Вы тут

Яўген Багданоўскі: «Хочаце зарабляць грошы — ідзіце ў футбол ці хакей. Бокс не для гэтага»


Ён гуляў у футбол, але стаў прафесійным баксёрам, марыў пра алімпійскае «золата», але пакінуў аматарскі спорт, не вітае бойкі на вуліцах і лічыць, што славянскі дух дапамагае ў перамозе. Сёння госць «Звязды» — чэмпіён Беларусі па боксе ў паўцяжкай вазе Яўген Багданоўскі.

— Якімі былі твае першыя крокі ў спорце?

— Як і ўсе дзеці, займаўся многімі відамі спорту, нейкі час гуляў у футбол. У нас, у Жодзіне, ёсць футбольны клуб «Тарпеда-БелАЗ» (тады ён называўся «Тарпеда-Жодзіна»). Аднак з футболам не склалася, і з-за збегу абставін трапіў у бокс. У доме, дзе я жыў, у паўпадвальным памяшканні была баксёрская зала. Выглядала яна, вядома, жудасна, як у кіно: з труб капала вада, было ўсяго дзве грушы, а памер памяшкання — прыкладна 7 на 5 метраў. Займацца там было вельмі цяжка, часам дыстанцыя паміж спартсменамі складала не больш за 30 сантыметраў, але было вялікае жаданне, таму нічога не бянтэжыла. Плюс да ўсяго, у мяне быў вельмі добры трэнер, які ўмеў зацікавіць боксам.

— Ты прайшоў доўгі шлях да тытула чэмпіёна Беларусі?

— У 2010 годзе з аматарскага бокса я перайшоў у прафесійны, мяне пачаў трэніраваць Эдуард Іосіфавіч Дубоўскі. Выдатны чалавек, вельмі каларытная постаць у беларускім боксе. У мінулым сам добры баец, ён уваходзіў у зборную СССР, з'яўляецца першым у Беларусі майстрам спорту міжнароднага класа па боксе. Чалавек, які душой хварэе за гэты від спорту і зараджае ім маладых спартсменаў.

Трэніраваліся ў звычайным рэжыме. У прафесіяналаў турніры праходзяць рэдка — у асноўным гэта адзінкавыя баі. Набіраў сабе рэйтынг, рыхтаваліся да канкрэтных паядынкаў, вывучалі сапернікаў, падбіралі спарынг-партнёраў. Так і дайшлі да бою за званне чэмпіёна Беларусі.

— Нядаўна табе ўпершыню давялося абараняць сваё званне...

— Так, я абараніў сваё чэмпіёнскае званне. Для гэтага мне спатрэбілася каля трох хвілін, я атрымаў перамогу тэхнічным накаўтам. Псіхалагічна абараняць тытул заўсёды цяжэй, чым заваёўваць: табе ўжо ёсць што губляць, а саперніку — не.

— Яўген, але ж толькі ў аматарскім боксе можна дасягнуць звання алімпійскага чэмпіёна. Ты без шкадаванняў перайшоў у прафесіяналы?

— Мара кожнага спартсмена — алімпійскае «золата»! І я не выключэнне, таксама марыў пра гэта. Але ў нейкі момант зразумеў, што магу гэтага і не дасягнуць, ды быў і яшчэ шэраг фактараў, з-за чаго я вырашыў перайсці ў прафесіяналы. Прафесійны бокс сёння — гэта спалучэнне спорту і вялікага шоу. Гэта мне па душы, тут я адчуваю сябе больш камфортна. Ні аб чым не шкадую і думаю, што сярод прафесіяналаў у мяне ёсць магчымасць дамагчыся большага. Гэта даказвае і практыка: у маім пасіве толькі адно паражэнне. І то ў дэбютным паядынку.

— У чым асноўныя адрозненні прафесійнага бокса ад аматарскага?

— Аматары выступаюць у масках і майках. У нас усё гэта адсутнічае. Таксама па жорсткасці ў нас адрозніваюцца пальчаткі. У прафесіяналаў на рукі накладваецца спецыяльны тэйп. Ну і галоўнае адрозненне — у колькасці раўндаў: у аматараў — тры па тры хвіліны, у прафесіяналаў іх можа быць нашмат больш. З-за гэтага шмат часу ідзе на сілавую падрыхтоўку і вынослівасць.

— Што скажаш пра беларускі прафесійны бокс?

— Вядома, нам ёсць куды расці. У нашай краіне праводзіцца не так шмат турніраў па боксе. Вось летась быў чэмпіянат Еўропы, але гэта сярод аматараў. Асноўная частка турніраў, дзе мы ўдзельнічаем, праходзіць у Еўропе — часцей гэта Польшча ці Германія. І ў Мінску, і наогул у Беларусі хапае прафесійных баксёрскіх клубаў — гэта добра! У свеце паважаюць беларускіх баксёраў. Мы рэгулярна становімся прызёрамі і ў асабістых, і ў камандных спаборніцтвах. Нядаўна спаборнічалі ў Германіі і толькі ў апошнім паядынку ўступілі гаспадарам. Плюс да ўсяго наша асаблівасць — гэта славянскі дух, так што няхай нас баяцца.

— Ці паступалі прапановы з-за мяжы?

— У мяне быў кантракт з польскім менеджарам Дарэкам Снарскім. Для палякаў ён значная фігура, добры трэнер і менеджар. Многія хлопцы з Беларусі працавалі з ім. У Польшчы я атрымаў вялікі вопыт міжнародных турніраў. Тады мне было 18 гадоў і, можна сказаць, там я дэбютаваў у прафесійным боксе. Было вельмі цікава. У Еўропе трэніруюцца крыху па іншай сістэме. Чэхі, немцы — кожны прапагандуюць свой бокс. Гэты вопыт, у тым ліку, прывёў мяне да чэмпіёнства ў Беларусі.

— Чым адрозніваецца беларуская школа бокса ад еўрапейскай?

— Беларуская школа — пераемніца савецкай. Гэта строгае вядзенне паядынку, як быццам па падручніку. Ніводнага лішняга руху, усё выразна. Немцы многае перанялі ў нас, таму што шмат савецкіх трэнераў паехала працаваць у Германію. Еўрапейская школа бокса не так адрозніваецца ад нашай, як амерыканская. Там баксёры — «гульцы», працуюць на публіку. Для іх бокс — гэта ў большай ступені шоу. Яны могуць з лёгкасцю апусціць рукі ад галавы, выклікаць саперніка на сябе, справакаваць, уступіць у славесны кантакт з публікай. Прызнаюся, мне гэта бліжэй, не люблю строгае вядзенне бою. Паўтаруся, прафесійны бокс — гэта ўсё ж такі шоу. Публіка прыходзіць і плаціць грошы за тое, што ты ствараеш відовішча. Напрыклад, як гэта рабіў Рой Джонс. Не толькі вялікі баксёр, але і выдатны шоумен.

— Калі лічыць прафесійны бокс шоу, то ў ім павінны працаваць добрыя менеджары і прамоўтары. У Беларусі яны ёсць?

— Да ўзроўню амерыканскіх шоу нам яшчэ далёка. Часта беларускім спецыялістам дапамагаюць арганізоўваць баі замежныя спецыялісты. Шоу пачынаецца з працэдуры ўзважвання. Баксёраў выводзяць тварам да твару. Пачынаецца супрацьстаянне, хто першы міргне. Хтосьці рэагуе на гэта спакойна, хтосьці махае рукамі. Далей — маляўнічы выхад, кожны баксёр выбірае сабе музыку. Я, напрыклад, аддаю перавагу рэпу. Неад'емная частка — дзяўчаты, якія выносяць таблічкі. У аматарскім боксе нічога такога няма, таму, вядома, у нашым відзе вялікую ролю адыгрываюць і прамоўтары, і менеджары, а таксама многае залежыць ад фінансаў, рэкламы, ад таго, наколькі рэйтынгавыя баксёры ўдзельнічаюць у баі.

Наша асаблівасць — гэта славянскі дух, так што няхай нас баяцца.

16-4

— Якія ганарары ў беларускіх баксёраў?

— Калі вы хочаце зарабляць — ідзіце лепш у футбол ці хакей. Я не магу сказаць, што беларускія баксёры жабруюць, але ганарары ў нас вельмі адрозніваюцца ад еўрапейскіх, і тым больш — ад амерыканскіх.

— Табе ўсяго 22 гады, твая спартыўная кар'ера ў самым разгары. Чаму ты пачаў займацца трэнерскай працай?

— Таму што я люблю бокс! Гэта больш маё хобі, чым праца. Калі я прыязджаю дадому ў Жодзіна, мне хочацца дапамагчы нашым трэнерам у родным горадзе. У Мінску, напэўна, гэтага б я не рабіў. У мяне там ёсць нядрэнныя хлопцы 1997-1998 гг. нараджэння. Я бачу ў іх перспектывы. Мы выязджаем на турніры, яны добра там сябе паказваюць. У жодзінскага бокса добрая будучыня. Акрамя мяне, там працуюць выдатныя трэнеры, якія ведаюць сваю справу.

— Спартсмены змагаюцца за ачкі, хвіліны, метры. Што стымулюе баксёра біць чалавека?

— Кожны баксёр выходзіць на рынг па перамогу, і толькі па перамогу. Мы шмат часу трацім на падрыхтоўку — гэта цяжкая праца. Таму, калі выходзіш на бой, не хочацца падвесці сваю каманду і ўсіх, хто за цябе «хварэе».

— Ці можна атрымаць задавальненне ад працы, дзе цябе б'юць ці ты б'еш?

— Можна. Ад кожнага бою я атрымліваю пэўную порцыю адрэналіну. А калі прайграю, адразу пачынаю работу над памылкамі, пераглядаю паядынкі, адзначаю, што зрабіў не так, аналізую свае дзеянні. Я вельмі самакрытычны.

— Здараліся бойкі на вуліцы?

— Так, бывала рознае. Але ў асноўным, вядома, спрабую стрымліваць сябе, зводзіць усе канфлікты да жарту. Але часам усё роўна даводзіцца абараняцца. Першы ніколі не пачынаў бойкі. Я не аматар боек на вуліцы, ніколі не ініцыірую гэта.

— Крыўдзіць стэрэатып, што баксёр, мякка кажучы, не вызначаецца розумам?

— Не, не крыўдзіць. Гэта кажуць людзі, якія не ведаюць баксёраў, не разумеюць нічога ў спорце. Не вельмі разумных людзей хапае ўсюды. Гэта не залежыць ад роду дзейнасці. Напэўна, і ў боксе такія ёсць, але не ўсе — дакладна.

— Каго з сусветных баксёраў ты лічыш лепшым?

— Амерыканца Роя Джонса! Я лічу, гэта вялікі баксёр. Праўда, думаю, яму ўжо не варта было вяртацца на рынг пасля таго, як ён абвясціў аб завяршэнні сваёй кар'еры. Пасля вяртання ў яго пайшла чарада паражэнняў. Тым не менш, ён быў вялікім, таму што рабіў на рынгу ўсё, што хацеў. Ён ствараў сапраўднае шоў. Да таго ж, ён піша вельмі добрую музыку і пад яе выходзіў на рынг.

На сёння найлепшы баксёр — Флойд Мэйуэзер. У яго самыя высокія ганарары ў прафесійным боксе. Многія яго не любяць, папракаюць за тое, што ён баксіруе з занадта слабымі сапернікамі. Тым не менш, у чалавека няма ніводнага паражэння, ён выйграў 54 паядынкі.

З беларусаў мне падабаецца Сяргей Рабчанка, чэмпіён свету і Еўропы.

— Бокс для цябе гэта — ...

— ... гэта маё жыццё. Гэта і хобі, і работа, і захапленне. Гэта тое, што ўжо на працягу 9 гадоў са мной.

— Што акрамя бокса?

— Я вельмі люблю футбол і хакей. Гуляю сам, гляджу па тэлевізары, наведваю стадыён.

— З кім з сусветных баксёраў хацеў бы сустрэцца на рынгу?

— Вядома, з Флойдам Мэйуэзерам!

— Не баішся?

— Не. Праўда, мне давялося б вельмі «падсушыцца» або Мэйуэзеру набраць вагу.

— Твая мэта ў спорце?

— Перамагаць! Усё роўна — каго і дзе. Галоўнае — перамагаць! І быць нумарам 1-м хаця б у Беларусі.

Дар'я Лабажэвіч

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.