зацікаўленасць, гэтай справе гімназісты прысвячаюць увесь свой вольны час: робяць іх і пасля заняткаў, і нават дома.

Адна з апошніх прац, зробленых у гімназіі, — макет-рэканструкцыя касцёла Узнясення Дзевы Марыі, які размяшчаўся ў вёсцы Дуброва Маладзечанскага раёна. Яго стварыла выпускніца 11 «А» класа Дар'я ХАМЯКОВА. Яна так расказала пра свой дыплом:

— Мая праца надзвычай важная для мяне, бо яшчэ з дзяцінства я цікавілася архітэктурай і задавала пытанне: «Чаму дамы такія высокія, але не падаюць?». Навучаючыся ў гімназіі, я зразумела, як архітэктура можа ўплываць на чалавека і натхняць яго. Часцей за ўсё дамы будуюць, зазіраючы наперад, аднак варта памятаць і выкарыстоўваць досвед мінулых пакаленняў, увасоблены ў помніках архітэктуры. Аднак сёння, на жаль, большасць з іх разбурана.

У гімназіі ёсць традыцыя зробленыя макеты дарыць музеям або іншым установам, якія знаходзяцца побач з месцам колішняга размяшчэння гэтых помнікаў. Так, мініяцюрны касцёл (у маштабе 1:100), зроблены Дар'яй Хамяковай, быў урачыста перададзены супрацоўніку палацава-паркавага комплексу ў Сёмкаве Паўлу Каралёву.

Дарэчы, жаданне наведаць гімназію № 75 выказалі шматлікія госці з замежжа, удзельнікі ІX Беларускага міжнароднага медыяфоруму. Падчас іх візіту прафесар, доктар філасофскіх навук Цін ЭДУАРД з Эстоніі адзначыў:

— Скажу шчыра, я здзіўлены, што школьнікі займаюцца такой сур'ёзнай справай. Нідзе ў свеце я не бачыў такога. Гэта паказвае, што вы вельмі здаровая нацыя, бо трэба ведаць і любіць сваю гісторыю. У Беларусі столькі загінула з таго, што было раней, аднак вы ўсё гэта ўзнаўляеце — значыць, з'яўляецца любоў да Бацькаўшчыны і эстэтычнае разуменне прыгожага. Я чытаю лекцыі студэнтам у Маскве, і яны часам ледзь-ледзь адрозніваюць, дзе класіцызм, а дзе барока. А тут школьнікі не проста разбіраюцца ў гэтым, але ведаюць і адчуваюць усё знутры.

24-16

24-16

 

У розныя куткі краіны гімназістамі перададзена каля 30-ці макетаў-рэканструкцый.

У гімназіі ёсць спецыяльная карта Беларусі, на якой змешчаны фотаздымкі тых макетаў, якія ўжо перададзены ў розныя куткі краіны — усяго каля 30-ці мадэляў. Глядзіш на іх — і вачэй не можаш адарваць. Уражвае архітэктурная разнастайнасць, непадобнасць адзін да аднаго. Сучасныя помнікі гісторыі, якія захаваліся, часта маюць шмат агульнага — ці то час, ці то будаўнікі і рэстаўратары іх нівеліравалі. Аднак гэтая карта вабіць непадобнасцю архітэктуры: выразна праглядаюцца розныя стылі, прызначэнне аб'ектаў, матэрыялы, з якіх яны былі зроблены, — воблік розных эпох паўстае сам сабой... Вось вялізная драўляная царква з маленечкімі цыбулінкамі, вось шыкоўны прасторны палац у стылі неаготыкі, а вось мураваны храм, які, акрамя малітоўнай, выконвае і абарончую функцыю. Якой жа рознай была Беларусь у мінулыя часы, якой прывабнай і непаўторнай! І няхай гэтае багацце да нас не дайшло, хаця б так, праз макеты-рэканструкцыі мы можам ім любавацца.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.