Вы тут

Школа павінна напоўніцца энергіяй маладых!


Сталічную сістэму адукацыі можна параўнаць з адной вялікай эксперыментальнай пляцоўкай. У мінулым навучальным годзе ў Мінску стартаваў праект «Электронная школа». У Ліцэі БДУ функцыянуе «Віртуальная школа». Пяць сталічных школ удзельнічаюць у эксперыменце па ўкараненні галіновай сістэмы аплаты працы педагогаў. У мінскіх школах адкрываюцца інтэграваныя класы для дзяцей з расстройствамі аўтыстычнага спектра. На базе мінскіх навучальных устаноў створаны пляцоўкі па апрабацыі незалежнай атэстацыі школьнікаў за курс базавай школы. У мікрараёне «Маяк» уведзена ў строй эксперыментальная школа — унікальная не толькі для Мінска, але і для ўсёй Беларусі. Пра інавацыі і «падводныя камяні», без якіх ніколі не абыходзіцца ўкараненне новага, мы гутарым са старшынёй Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Міхаілам МІРОНЧЫКАМ.

25-28

25-28

 

— Міхаіл Уладзіміравіч, вось ужо больш як год ва ўстановах адукацыі горада праходзіць апрабацыя сістэмы «электронны журнал — дзённік» і электроннай карткі навучэнца. Ці можна ўжо рабіць нейкія высновы?

— Вынікі апрабацыі паказалі высокую зацікаўленасць усіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу, уцягнутых у праект. Калі эксперымент запускаўся, для яго спецыяльна падбіраліся навучальныя ўстановы з розным узроўнем матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння, каб убачыць тыя моманты, якія трэба дапрацоўваць, развіваць і пазіцыянаваць як далейшы шлях развіцця ў плане інфарматызацыі ўстаноў адукацыі. Напрыклад, для ўкаранення электроннай карты навучэнца патрабуецца наяўнасць пэўнай інфраструктуры ў школе. Укараніць электронныя журналы і дзённікі аказалася прасцей, чым зрабіць з карткі навучэнца не просты электронны пропуск у школу і ключ аўтарызацыі ў камп'ютарнай зале, а ўбудаваць яе ў інфраструктуру «Разумнага горада». Каб школьнік меў магчымасць карыстацца самымі рознымі карыснымі сэрвісамі: задзейнічаць картку ў гарадскім пасажырскім транспарце, расплачвацца за харчаванне ў школьнай сталовай... Да таго ж патрабуецца граматная тлумачальная работа і давядзенне да бацькоў інфармацыі, што гэта не татальнае сачэнне за дзецьмі, не парушэнне іх правоў, не ўварванне на іх асабістую тэрыторыю. Цяпер вырашаюцца арганізацыйныя пытанні з Мінсктрансам і Галоўным упраўленнем спажывецкага рынку Мінгарвыканкама: што яны павінны зрабіць са свайго боку, а што павінны зрабіць школа і банк. Разлічваем, што да канца 2015 года ўсе школы будуць абсталяваны патрэбнымі тэхнічнымі прыладамі і змогуць укараніць электронную картку.

Што тычыцца другой часткі праекта, то найбольш высокі ўзровень зацікаўленасці да адмены папяровага дзённіка праявілі навучэнцы, адзначыўшы зручнасць у атрыманні актуальнай інфармацыі па хатніх заданнях і школьных падзеях у любы час пры дапамозе любога персанальнага камп'ютарнага прыстасавання, падключанага да інтэрнэту. Праект паказаў таксама актыўны ўдзел у сістэме і інтарэс да яе бацькоў, якія могуць не толькі глядзець адзнакі сваіх дзяцей, але і атрымліваць файлы з каментарыямі настаўніка. У педагога ёсць магчымасць патлумачыць, чаму, напрыклад, ён паставіў дзіцяці тую ці іншую адзнаку.

Мы пераканаліся, што адзін з самых важных аспектаў для паспяховага ўкаранення ў адукацыйны працэс сістэмы «электронны журнал — дзённік» — гэта ўкараненне базавага пакета доступу да электроннага журнала, што дазваляе стварыць аснову для цэнтралізаванага прадастаўлення паслуг усім удзельнікам адукацыйнага працэсу. А стрымлівае ўкараненне электроннага журнала так званая «двайная бухгалтэрыя» і выкананне настаўнікам двайной работы — неабходнасць запаўнення электроннага і папяровага журналаў. Адмена папяровых журналаў стала б сапраўднай палёгкай для настаўніка.

Сёння стаіць праблема сур'ёзнай тэхнічнай падтрымкі сетак школ — ІТ-спецыялістаў не хапае. Не заўсёды хапае магутнасці інтэрнэт-падключэння. Узнікаюць пытанні з мабільнасцю педагогаў. Было б добра аснасціць настаўнікаў планшэтамі, каб яны не гублялі час для ўнясення ўсіх патрэбных звестак. Гэта было б добрым матывавальным сродкам для педагогаў і адначасова ўзняло б іх імідж. Але для гэтага патрабуецца прыцягненне спонсарскіх сродкаў. Патрабуецца таксама прыняцце на ўзроўні краіны палажэння аб дыстанцыйным навучанні ў сістэме агульнай сярэдняй адукацыі.

— «Разумныя» прыстасаванні са сферы высокіх тэхналогій усё больш актыўна прапісваюцца ў нашых школах: інтэрактыўныя дошкі, інтэрактыўныя панэлі, электронныя мікраскопы, планшэты і электронныя кнігі... А ці не атрымаецца так, што сучасныя тэхналогіі захопяць школьнікаў больш, чым вучэбны матэрыял?

— Сучасны школьнік сёння ўспрымае ўсе гаджэты лічбавага свету як натуральнае для яго асяроддзе. Для падрастаючага пакалення працэс засваення тэхналогій адбываецца без праблем, прычым незалежна ад гуманітарных або тэхнічных схільнасцяў школьніка, у той час як старэйшаму пакаленню даводзіцца сябе пераадольваць, каб засвоіць тэхнічныя навыкі. Таму, калі настаўнік не выкарыстоўвае ў адукацыйным працэсе ІТ-тэхналогіі, узнікае сітуацыя разрыву паміж пакаленнямі і непаразумення, што ў выніку негатыўна адбіваецца і на якасці адукацыі.

— А як у сталіцы справы з укараненнем профільнага навучання на старэйшай ступені школы?

— У гэтым навучальным годзе ў 195 з 368 дзясятых класаў школ, гімназій і ліцэяў вывучэнне асобных прадметаў вядзецца на павышаным узроўні. У гімназіях адкрыта 136 профільных класаў і 59 класаў — у школах. 75 класаў маюць фізіка-матэматычны напрамак (1596 навучэнцаў), 83 — філалагічны (1956 навучэнцаў), 15 — хіміка-біялагічны (364 навучэнцы), 3 — грамадазнаўчы і 2 — эканамічны. Таксама дзейнічаюць 17 мультыпрофільных класаў і класаў з дзвюма мадэлямі.

Калі паглядзець, як навучэнцы дзясятых класаў размеркаваліся па напрамках навучання, то каля 44% з іх выбралі філалагічны напрамак, амаль 42% — фізіка-матэматычны, 10,8% — хіміка-біялагічны і 1,7% — грамадазнаўчы і гісторыка-правазнаўчы.

— На жнівеньскім форуме педагагічных работнікаў вы ўзнялі вельмі злабадзённую тэму — звужэнне беларускага сегмента ў адукацыйнай прасторы сталіцы і знікненне ў некаторых раёнах горада беларускамоўных класаў і груп. Дазволю сабе вас працытаваць: «Безумоўна, значна прасцей скараціць, закрыць, ліквідаваць. Між іншым, маладых бацькоў, якія хацелі б вучыць дзяцей па-беларуску, у горадзе шмат». Як вы лічыце, што трэба зрабіць, каб беларуская мова вярнулася ў нашы школы?

— Я казаў, што ў гэтым пытанні вельмі шмат залежыць ад асабістай пазіцыі кіраўніка ўстановы адукацыі. У Мінску дзейнічае пяць гімназій з беларускай мовай навучання, якія вельмі годна выконваюць місію па адраджэнні і захаванні не толькі беларускай мовы, але і культурных традыцый. Аднак відавочна, што для горада з амаль двухмільённым насельніцтвам гэтага недастаткова.

У сталіцы дзейнічае дастаткова развітая сетка беларускамоўных груп у дзіцячых садках. Але бацькі, аддаючы дзіця ў беларускамоўны садок, павінны быць упэўнены, што затым дзіця зможа прадоўжыць навучанне на беларускай мове ў школе, ліцэі, каледжы, ВНУ. Павінна захоўвацца пераемнасць у навучанні. З маладымі бацькамі, якія хацелі б вучыць сваіх дзяцей па-беларуску, трэба працаваць.

Хачу зазначыць, што ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі праводзіцца шмат мерапрыемстваў па папулярызацыі беларускай мовы. Для вучняў 6—10 класаў праходзіць гарадская інтэрнэт-алімпіяда па вучэбных прадметах «Беларуская мова» і «Беларуская літаратура». Для вучняў 9-11 класаў арганізуецца гарадскі конкурс работ даследчага характару (канферэнцыя) па беларускай мове і літаратуры.

Праведзены гарадскі паэтычны конкурс, прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння Максіма Танка. У рамках гарадскога фестывалю мастацкай і інтэлектуальнай творчасці «Паклонімся вялікім тым гадам» прайшоў конкурс чытальнікаў твораў беларускіх пісьменнікаў на тэму Вялікай Айчыннай вайны.

Рэгулярна ладзяцца сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі, арганізавана выданне насценных газет, часопісаў, прысвечаных жыццю і творчасці беларускіх пісьменнікаў, пытанням развіцця беларускай мовы і літаратуры. Праводзяцца віктарыны, літаратурныя конкурсы, ранішнікі, святы, тэматычныя вечарыны, прысвечаныя творчасці беларускіх пісьменнікаў... І ўсё ж такі беларускі сегмент у адукацыйнай прасторы сталіцы трэба пашыраць, паколькі фарміраванне ў маладога пакалення нацыянальнай самасвядомасці непарыўна звязана з паважлівым стаўленнем да роднай мовы.

— На тым жа форуме міністр адукацыі звярнуў увагу на тое, што ў мінскіх школах не вельмі заклапочаны ўзнаўленнем педагагічных кадраў. Маўляў, настаўнікі не агітуюць за прафесію педагога. Ці згодны вы з такой пастаноўкай пытання?

— Мяркую, што сёння трэба казаць увогуле аб прэстыжы педагагічнай прафесіі і статусе педагогаў у грамадстве. Згодны з тым, што кожны сапраўдны педагог павінен падрыхтаваць сабе змену. І лепшай агітацыяй з'яўляецца прафесійная дзейнасць педагога. На нядаўняй сустрэчы з маладымі педагогамі ў рамках Мінскага маладзёжнага фестывалю педагагічных ідэй і рашэнняў я цікавіўся, хто ці што прывяло іх у прафесію. І практычна кожны казаў, што быў у іх жыцці педагог, на якога хацелася быць падобным...

— Мінск — горад вялікіх магчымасцяў, у тым ліку і ў плане працаўладкавання. Што ў сталіцы робіцца для таго, каб спыніць адток маладых педагогаў з устаноў адукацыі?

— Па-першае, малады педагог, які прыйшоў ва ўстанову адукацыі, павінен адчуць, што яго там сапраўды чакалі. Значэнне мае абсалютна ўсё: як сустрэлі яго ў педагагічным калектыве, якія стварылі ўмовы... Натуральна, што ў педагога-пачаткоўца ўзнікае шмат пытанняў пры падрыхтоўцы да ўрока, пры запаўненні дакументацыі, арганізацыі выхаваўчай работы. Ці не пакінулі яго сам-насам з гэтымі праблемамі?

Таму ў кожнай установе адукацыі ў пачатку навучальнага года за маладымі спецыялістамі замацоўваюцца настаўнікі з кола найбольш вопытных педагогаў, якія дапамагаюць маладым калегам у іх прафесійным станаўленні. Ва ўстановах адукацыі, дзе працуюць больш як тры маладыя педагогі, арганізуецца работа школы маладога настаўніка. Своеасаблівай справаздачай работы школы настаўніка-пачаткоўца сталі ўжо традыцыйныя педагагічныя марафоны: у Фрунзенскім раёне сталіцы гэта «Залатыя крупінкі педагагічнага вопыту», у Кастрычніцкім — «Дзень маладога настаўніка», у Ленінскім — «Весткі з урокаў маладых педагогаў», у Партызанскім — «Першая проба».

Сёння мы робім стаўку на моладзь: школа павінна напоўніцца энергіяй маладых! Сучаснай школе патрабуюцца неардынарныя і шматгранныя маладыя педагогі. Напрыканцы кастрычніка ўжо трэці раз прайшоў Мінскі маладзёжны фестываль педагагічных ідэй і рашэнняў. Хочацца верыць, што ў сістэме сталічнай адукацыі назаўсёды захаваецца традыцыя, якая ідзе ад фестывалю — беражлівага, уважлівага стаўлення да маладога настаўніка, аказання яму ўсялякай падтрымкі.

Моладзь хвалюе жыллёвае пытанне. Тры гады таму Камітэту па адукацыі было выдзелена 120 месцаў у інтэрнаце па вуліцы Гінтаўта. Спадзяёмся, што педагогам будуць прадастаўляць і арэнднае жылле.

Безумоўна, матэрыяльныя атрыбуты — важныя, але яны — не адзіны крытэрый прэстыжнасці нашай прафесіі. Я ўвогуле лічу, што прэстыжнай нашу прафесію робяць самі педагогі — людзі, якія выконваюць самую важную місію на Зямлі. Толькі ўпэўнены ў сабе чалавек можа выклікаць павагу ў іншых. Настаўнік павінен быць для вучняў аўтарытэтам, аб'ектам для пераймання, а бацькі павінны стаць нашымі партнёрамі. Настаўнік — гэта не проста прафесія, а жыццёвае крэда.

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Старшыня Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Міхаіл Мірончык: «Школа павінна напоўніцца энергіяй маладых!»

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.